ЗІНДЖА́НТРАП (ад Зіндж — стараж.-араб. назва Усх. Афрыкі + грэч. anthrōpos чалавек),
выкапнёвы прымат (гл. Прыматы), рэшткі якога (чэрап без ніжняй сківіцы) знойдзены англ. археолагам Л.Лікі ў цясніне Олдувай (Танзанія) у 1959. Чэрап З. масіўны, з магутным тварам, зубы буйныя, але іклы не выступаюць над астатнімі зубамі. Аб’ём мозга каля 530 см³. Асаблівасці будовы чэрапа сведчаць, што З. хадзіў на дзвюх нагах. Існаваў 1750 тыс. гадоў назад. З. лічаць прадстаўніком аднаго з відаў аўстралапітэкаў.
т. 7, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)