ПРЫЁМНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ ТРУ́БКА,
электравакуумная прылада для пераўтварэння эл. сігналаў у бачны відарыс. Адрозніваюць П.т.т. для вяшчальнага і прыкладнога тэлебачання (кінескопы) і індыкатарныя радыёлакацыйныя, асцылаграфічныя і інш. Гл. таксама Электронна-прамянёвая трубка.
т. 13, с. 65
ПРЫЁМНА-ЎЗМАЦНЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа, прызначаная ў асн. для ўзмацнення эл. сігналаў, пераўтварэння частаты, а таксама для генерыравання эл. ваганняў. дэтэктыравання (выпрамлення). Выкарыстоўваецца пры частотах, меншых за 300 МГц.
Бываюць прамога і ўскоснага напальвання катода; паводле колькасці электродаў падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды, гептоды, актоды і інш.; паводле канструкцыі — шкляныя з цокалем ці без яго, звышмініяцюрныя, нувістары, маячковыя, металакерамічныя і інш., а таксама камбінаваныя, якія маюць у 1 балоне 2 (ці больш) сістэмы электродаў з незалежнымі электроннымі патокамі, напр., дыёд-трыёды, трыёд-пентоды. Да П.-ў.л. адносяць таксама электронна-светлавыя індыкатары, электраметрычныя лямпы і механатроны. З 1960-х г. П.-ў.л. замяняюцца паўправадніковымі прыладамі, аднак маюць шэраг пераваг перад імі: могуць працаваць у апаратуры пры ўздзеянні радыяцыі, павышаных т-р, а таксама ў апаратуры спец. прызначэння, напр., у выхадных каскадах магутных перадатчыкаў, апаратуры з малымі нелінейнымі скажэннямі, у т. л. студыйнай апаратуры гуказапісу.
т. 13, с. 65
ПРЫЁМНІКІ АПТЫ́ЧНАГА ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
прылады, у якіх змены стану адчувальных элементаў пад уплывам аптычнага выпрамянення (святла) служаць для выяўлення і вымярэння гэтага выпрамянення. Пераўтвараюць энергію выпрамянення ў інш. віды энергіі (цеплавую, эл., мех. і інш.), больш зручныя для непасрэдных вымярэнняў.
Асн. параметры: парогавая адчувальнасць (найменшы паток выпрамянення, які можна зарэгістраваць на фоне ўласных шумаў), каэфіцыент пераўтварэння (звязвае зыходны паток з выхадным сігналам), спектральная характарыстыка (залежнасць адчувальнасці прылады ад даўжыні хвалі выпрамянення) і інш. Бываюць неселектыўныя (адчувальнасць слаба залежыць ад даўжыні хвалі ў шырокім дыяпазоне) і селектыўныя (спектральная характарыстыка мае адметныя максімумы ці мінімумы). Паводле механізму пераўтварэння адрозніваюць цеплавыя (паглынанне энергіі вядзе да павышэння т-ры адчувальнага элемента, у выніку чаго змяняюцца інш. яго параметры), фотаэлектрычныя (непасрэдна пераўтвараюць эл.-магн. энергію ў электрычную), фотахімічныя (гл. Святлоадчувальнасць фатаграфічная) і пандэраматорныя (гл. Пандэраматорнае дзеянне святла). П.а.в. выкарыстоўваюцца ў асн. вузлах аўтам. сістэм кіравання, радыё- і оптаэлектронных апаратаў, таксама ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, астраноміі і інш.
т. 13, с. 65
ПРЫЁМНІКІ ГУ́КУ,
акустычныя прылады для ўспрымання гукавых сігналаў і пераўтварэння іх з мэтай вымярэння, перадачы, узнаўлення, запісу ці аналізу.
Найб. пашыраны П.г., што пераўтвараюць акустычны сігнал у эл. (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі). Да іх адносяцца мікрафоны, якія выкарыстоўваюцца ў паветры, гідрафоны (у вадзе), геафоны (у грунце). Асноўныя характарыстыкі П.г.: адчувальнасць, частотная характарыстыка, уласнае эл. супраціўленне, накіраванасць. У якасці П.г. можна разглядаць і органы слыху жывёл і чалавека, якія пераўтвараюць акустычныя сігналы ў нервовыя імпульсы, што перадаюцца ў цэнтры галаўнога мозга.
т. 13, с. 65
ПРЫЁНАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца асаблівымі бялкамі — прыёнамі. Крыніца інфекцыі для чалавека — мяса (магчыма, і малако) хворых кароў, для жывёл — харч. дабаўкі (касцявая або мясная мука, прыгатаваная з хворых жывёл). У чалавека П.х. выклікаюць павольнае згасанне рэфлексаў ног, гіпатанію, зніжэнне адчувальнасці, парушэнне голасу і глытання, развіццё слепаты, глухаты, расстройствы псіхікі і смерць ад маразму. Інкубацыйны перыяд ад некалькіх месяцаў да дзесяткаў гадоў. Для чалавека апісаны 6 назалагічных форм П.х.: куру, хвароба Кройтцфельта—Якаба, амітрафічны лейкаспангіёз (апісаны на Беларусі В.А.Вацяковым, Х.А.Протасам, 1957), сіндром Герстмана—Страўслера, фатальная сямейная бяссонніца, прыёнасацыіраваная міяпатыя. У жывёл найб. вылучаюць спангіяформную энцэфалапатыю буйной рагатай жывёлы (т. зв. «шаленства кароў»), ад мяса якіх адбываецца заражэнне людзей (скрыты перыяд у людзей 5—35 гадоў). Захворванне абумоўлена губчастым перараджэннем галаўнога мозга. Дыягностыка П.х. праводзіцца на аснове клінічных даных, заражэння лабараторных жывёл, электроннай мікраскапіі і інш. Асн. прафілакт. мерапрыемствы — вет. нагляд.
Літ.:
Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990;
Шлопов В.Г. Прионовые инфекции: медико-социал. и экол. проблемы. Киев, 2000.
А.Л.Астапаў.
т. 13, с. 66
ПРЫЁНЫ,
асаблівыя бялкі, якія выклікаюць пашкоджанне нерв. сістэмы чалавека і жывёл з развіццём губчастага перараджэння галаўнога мозга; выклікаюць павольныя інфекцыі (гл. Прыёнавыя хваробы). Апісаны С.Прузінерам. Маюць форму бялковых фібрыл даўж. 50—500 нм. Асаблівасць П. (як узбуджальнікаў хвароб) — адсутнасць у іх структуры нуклеінавых к-т, устойлівасць да кіпячэння, дзеяння пары спірту (70 °C), яны інертныя да рэчываў, якія разбураюць нуклеінавыя к-ты. Аднак П. адчувальныя да дзеяння рэчываў, што інактывуюць бялкі.
А.А.Астапаў.
т. 13, с. 66
ПРЫЁР (ад лац. prior першы, важнейшы),
1) настаяцель невял. каталіцкага кляштара; вял. П. — службовая асоба ў духоўна-рыцарскіх ордэнах, рангам ніжэйшая за вял. магістра.
2) У Італіі і некаторых інш. краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі — выбарны кіраўнік купецкай або рамеснай гільдыі.
т. 13, с. 66
ПРЫЗ (ад франц. prix вартасць, цана),
узнагарода пераможцу (прызёру) у спаборніцтве, конкурсе.
т. 13, с. 66
ПРЫЗ (ад франц. prise здабыча),
маёмасць непрыяцеля або кантрабанда, захопленыя на моры ў час вайны. Гл. таксама трафеі.
т. 13, с. 66
ПРЫ́ЗБА,
насып уздоўж ніжняй часткі зруба вясковай хаты для засцярогі яго ад вільгаці і для ўцяплення памяшкання. Найб. простая П. — прысыпка зямлёй ці пяском 2 ніжніх вянкоў (гарыз. радоў бярвён). Больш дасканалая і пашыраная П. з калкоў, убітых у зямлю на адлегласці 35—40 см ад сцяны і пераплеценых лазой або бярозавымі пруткамі, ці з укапаных слупкоў, за якія закладвалі тонкае бярвенне, дошкі, гарбылі. Вядомы П. і з укапаных слупоў з пазамі, у якія закладвалі бярвенне, дылі. П. былі невысокія, зрэдку іх насыпалі да акна. У наш час будынкі ставяцца на фундаменце і П. не робяцца.
С.А.Сергачоў.
т. 13, с. 66