Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДОЖДЖ,

від атмасферных ападкаў у выглядзе кропель вады дыяметрам 0,5—7 мм. Утвараецца ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ў паветры і зліцця дробных кропель у больш буйныя або раставання крышталёў, што выпадаюць з воблакаў.

Аблажныя Д. працяглыя. раўнамернай інтэнсіўнасці, выпадаюць са слаіста-дажджавых або высокаслаістых воблакаў на вял. плошчы; ліўневыя Д. кароткачасовыя, маюць хутказменлівую і часта вял. інтэнсіўнасць, выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў (гл. Лівень). Д. з дыяметрам кропель менш за 0,5 мм наз. імжой. Бывае ледзяны Д. у выглядзе дробных празрыстых ледзяных шарыкаў дыяметрам 1—3 мм, што ўтвараюцца пры замярзанні кропель Д. ў паветры з адмоўнай т-рай, і пераахалоджаны Д., кроплі якога застаюцца вадкімі пры адмоўнай т-ры і замярзаюць у выглядзе галалёду на паверхні Зямлі.

На Беларусі выпадзенне Д. часцей звязана з цыкланічнай дзейнасцю. Вадкія ападкі (пераважна Д.) даюць ад 75% на У да 80% на 3 гадавой сумы ападкаў. За год бывае каля 110 сут з Д. Летам пераважаюць ліўневыя Д., найб. дажджлівы месяц ліпень (13—16 сут з Д.). У халодны перыяд года акрамя снегу выпадаюць аблажныя Д. і імжа (да 8 сут з ападкамі за месяц). Гл. таксама Ападкі атмасферныя.

т. 6, с. 176

ДО́ЖЫ ДЗЬЁРДЗЯ ПАЎСТА́ННЕ 1514, Сялянская вайна 1514, найбуйнейшае антыфеад. ўзбр. выступленне ў сярэдневяковай Венгрыі. Яго перадумовай быў набор у краіне з крас. 1514 добраахвотнікаў для крыжовага паходу супраць туркаў. Успыхнула ў маі як рэакцыя сялян на спыненне іх прыёму ў крыжацкае войска (прыём у крыжакі азначаў для сялян вызваленне з-пад улады іх паноў). Ахапіла б.ч. дзяржавы, праходзіла пад лозунгамі адмены феад. эксплуатацыі і царк. дзесяціны, падзелу царк. зямель паміж крыжакамі, устанаўлення ўсеагульнай роўнасці, спрашчэння царк. арганізацыі. Ўдзельнічала да 100 тыс. чал. (пераважна сялян), аднак з-за разрозненасці дзеянняў каля 50 тыс. паўстанцаў былі хутка знішчаны дваранскімі атрадамі. Спыненне ў ліп. 22-тысячным войскам трансільванскага ваяводы Я.​Запаяі гал. сіл паўстанцаў на чале з Дзьёрдзем Дожам каля крэпасці Тэмешвар (цяпер Тымішаара, Румынія), калі Дожа трапіў у палон і быў пакараны смерцю, паскорыла паражэнне паўстання. У крас.ліст. 1514 Дзярж. сход прыняў закон аб пазбаўленні сялян свабоды і навечным прымацаванні іх да зямлі (адменены ў 1530).

Літ.:

Гусарова Т.П. «Я хотел обновить мир» // И живы памятью столетий. Мн., 1987.

т. 6, с. 176

ДО́ЗА (ад грэч. dosis порцыя, прыём),

вызначаная, дакладна адмераная колькасць чаго-н. (якога-н. рэчыва, лякарства). Гл. таксама Дозы выпрамянення.

т. 6, с. 176

ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн. Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл. Дазіметрычныя прылады).

т. 6, с. 176

ДО́ЙЗІ ((Doisy) Эдуард Адэлберт) (13.11.1893, г. Хума, штат Ілінойс, ЗША — 23.10.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1938). Скончыў Ілінойскі ун-т (1914). Д-р філасофіі (1920), праф. (1923). У 1914—17 працаваў у Гарвардскай мед. школе, з 1919 у Вашынгтонскім ун-це, у 1923—65 — у мед. школе пры Ун-це ў Сент-Луісе. Навук. працы па вывучэнні структуры вітамінаў і гармонаў. Вылучыў у крышталічнай форме жан. палавыя гармоны эстрон (1929) і эстрадыёл (1936). Адкрыў хім. структуру вітаміну K, ідэнтыфікаваў K1 і K2, сінтэзаваў вітамін K1 (1939). Нобелеўская прэмія 1943 (разам з Г.Дамам).

Э.Дойзі.

т. 6, с. 176

ДОЙЛ ((Doyle) Артур Конан) (22.5.1859. г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 7.7.1930),

англійскі пісьменнік. Скончыў мед. ф-т Эдынбургскага ун-та (1881). Дэбютаваў у 1879 апавяданнем «Тайна даліны Сэсаса». Аўтар прыгодніцкіх («Выгнаннікі», 1893, «Родней Стон», 1896) і навук.-фантаст. («Згублены свет», 1912, «Атручаны пояс», 1913) раманаў і аповесцей, у т. л. «Маракотава бездань» (1929). Сусв. вядомасць прынеслі творы, аб’яднаныя вобразам сышчыка-аматара Шэрлака Холмса: «Знак чатырох» (1890), «Сабака Баскервіляў» (1901—02), «Даліна жаху» (1914—15), зб. апавяданняў «Прыгоды Шэрлака Холмса» (1891—92) і інш. Прадаўжаючы традыцыі Э.​По і У.​Колінза, развіў дэтэктыўны жанр, у якім спалучаў драматызм і дынаміку апавядання з псіхал. перакананасцю вобразаў. У Лондане створаны мемар. Музей Шэрлака Холмса.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч.: У 12 т. Т. 1—3. М., 1992—94.

Літ.:

Карр Дж.Д. Жизнь сэра Артура Конан Дойла: [Пер. с англ.]. М., 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 6, с. 177

ДО́ЙЛІДСТВА,

гл. ў арт. Архітэктура.

т. 6, с. 177

Дойнікаў Аляксандр Анатолевіч

т. 18, кн. 1, с. 380

ДО́ЙЧЭ ПРЭ́СЭАГЕНТУ́Р (Deutsche Presseagentur; ДПА),

сусветнае інфармацыйнае агенцтва ў Германіі. Акцыянернае т-ва. Засн. ў 1949 (Гамбург).

т. 6, с. 177

ДОК (галанд. dok, англ. dock),

1) збудаванне для агляду і рамонту падводнай часткі суднаў або для іх пабудовы. Бываюць сухія, наліўныя і плывучыя. Звычайна з’яўляюцца часткай верфі або суднарамонтнага прадпрыемства.

2) Штучны партовы басейн з затворам, прызначаны для стаянкі суднаў пад пагрузкай-разгрузкай у месцах з вял. прыліўна-адліўнымі ваганнямі ўзроўню мора.

3) Зборна-разборнае збудаванне для тэхн. абслугоўвання вял. лятальных апаратаў (пераважна дырыжабляў).

Док плывучы.

т. 6, с. 177