Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

САЛО́НІКІ, Саланік,

вёска ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 6 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Полацк, 106 км ад Віцебска. 784 ж., 297 двароў (2001). Дом культуры, б-ка, медпункт, аддз. сувязі.

т. 14, с. 115

САЛО́НІКСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1915—1918,

наступальныя дзеянні войск Антанты (у т. л. 2 рас. брыгады) на Балк. п-аве (каля г. Салонікі, Грэцыя) у 1-ю сусв. вайну. Салонікскі фронт пачаў стварацца ў кастр.ліст. 1915 пасля высадкі англа-франц. экспедыцыйнага корпуса ў мэтах дапамогі Сербіі стрымаць наступленне аўстра-герм.-балг. войск. У студз. 1916 сюды перакінуты англа-франц., потым італьян. і сербскія войскі і 2 рас. брыгады з Францыі. У выніку створана т.зв. Усх. армія (у 1918 да 29 дывізій). Пасля ўступлення ў вайну Румыніі (жн. 1916) саюзнікі ў вер.ліст. занялі раён Манасціра. 15.9.1918 войскі Антанты (да іх далучыліся грэч. войскі) пачалі наступленне ўздоўж даліны р. Вардар на Скопле і нанеслі паражэнне балг.-герм. войскам. 29.9.1918 Балгарыя капітулявала, а 11-я герм. армія здалася ў палон.

т. 14, с. 115

САЛО́ННАЕ МАСТА́ЦТВА, салонна-акадэмічнае мастацтва,

кансерватыўны кірунак у маст. культуры 19 — пач. 20 ст. Зарадзілася ў Францыі (дасягнула росквіту ў 1850—70-я г.), пазней пашырылася ў інш. краінах. Назву атрымала з-за яго падтрымкі з боку журы парыжскіх маст. салонаў. Агульныя прыкметы С.м.: эклектызм творчага метаду, які грунтаваўся пераважна на нормах акадэмізму 19 ст. і позняга (акад.) класіцызму, адначасова выкарыстоўваючы павярхоўна ўспрынятыя метады і прыёмы рамантызму, пазней — рэалізму і натуралізму; знешняя эфектная прыгажосць кампазіцыі і адназначнасць зместу пры развітой сюжэтнасці; прамалінейнасць трактоўкі значных тэм; фармальная завершанасць, рамесна-тэхн. віртуознасць фактуры, якая імітуе маст. майстэрства; патэтыка, экзальтацыя і ідэалізацыя вобразаў; зарыентаванасць на маст. кан’юнктуру і густ масавага гледача. У С.м. пераважалі міфалагічны і алегарычны (пераважна як падстава для адлюстравання аголенай натуры), быт. (прымітыўна-анекдатычны), гіст. (найчасцей у духу псеўдагіст. касцюмнай меладрамы) жанры, партрэт (ідэалізаваны). Агрэсіўнае непрыняцце ўсяго наватарскага ў мастацтве, імкненне навязаць сваё разуменне «добрага густу», камерцыялізацыя маст. творчасці выклікалі і адваротную рэакцыю ў буйных мастакоў 2-й пал. 19 ст. і іх. супрацьпастаўленне сваёй творчасці С.м. («Маніфест рэалізму» Г.​Курбэ ў Францыі, заснаванне Т-ва перасоўных маст. выставак у Расіі і інш.). У 20 — пач. 21 ст. тэрмін «С.м.» ўжываецца таксама як агульнае вызначэнне знешняй прыгажосці і банальнасці, беззмястоўнасці твораў выяўл. мастацтва, спекулятыўнай імітацыі маст. каштоўнасцей.

т. 14, с. 115

САЛО́ХА,

адзін з найбагацейшых скіфскіх курганоў (т.зв. царскіх) 4 ст. да н.э. за 12 км на ПдУ ад с. Вял. Знаменка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл. Украіны. Даследаваны ў 1912—13 М.​І.​Весялоўскім. Пад насыпам выш. 18 м выяўлены 2 «царскія» пахаванні. Цэнтр. разрабавана ў старажытнасці, бакавое — цэлае. У бакавым разам з царом пахаваны яго слугі — віначэрп і збраяносец.

Знойдзены наборы зброі, бронзавая булава — знак улады, залатая грыўня, бранзалеты, шматлікія бляшкі ад адзення ці полага, сярэбраныя пасудзіны і інш. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць залаты грэбень з фігуркамі скіфаў, якія змагаюцца, і сярэбраны абклад гарыта з выявай пешых і конных воінаў. На З ад царскай грабніцы выяўлена яма з 5 шкілетамі коней, на якіх захаваліся рэшткі аброцей з бронзавымі бляхамі, побач — пахаванне конюха.

Літ.:

Сокровища скифских курганов в собрании Государственного Эрмитажа. Прага;

Л., 1966.

Залаты грэбень з кургана Салоха. 4 ст. да н.э.

т. 14, с. 115

САЛО́ХІНА (Ада Іванаўна) (н. 21.2.1943, в. Крым Шкотаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). Аўтар габеленаў: «Асенні матыў» (1973), «Песня планет», «Азёрны край» (абодва 1974), «Белая русь» (з А.​Юзеевай, 1975), «Палескі край» (1976), «Абуджэнне» (1978), «Лясная фантазія» (1980), «Яблынька» (1982), «Ізяслаўль» (1983), «Зямля цвіце» (1985), «Раніца туманная» (1989), «Ноч на Івана Купалу» (1992), «Нясвіжскі парк» (1999), «Белыя дзверы» (1996), «Асенні нацюрморт» (2000). Творы вызначаюцца дэкаратыўнасцю, выразнасцю каларыту, ураўнаважанасцю кампазіцыі.

А.Салохіна. Асенні нацюрморт. 2000.

т. 14, с. 115

СА́ЛПАЎСЕ́ЛЬКЯ (Salpausselkä),

узвышша на Пд і ПдУ Фінляндыі. 3 паралельныя канцавыя грады выш. да 247 м цягнуцца на 550 км уздоўж паўн. узбярэжжаў Фінскага зал. і Ладажскага воз. Адлегласць паміж градамі 30—50 км. Узгоркава-марэнны рэльеф. Складзены з пясчанікаў, галечнікаў, марэннага матэрыялу. Хвойныя і мяшаныя лясы. Некат. рэкі (Іматра і інш.) утвараюць парогі і вадаспады.

т. 14, с. 115

Салстан Джон

т. 18, кн. 1, с. 446

СА́ЛТАВА-МАЯ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура паўкачавых народаў, што жылі ў 8—9 ст. у бас. р. Дон і Прыазоўі. Назва ад Салтаўскага могільніка каля с. Верхняе Салтава (Харкаўская вобл., Украіна) і Маяцкага гарадзішча каля ўпадзення р. Ціхая Сасна ў р. Дон (Варонежская вобл., Расія). Вядома больш за 200 помнікаў культуры: рэшткі качэўяў, пасёлкаў, замкаў, гарадоў (Саркел, Таматарха, Фанагорыя), могільнікаў. Мае 2 варыянты: лесастэпавы — аланскі (гл. Аланы) і стэпавы — балгарскі (гл. Балгарыя Волжска-Камская). Для 1-га характэрны земляробчыя тыпы паселішчаў і катакомбавы абрад пахавання; для 2-га — качэўі і ямныя пахаванні.

т. 14, с. 115

САЛТА́НАЎ (Уладзімір Усеваладавіч) (н. 15.2.1936, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996), д-р біял. н. (1977), праф. (1990). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1959). З 1965 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1978 заг. лабараторыі, нам. дырэктара). Навук. працы па аналізе функцыян. арганізацыі аферэнтных сістэм унутр. органаў, механізмаў віцэра-вісцэральных рэфлекторных рэакцый, механізмаў самарэгуляцыі вегетатыўных функцый. Вывучыў функцыян. ўласцівасці адчувальных валокнаў органаў брушной і тазавай поласці, паказаў наяўнасць уласных вегетатыўных аферэнтных нейронаў перыферычнага паходжання.

Тв.:

Электрофизиологический анализ висцеральных афферентных систем. Мн., 1973 (разам з І.​А.​Булыгіным);

Механизмы саморегуляции вегетативных функций. Мн., 1989;

Механизмы саморегуляции вегетативных функций в норме и патологии. Мн., 1994.

т. 14, с. 115

САЛТА́НАЎКА,

вёска ў Дашкаўскім с/с Магілёўскага р-на. На р. Салтан. За 12 км на Пд ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Чарназёмаўка. 424 ж., 134 дамы (2002). Пач. школа, дзіцячы сад, клуб, магазін. Помнік рус. воінам. Салтанаўская мемарыяльная капліца. Помнікі археалогіі — стаянкі каменнага веку.

У вайну 1812 каля С. 22—23 ліп. адбылася бітва паміж 7-м пях. корпусам ген. М.​М.​Раеўскага (17 тыс. чал.) і франц. войскамі маршала Л.​Даву (22 тыс. чал.). 20 ліп. корпус Даву захапіў Магілёў і заняў пазіцыі каля С. 2-я Зах. рус. армія ген. П.​І.​Баграціёна адыходзіла з Бабруйска на Магілёў, каб злучыцца з 1-й Зах. рус. арміяй ген. М.​Б.​Барклая дэ Толі (знаходзілася ў раёне Віцебска). Атрымаўшы загад Баграціёна вызваліць Магілёў, корпус Раеўскага 23 ліп. атакаваў французаў пад С. Калі высветлілася, што прарыў праз Магілёў немагчымы, Баграціён з арміяй пад прыкрыццём корпуса Раеўскага адышоў да Новага Быхава і пераправіўся цераз Дняпро. 24 ліп. пакінуў свае пазіцыі каля в. Дашкаўка і Раеўскі. Бітва каля С. дазволіла 2-й Зах. арміі адарвацца ад праціўніка, пераправіцца цераз Дняпро і злучыцца з 1-й Зах. арміяй каля Смаленска. Страты рускіх склалі 2548 чал. забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак, французаў — паводле розных падлікаў ад 3 да 5 тыс. чал.

т. 14, с. 116