САЛО́ХА,

адзін з найбагацейшых скіфскіх курганоў (т.зв. царскіх) 4 ст. да н.э. за 12 км на ПдУ ад с. Вял. Знаменка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл. Украіны. Даследаваны ў 1912—13 М.​І.​Весялоўскім. Пад насыпам выш. 18 м выяўлены 2 «царскія» пахаванні. Цэнтр. разрабавана ў старажытнасці, бакавое — цэлае. У бакавым разам з царом пахаваны яго слугі — віначэрп і збраяносец.

Знойдзены наборы зброі, бронзавая булава — знак улады, залатая грыўня, бранзалеты, шматлікія бляшкі ад адзення ці полага, сярэбраныя пасудзіны і інш. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць залаты грэбень з фігуркамі скіфаў, якія змагаюцца, і сярэбраны абклад гарыта з выявай пешых і конных воінаў. На З ад царскай грабніцы выяўлена яма з 5 шкілетамі коней, на якіх захаваліся рэшткі аброцей з бронзавымі бляхамі, побач — пахаванне конюха.

Літ.:

Сокровища скифских курганов в собрании Государственного Эрмитажа. Прага;

Л., 1966.

Залаты грэбень з кургана Салоха. 4 ст. да н.э.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)