Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ЗІМО́ВЫ ЛЕС»

(«Waldwinter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. брыгад 3-й і 4-й Беларускіх, «За Савецкую Беларусь», Сіроцінскай, «Няўлоўныя», атрадаў Бел. дыверсійнай брыгады імя Леніна, некалькіх спецгруп у трохвугольніку чыгунак Віцебск—Невель—Полацк 27.12.1942—25.1.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 286-й ахоўнай і падраздзяленнямі 391-й вучэбна-палявой дывізій, зондэркаманд з гасп. камендатуры Віцебска. Была працягам карнай аперацыі «Клетка малпы». Пасля жорсткіх баёў уздоўж р. Обаль большасці партыз. фарміраванняў удалося прарвацца цераз чыг. Полацк—Невель і вывесці з сабой тысячы мясц. жыхароў.

У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі 1627 чал., 2041 чал. вывезлі ў Германію, поўнасцю спалілі вёскі Аржавухава, Белае, Чарбамыслы з большасцю жыхароў, захапілі 7468 галоў жывёлы, 446,8 т збожжа і інш.

У.С.Пасэ.

т. 7, с. 69

ЗІМО́ВЫ СОН,

біялагічнае прыстасаванне некат. млекакормячых (напр., бурага мядзведзя, барсука, бурундука, вавёркі, хамяка, янота) да перажывання неспрыяльных кармавых і кліматычных умоў жыцця ў зімовы перыяд. На перыяд З.с. жывёлы назапашваюць тлушч, забіраюцца ў норы ці інш. сховішчы, не кормяцца. У адрозненне ад зімовай спячкі характарызуецца меншым зніжэннем т-ры цела і працэсаў абмену рэчываў (напр., у бурага мядзведзя т-ра апускаецца да 29 °C, абмен рэчываў зніжаецца на 30—35%). Працягласць і глыбіня З.с. залежаць ад т-ры навакольнага асяроддзя, запасаў тлушчу і фізіял. стану жывёлы. У час З.с. жывёлы не трацяць чуткасці, аналізуюць гукі і пры небяспецы пакідаюць сховішчы.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ЎКА ЖЫВЁЛ,

спосабы перажывання жывёламі неспрыяльных зімовых умоў ва ўмераных і высокіх шыротах. У беспазваночных такімі прыстасаваннямі з’яўляюцца цыклы развіцця, якія забяспечваюць іх выжыванне, напр., насякомыя перажываюць зіму на холадаўстойлівых фазах яец (многія жукі, матылі, саранча), лічынак (некат. жукі, камары, стракозы, цыкады) або кукалак (многія матылькі). Прыстасаваннем да зімоўкі з’яўляецца спячка, характэрная для некат. пайкілатэрмных жывёл (беспазваночныя, рыбы, земнаводныя, паўзуны), а таксама для шэрагу гамаятэрмных жывёл (млекакормячыя — вожыкі, кажаны, суркі, суслікі, соні і інш.); некат. млекакормячым уласцівы зімовы сон (буры мядзведзь, барсук, хамяк, янот і інш.). Птушкі, большасць млекакормячых і рыб, некат. насякомыя перасяляюцца на зіму ў інш. біятопы або р-ны з больш спрыяльнымі кліматычнымі ўмовамі і кармавой базай (гл. Міграцыі жывёл, Пералёты птушак). У многіх жывёл у выніку асенняй лінькі паяўляецца густая поўсць або пер’евае покрыва, якія зніжаюць цеплааддачу і ўтвараюць ахоўную афарбоўку. З восені жывёлы запасаюцца кормам або пераходзяць на больш даступны корм. Робяць сховішчы ў снезе, будуюць гнёзды. Дробныя птушкі і звяры зімой начуюць групамі, што памяншае аддачу цяпла. У час зімоўкі таксама праводзіцца ахова жывёл.

т. 7, с. 70

ЗІМО́ЎНІК,

памяшканне для зімовага ўтрымання пчаліных сямей у раёнах з халодным кліматам. Размяшчаюць на сухім участку, зацішным ад ветру. Адрозніваюць З.наземныя, паўпадземныя і падземныя. Іх памеры вызначаюцца колькасцю пчаліных сямей і тыпам вуллёў. Аптымальная т-ра ў памяшканні 0—4 °C, вільготнасць 75—85%.

Зімоўнік: 1 — фундамент; 2 — сцены; 3 — паддашкавае перакрыцце; 4 — вентыляцыйная труба; 5 — стэлажы для вуллёў; 6 — падпамоставыя вентыляцыйныя каналы.

т. 7, с. 70

ЗІМЯ́НІН Міхаіл Васілевіч

(21.11.1914, г. Віцебск — 1.5.1995),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1974). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1939). У 1940—46 1-ы сакратар ЦК ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну адзін з арганізатараў парт.-камсам. падполля і партыз. руху ў Беларусі. У 1947—53 сакратар, 2-і сакратар ЦК КПБ. З 1953 у Мін-ве замежных спраў СССР, надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у В’етнаме, Чэхаславакіі. З 1965 гал. рэдактар газ. «Правда», з 1966 старшыня праўлення Саюза журналістаў СССР. У 1976—87 сакратар ЦК КПСС. Чл. ЦК у 1945—54, Бюро ЦК КПБ у 1947—53. Чл. ЦК КПСС у 1952—56, 1966—89. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі КПСС у 1956—66. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—54, 1966—89, Вярх. Савета БССР у 1947—55.

Тв.:

Под знаменем ленинизма: Избр. статьи и речи. М., 1984.

М.В.Зімянін.

т. 7, с. 70

ЗІНАВЕ́НКА Галіна Уладзіміраўна

(н. 18.8.1934, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Д-р геолага-мінералаг. навук (1989). Скончыла БДУ (1956). З 1973 у Ін-це геал. навук. Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэктоніцы і карысных выкапнях стараж. платформ. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Палеотектоника Белоруссии. Мн., 1983 (у сааўт.);

Кембрий Белоруссии. Мн., 1985 (у сааўт.);

Балтийско-Приднестровская зона перикратонных опусканий. Мн., 1986;

Палеоокеан Япетус и корреляция геологических событий на западе Восточно-Европейской платформы // Літасфера. 1994. № 1.

т. 7, с. 70

ЗІ́НГЕР (Singer) Іцхак

(14.7.1904, в. Лявонцін, каля Варшавы — 27.7.1991),

яўрэйскі пісьменнік (пісаў на ідыш). З 1935 у ЗША. Першы раман «Сям’я Мушкат» (1950). З 1953 яго творы перакладаліся на англ. мову (некаторыя пераклады друкаваліся раней за арыгінал). Аўтар раманаў «Нявольнік» (1962), «Сядзіба» (1967), «Маёнтак» (1969), «Шоша» (1978), аповесцей. Майстар кароткага апавядання (зб. «Дурань Гімпл і іншыя апавяданні», 1957). Нобелеўская прэмія 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Шоша: Рассказы. М., 1991.

Г.В.Сініла.

І.Зінгер.

т. 7, с. 70

ЗІ́НГШПІЛЬ

(ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З.склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.А.Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.А.Бенда, К.Г.Нефе, І.Ф.Рэйхард. Тэксты для З.пісаў І.В.Гётэ. Станаўленне аўстр. З.звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т.л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.Дзітэрсдорфа, В.Мюлера і асабліва В.А.Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.Бетховен («Фідэліо»), Ф.Шуберт, К.М.Вебер, А.Лорцынг, О.Нікалаі, у венскай аперэце І.Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З.адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.А.Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

ЗІНДЖА́НТРАП

(ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),

выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см3. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.

т. 7, с. 71

ЗІ́НДЭР

(Zinder),

горад на Пд Нігера. Адм. ц. дэпартамента Зіндэр. Каля 150 тыс. ж. (1995). Вузел шашэйных дарог, канцавы пункт транссахарскай дарогі Лагуат—Айн-Салах — З. (Алжыр—Нігерыя). Міжнар. аэрапорт. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжавыя, бавоўна, арахіс, жывёлагадоўля). Прадпрыемствы па перапрацоўцы арахісу, прадуктаў жывёлагадоўлі. Рамёствы (выраб скур, пляценне кошыкаў і інш.).

т. 7, с. 71