Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),

украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар. арт. Украіны (1968). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф. арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т. л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1962.

П.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

МАЙДА́НАК (Majdanek),

канцэнтрацыйны лагер, створаны ў прадмесці г. Люблін (Польшча) у 2-ю сусв. вайну восенню 1941 паводле загаду Г.Гімлера. Першапачаткова прызначаўся для сав. ваеннапалонных, у хуткім часе ператвораны ў лагер масавага знішчэння людзей. Меў 6 філіялаў. На тэр. лагера адначасова знаходзілася каля 35 тыс. вязняў. Дзейнічалі 7 спец. абсталяваных Тазавых камер для ўдушэння людзей. Усяго праз лагер прайшлі каля 500 тыс. чал. з 22 еўрап. краін, з іх загінулі каля 350 тыс. чал., у т. л. 200 тыс. яўрэяў, 120 тыс. палякаў. У крас. 1944 пачата эвакуацыя вязняў у інш. лагеры. 23.7.1944 у М. увайшлі часці 1-га Бел. фронту. У 1947 на тэр. б. лагера створаны дзярж. музей, у 1969 адкрыты «Помнік барацьбы і пакутніцтва» (паводле праекта В.​Толкіна) разам са «Шляхам пакланення і памяці», а таксама Маўзалейпантэон.

Літ.:

Zeszyty Majdanka. T. 1—15. Lublin, 1965—94;

Majdanek 1941—1944. Lublin, 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 9, с. 519

МА́ЙЕР (Мікалай Арцёмавіч) (н. 9.1. 1932, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

бел. хімік-арганік. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р хім. н. (1976), праф. (1989). Скончыў Горкаўскі дзярж. ун-т (1954). З 1956 у Ін-це хіміі, з 1959 у Ін-це фіз.арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па сінтэзе і даследаванні пераўтварэнняў металаарган. злучэнняў. Адкрыў рэакцыю ініцыіраванага дэкарбаксіліравання дыацылатаў ртуці (1954, разам з Р.А.Разуваевым, Ю.А.Альдэкопам). Распрацаваў метады сінтэзу ртутнаарган. злучэнняў і метады электрахім. сінтэзу металацэнавых і металакарбаранавых злучэнняў жалеза, кобальту і нікелю.

Тв.:

Введение в элементоорганическую химию. Мн., 1973 (разам з Ю.​А.​Альдэкопам);

Синтез металлоорганических соединений декарбоксилированием ацилатов металлов. Мн., 1976 (з ім жа).

М.А.Майер.

т. 9, с. 519

Майзель Веньямін Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 423

МА́ЙЗЛЕР (Аляксандр Піліпавіч) (4.10.1923, Масква — 12.7.1977),

бел. ваенны дырыжор, педагог. Засл. арт. Беларусі (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1946). Дырыжор у вайск. часцях Бел. і Маскоўскай ваен. акруг. З 1951 дырыжор, з 1959 нач. аркестра штаба БВА, з 1968 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Аўтар аранжыровак для духавога арк. твораў муз. класікі (у т. л. 6-я сімфонія і 2-я ч. 5-й сімфоніі П.​Чайкоўскага, 40-я сімфонія В.​А.​Моцарта, фінал 9-й сімфоніі «З Новага свету» А.​Дворжака), бел. кампазітараў (сюіта з балета «Мара» Я.​Глебава, музыка А.​Багатырова да драмы М.​Лермантава «Маскарад»), арыгінальных п’ес (маршаў, вальсаў, песень і інш.).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 519

МАЙКА́НАВА (Сабіра) (1.1.1914, г. Кзыл-Арда, Казахстан — 15.2.1995),

казахская актрыса. Нар. арт. Казахстана (1959). Нар. арт. СССР (1970). З 1932 у трупе Каз. т-ра драмы імя М.​Аўэзава (Алма-Ата). Стварыла вобразы жанчын, надзеленых моцным і валявым характарам: Каклан («Кабланды» Аўэзава), Зейнеп («Чакан Валіханаў» С.​Муканава), Талганай («Мацярынскае поле» паводле Ч.​Айтматава), Кабаніха («Навальніца» А.​Астроўскага), Любоў Яравая («Любоў Яравая» К.​Транёва), Кацярына Іванаўна («Маці сваіх дзяцей» А.​Афінагенава). Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

т. 9, с. 519

МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),

рускі паэт. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.​М.​Бацюшкава і М.​І.​Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, Г.​Лангфела, А.​Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.​Чайкоўскім, М.​Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1977;

Соч. Т. 1—2. М., 1984;

Стихотворения и поэмы. Л., 1987.

Літ.:

Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;

Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.

А.М.Майкаў.

т. 9, с. 519

МА́ЙКЕЛЬСАН, Майкелсан (Michelson) Альберт Абрахам (19.12.1852, г. Стшэльна, Польшча — 9.5.1931), амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1882). Замежны ганаровы чл. АН СССР (1926). Скончыў Ваенна-марскую акадэмію ЗША (1873), дзе працаваў у 1875—79. У 1883—1929 у розных ВНУ ЗША. У 1923—27 прэзідэнт Нац. АН ЗША. Навук. працы па оптыцы і спектраскапіі. Сканструяваў дакладныя спектраскапічныя прылады (інтэрферометр М., эшалон М.), выканаў шэраг эксперыментаў па вызначэнні скорасці святла і залежнасці яе ад руху Зямлі (гл. Майкельсана дослед). Правёў дакладнае вызначэнне даўжыні метра ў даўжынях хваль чырвонай спектральнай лініі кадмію, сканструяваў зорны інтэрферометр для вызначэння вуглавых дыяметраў зорак. Нобелеўская прэмія 1907.

Літ.:

Джефф Б. Майкельсон и скорость света: Пер. с англ. М., 1963.

А.А.Майкельсан.

т. 9, с. 519

МА́ЙКЕЛЬСАНА ДО́СЛЕД,

фізічны эксперымент, пастаўлены з мэтай выявіць уплыў руху Зямлі на скорасць распаўсюджвання святла. Праведзены ў 1881 А.А.Майкельсанам і паўтораны ў 1886—87 (разам з амер. фізікам Э.​У.​Морлі). Даказаў незалежнасць скорасці святла ад руху Зямлі. Гэты факт не знайшоў тлумачэння ў класічнай фізіцы і даў падставу лічыць скорасць святла інварыянтнай велічынёй — аднолькавай ва ўсіх інерцыяльных сістэмах адліку, што з’явілася адным з пастулатаў спец. адноснасці тэорыі. Вынікі М.д. з вялікай дакладнасцю пацверджаны амер. фізікамі ў 1964 у эксперыменце, праведзеным пры дапамозе лазерных крыніц святла.

т. 9, с. 519

МА́ЙКІ (Meloë),

род жукоў сям. шпанак. Каля 130 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў, найб. трапляюцца М. звычайная, або чорная (M. proscarabaeus), М. фіялетавая, або сіняя (M. violaceus), М. зменлівая, або стракатая (M. variegatus), занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі. Жывуць на палях, лугах, узлесках.

Даўж. да 50 мм. Самцы меншыя за самак, самкі з шырокім брушкам. Афарбоўка звычайна чорная або цёмна-сіняя, з метал. бляскам. Крылы неразвітыя. Лічынкі (трыунгуліны) маюць 3 стадыі, кормяцца мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства, часам выклікаюць гібель свойскіх пчол. Жукі шкодзяць усходам палявых культур. Яйцы адкладваюць на зямлю. Развіццё з гіперметамарфозам. Характэрная асаблівасць М. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) ядавітага рэчыва кантарыдзіну, якое надае жукам непрыемны пах і едкі смак, таму большасць насякомаедных (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў) іх не паядаюць.

С.​Л.​Максімава.

Майка фіялетавая.

т. 9, с. 519