Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

ПРЫНЦ (ням. Prinz, франц. prince ад лац. princeps першы, галоўны),

тытул няцарствуючай асобы каралеўскага ці інш. ўладарнага дому ў Зах. Еўропе. У П. — наследнікаў прастола, якія атрымлівалі ва ўдзел родавую правінцыю, яе назва ўключалася ў тытул: напр., П. Уэльскі (з 1301), П.​Астурыйскі (з 1388), П. Неапалітанскі (з 1735). У герм. манархіях 19 ст. старэйшы сын правячага герцага ці князя наз. наследны П. Пры Напалеоне ПІ у Францыі наследнік прастола наз. імперскім П. У герм. імперыі П. кароны (кронпрынц) тое, што франц. дафін ці рас. царэвіч. У некат. еўрап. краінах асобы, якія часова кіравалі каралеўствам, наз. П.-рэгентамі. Тытул П. носяць наследнікі прастола ў Кувейце, Саудаўскай Аравіі, Тайландзе і некат. інш. краінах Усходу.

т. 13, с. 74

ПРЫ́НЦЫП (ад principium аснова, пачатак),

1) асноўнае, зыходнае палажэнне якой-н. тэорыі, вучэння, навукі і да т.п.

2) Унутранае перакананне ў чым-н., пункт погляду, якія вызначаюць адносіны да рэчаіснасці, нормы паводзін і дзейнасці.

3) Асноўная асаблівасць канструкцыі якога-н. механізма, прылады.

т. 13, с. 74

ПРЫ́НЦЫП (Гаўрыла) (30.6 або 25.7.1894, Грахава, Боснія і Герцагавіна — 29.4.1918),

удзельнік сербскага нац. руху. З 1914 чл. сербска-харвацкай арг-цыі «Маладая Боснія», якая выступала за вызваленне краю ад аўстра-венг. акупацыі і стварэнне адзінай югасл. дзяржавы. Па яе заданні 28.6.1914 забіў у г. Сараева наследніка аўстра-венг. прастола Франца Фердынанда і яго жонку (паводле інш. звестак дзеянні П. і яго паплечнікаў накіроўвала блізкая да сербскай ваен. разведкі тайная арг-цыя «Чорная рука», гл. Сараеўскае забойства), што стала зачэпкай для развязвання 1-й сусв. вайны. Непаўналетні П. прыгавораны да 20 гадоў катаргі, памёр у турме ад сухотаў.

т. 13, с. 74

ПРЫНЦЫПА́Т (ад лац. principatus кіруючая роля, імператарская ўлада),

форма ўлады ў Стараж. Рыме, асобы від манархіі, усталяваны Аўгустам у 27 да н.э. Сістэма П. фармальна захоўвала асновы рэсп. форм кіравання, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках імператара, які быў галоўнакамандуючым усімі рым. арміямі, кіраваў б.ч. правінцый, быў вышэйшым апеляцыйным суддзёй імперыі і практычна галоўным заканадаўцам. Перыяд П., т.зв. Ранняй Імперыі, ахоплівае праўленне дынастый Юліяў-Клаўдзіяў [27 да н.э. — 68 н.э.], Флавіяў [69—96], Антанінаў [96—192].

Літ.:

Егоров А.Б. Рим на грани эпох: Пробл. рождения и формирования принципата. Л., 1985.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 75

ПРЫНЦЭ́СЫ ЕЛІЗАВЕ́ТЫ ЗЯМЛЯ́ (Princess Elizabeth Land),

частка тэр. Усх. Антарктыды, паміж 73° і 88° у. д., якая абмываецца морамі Садружнасці і Дэйвіса. Тоўшча ледавіковага покрыва 1000—1500 м, на ўзбярэжжы — участкі скал, свабодныя ад лёду (аазіс Вестфаль). Адкрыта брыт.-аўстр.-новазел. экспедыцыяй Д.​Моўсана ў 1931 і названа імем англ. прынцэсы (цяпер каралева Вялікабрытаніі Лізавета II).

т. 13, с. 75

ПРЫНЦЭ́СЫ РА́ГНХІЛЬ БЕ́РАГ (Princess Ragnhild Coast),

частка ўзбярэжжа Зямлі Каралевы Мод (Усх. Антарктыда), паміж 20°30 і 34°00 у. д. Акаймаваны шэльфавымі ледавікамі шыр. 10—50 км, якія цягнуцца ўздоўж узбярэжжа, пераходзяць у ледавіковы схіл і ледавіковае плато Нансенісен (выш. да 3000 м). На яго паўн. мяжы ўзвышаюцца горы Сёр-Рондане і Бельжыка (выш. да 3630 м). Адкрыты ў 1931 нарв. экспедыцыяй Г.​Ісаксена і Я.​Рысер-Ларсена. Названы імем нарв. прынцэсы.

т. 13, с. 75

ПРЫО́КСКА-ТЭРА́СНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На Пд Маскоўскай вобл., у даліне р. Ака, у Расіі. Засн. ў 1945 з мэтай захавання унікальнага прыроднага комплексу на мяжы хвойна-шыракалістых і шыракалістых лясоў. Пл. 4945 га. Тэрасы і тэрасападобныя ўступы. Хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. У флоры больш за 800 відаў вышэйшых раслін, у т. л. каля 100 відаў — характэрныя прадстаўнікі стэпавай зоны (вішня стэпавая, цюльпан Біберштэйна, рабчык рускі і інш.). У фауне больш за 50 відаў млекакормячых; звычайныя лось, дзік, ліс, вавёрка, куніца, заяц-бяляк, рэакліматызаваны бабёр і казуля сібірская. У арнітафауне 130 відаў птушак, у т. л. глушэц, рабчык, цецярук, дзятлы чорны і зялёны, няясыць і інш. Гадавальнік зуброў. З 1978 біясферны запаведнік.

т. 13, с. 75

ПРЫПАДАБНЕ́ННЕ ГУ́КАЎ,

гл. Асіміляцыя.

т. 13, с. 75

ПРЫПА́Й,

нерухомы марскі лёд, што ўтвараецца ўздоўж узбярэжжа. Прымацаваны да берага ці ледзянога бар’ера, знаходзіцца паміж водмелямі або айсбергамі, што селі на водмель. Можа ўтварацца натуральным шляхам з марской вады або ў выніку прымярзання да берага дрэйфуючага лёду. Працягласць ад некалькіх метраў да соцень кіламетраў. П., які ўзвышаецца больш як на 2 м над узр. м., наз. шэльфавым лёдам.

т. 13, с. 75