КЛІ́МАЎКА,
вёска ў Прыбыткаўскім с/с Гомельскага р-на, чыг. ст. на лініі Гомель—Чарнігаў. Цэнтр эксперым. базы «Гомельская». За 21 км ад Гомеля. 949 ж., 396 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі — гарадзішча.
т. 8, с. 341
КЛІМАШЭ́ЎСКАЯ (Ірына Уладзіміраўна) (н. 30.8.1928, Мінск),
бел. пісьменніца. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1960). У 1959—79 працавала ў газ. «Советская Белоруссия», «Советская культура» (уласны карэспандэнт па Беларусі), бюлетэні «Строительство и архитектура Белоруссии». Друкуецца з 1952. Піша на рус. мове. У зб-ках прозы «Сіні бор» (1960), «На доўгую памяць» (1978), «Пара кахання» (1984), «Шчасце і сэнс жыцця» (1986), нарысаў «Ключыкі і ключ» (1976), «Пятая пара года» (1980), «Ліст пра шчасце» (1989) праблемы выхавання, духоўнасці асобы, сцвярджэнне высокіх маральных прынцыпаў. Аўтар крыт. артыкулаў. Пераклала на рус. мову кн. С.Майхровіча «Жыццё і творчасць Ф.Багушэвіча» (1961), асобныя творы І.Навуменкі, Я.Скрыгана, У.Шахаўца і інш.
Л.С.Савік.
т. 8, с. 341
КЛІМЕ́НІІ (Clymeniida),
атрад вымерлых галаваногіх малюскаў надатрада аманітаў. Назва з грэч. міфалогіі (Клімена — німфа, дачка Акіяна). Каля 30 родаў. Жылі ў познім дэвоне — раннім карбоне (каля 350 млн. г. назад). На Беларусі рэшткі К. зрэдку трапляюцца ў адкладах фамену (верхні дэвон) у Прыпяцкім прагіне.
Дыяметр ракавіны 1—50 см. Плоскаспіральныя ракавіны мелі ганіятытавы тып лопасцевай лініі. Адметная рыса будовы — сіфон, які прылягаў да спіннога боку (у большасці аманітаў — да брушнога); сіфонныя дудкі значнай даўжыні. Па рэштках К. вызначаюць узрост геал. адкладаў.
т. 8, с. 342
КЛІМЕ́НКА (Ганна Пятроўна) (н. 10.3.1932, г.п. Арлоўка Кемінскага р-на, Кыргызстан),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыла Кіргізскі ун-т (1953). Настаўнічала. З 1966 працавала ў БДУ, з 1967 выкладае ў Мінскім дзярж. лінгвістычным ун-це. Даследуе англ. лексікалогію і псіхалінгвістыку. Аўтар навук. прац «Пытанні псіхалінгвістычнага вывучэння семантыкі» (1970), «Лексічная сістэмнасць і яе псіхалінгвістычнае вывучэнне» (1974), «Псіхалінгвістыка» (1982), вучэбна-метадычнага дапаможніка па псіхалінгвістычных метадах вывучэння семантыкі (1986) і інш.
Тв.:
Некаторыя псіхалінгвістычныя асаблівасці беларуска-рускага двухмоўя (разам з А.Я.Супруном) // Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982;
Сопоставительная лексикология английского и русского языков. Мн., 1986 (у сааўт.).
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 342
КЛІМЕ́НТ СМАЛЯ́ЦІЧ, Клім Смаляціч (?, Смаленск — пасля 1164),
мысліцель, царк. дзеяч, пісьменнік. У 1148 — каля 1155 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Адукацыю атрымаў, відаць, у Канстанцінопалі. Паводле летапісу, ведаў ант. л-ру, быў знаёмы з творчасцю Гамера, Платона, Арыстоцеля, быў кніжнікам і філосафам. Прыхільнік развіцця ўсходнеслав. культуры, адзін з першых абаронцаў незалежнасці рус. правасл. царквы ад Візантыі. Захаваўся адзіны літ. твор К.С. — «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме», у якім ён разважаў пра межы інтэрпрэтацыі Свяшчэннага Пісання, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Важнае месца ў яго светапоглядзе займалі ідэя няхцівасці, акцэнт на духоўным, вечным, непрыняцці ўсяго часовага, матэрыяльнага.
т. 8, с. 342
КЛІМКО́ВІЧ (Максім Аляксандравіч) (н. 21.10.1958, Мінск),
бел. пісьменнік. Сын А.Махнача. Скончыў БПІ (1980). Працаваў у час. «Бярозка», з 1995 — у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Белтэлерадыёкампаніі. Друкуецца з 1985. Аўтар дэтэктыўнай аповесці «Сцэнарый смерці» (1991), трылера «Каханка д’ябла» (1992, з М.Шайбаком), зб. аповесцей і навел «Мяжа па даляглядзе» (1994), пераказу Бібліі для дзяцей (1995, з Шайбаком), п’ес «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» (паст. 1993), «Чорны квадрат» (паст. 1995; абедзве з Шайбаком), сцэнарыяў маст. тэлефільмаў «У чаканні» (1995), «Апошняя роля» (1997, з У.Сцепаненкам) і дакумент. фільмаў. Творы К. вызначаюцца наватарскімі пошукамі, адметнай стылістыкай.
Т.Р.Ермаковіч.
т. 8, с. 342
КЛІМКО́ВІЧ (Міхась) (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),
бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розных літ. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.
Тв.:
Зб. тв. T. 1—2. Мн., 1959;
Лясное возера. Мн., 1946;
Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1962.
С.С.Лаўшук.
т. 8, с. 342
КЛІМКО́ВІЧ (Святлана Міхайлаўна) (н. 26.8.1935, Мінск),
бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.
Тв.:
Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;
Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.
т. 8, с. 342