Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЯГУ́НЫ,

вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., каля аўтадарогі Паставы — Лынтупы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Паставы, 277 км ад Віцебска. 298 ж., 99 двароў (1999). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Капліца. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ХА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Дзіванна.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЕ ВУ́ШКА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Талакнянка.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖАЯ ЦЫБУ́ЛЯ,

кветкавая расліна, тое, што чарамша.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ АСТРАВЫ́,

архіпелаг з 6 астравоў (Крастоўскі, Лявонцьева, Чатырохсталбавы, Пушкарова, Лысава і Андрэева) ва Усх.-Сібірскім м., на Пн ад вусця р. Калыма. У Рэсп. Саха (Якуція, Расія). Агульная пл. каля 60 км2. Выш. да 273 м (на в-ве Крастоўскі). Камяністыя арктычныя тундры.

т. 11, с. 64

«МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПАЦЕ́ХІ»,

«мядзведжыя камедыі», паказы скамарохаў — дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Пашыраны ў 16—19 ст. у Расіі, Польшчы. У Беларусі школы дрэсіроўкі мядзведзяў існавалі ў ваколіцах Гродна, Нясвіжа, Мінска, Ракава, на Палессі, найб. папулярная сярод іх была т.зв. «Смаргонская акадэмія». Бел. дрэсіроўшчыкі мядзведзяў упершыню ўпамінаюцца ў пач. 16 ст., калі «мядзведнікаў» абкладалі спец. падаткам. Існаваў асаблівы рэпертуар «М.п.», які складаўся з быт. сцэнак, анекдотаў, жартаў; выкарыстоўваўся спец. рэквізіт (палкі, бубен, шапкі). Паказы суправаджаліся жартамі і прымаўкамі павадыра, часта спалучаліся з выступленнямі скамарохаў-акрабатаў, лялечнікаў і музыкантаў. Разам з «мядзведжым цкаваннем» і «мядзведжай бойкай» уваходзілі ў мядзведжыя гульні. Павадыры з «вучонымі» мядзведзямі з Беларусі хадзілі па кірмашах Расіі, Венгрыі, Германіі, Італіі і Скандынавіі. Апошнія паказы «М.п.» зафіксаваны ў пач. 20 ст.

І.Ю.Ягорава.

«Мядзведжыя пацехі». Гравюра 1555.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЖЫЯ ПЯЧО́РЫ,

група помнікаў эпохі мусцье, у якіх адлюстраваліся раннія сімвалічныя ўяўленні чалавека. У М.п. захоўваліся галовы і канечнасці мядзведзя пячорнага, які быў адным з асн. аб’ектаў палявання стараж. чалавека, галоўным сапернікам у міжвідавым супрацьстаянні з ім, таму займаў выключнае месца ў светапоглядзе палеаантрапа. М.п. распаўсюджаны ад Іспаніі да Чарнаморскага і Каспійскага ўзбярэжжаў Каўказа. Напр., у пячоры Драхенлох (Швейцарыя) выяўлены каменныя скрыні з чарапамі мядзведзя, пакладзенымі ў пэўным парадку па 3—4 і болей; у пячоры Рэгурду (Францыя) знойдзена неандэртальскае пахаванне, побач з якім у яме, накрытай каменнай плітой, знаходзіліся чарапы і разбітыя косці мядзведзя. М.п. лічаць прасцейшай зародкавай формай у генезісе анімалізму.

Т.С.Скрыпчанка.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (Глафіра Антонаўна) (н. 2.1.1911, в. Кабылянка Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне патафізіялогіі. Д-р мед. н., праф. (1959). Засл. дз. нав. Беларусі (1966). Скончыла Маскоўскі пед. (1933) і Віцебскі мед. (1940) ін-ты. У 1948—69 заг. кафедры, адначасова ў 1961—65 рэктар Віцебскага мед. ін-та. Навук. працы па ролі нерв. сістэмы ў патагенезе хвароб і кампенсацыі парушаных функцый, вострай ныркавай недастатковасці.

Тв.:

Роль нервной системы в механизме восстановления функций организма при смертельных кровопотерях (разам з Р.М.Прусам) // Вестн. хирургии им. Грекова. 1951. Т. 71, № 4.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЗЕВА (па мужу Гайдукова) Надзея Міхайлаўна

(18.10.1832, Масква — 6.10.1899),

руская актрыса. Скончыла Маскоўскае тэатр. вучылішча (1849). Выступала ў трупе Малога т-ра. Вучаніца М.Шчэпкіна, садзейнічала сцвярджэнню яго традыцый у мастацтве Малога т-ра. Найб. поўна талент М. выявіўся ў ролях пажылых свецкіх жанчын. Яе творчасць вызначалася яскравасцю тыпізацыі, дакладнасцю распрацоўкі характараў, прастатой і праўдзівасцю. Сярод роляў: Хлёстава («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Турусіна, Гурмыжская, Агудалава («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Лес», «Беспасажніца» А.Астроўскага) і інш. Мастацтва М. высока цаніў К.Станіслаўскі.

т. 11, с. 64

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ (Андрэй Рыгоравіч) (8.11.1897, в. Сачылаў Пагарскага р-на Бранскай вобл., Расія — 16.4.1985),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), акад. Акадэміі с.-г. навук Беларусі (1959—61), д-р с.-г. н. (1952), праф (1953). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1925), працаваў там да 1941 і ў 1944—56 (з 1936 заг. кафедры). З 1958 нам. дырэктара Бел. НДІ глебазнаўства. З 1961 у БДУ (з 1968 заг. кафедры, з 1979 праф.-кансультант). Навук. працы па даследаванні і карціраванні глеб. Склаў зводную глебавую карту Беларусі. Кіраваў глебавымі даследаваннямі зямель рэспублікі, удзельнічаў у аграглебавым раянаванні, прагназіраванні ўплыву меліярацыі на змену глеб Бел. Палесся. Распрацаваў методыку якаснай ацэнкі (баніціроўка) глеб Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Руководство по почвенному исследованию земель колхозов и совхозов БССР. Мн., 1960 (разам з М.П.Булгакавым, ЮЛ.Гаўрыленка);

Качественная оценка земель в колхозах и совхозах БССР Мн., 1971 (ў сааўт.).

А.Р.Мядзведзеў.

т. 11, с. 64