Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЫША́НКА, Міша,

рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.

т. 11, с. 53

МЫША́НКА,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Трэмля. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 44 км на ПнУ ад г. Петрыкаў, 152 км ад Гомеля, 3 км ад чыг. ст. Мышанка. 426 ж., 157 двароў (1999). 4 леса- і дрэваапр. прадпрыемствы, жыллёва-камунальная гаспадарка, аб’яднанне кацельных і цепласетак. Сярэдняя школа, Дом культуры, 2 б-кі, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 53

МЫШАПАДО́БНЫЯ,

сямейства млекакормячых, гл. Мышыныя.

т. 11, с. 53

МЫШАХВО́СНІК (Myosurus),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. 8 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе. На Беларусі 1 від — М. маленькі (M. minimus). Трапляецца ў пасевах, на лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны. Лісце вузкалінейнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветаносныя сцёблы шматлікія. Кветкі дробныя, двухполыя, у коласападобных суквеццях, падобных на мышыны хвост (адсюль назва). Плод — шматарэшак.

Мышахвоснік маленькі.

т. 11, с. 53

МЫ́ШАЧНАЕ СКАРАЧЭ́ННЕ,

укарачэнне ці напружанне мышцаў у адказ на раздражненне, выкліканае разрадам рухальных нейронаў. Змены даўжыні міяфібрылаў у саркамеры (асн. структурная адзінка міяфібрылаў) адбываюцца шляхам слізгання актынавых нітак уздоўж міязінавых, а самі ніткі пры гэтым не ўкарочваюцца. Кожны саркамер здольны памяншацца на 20% сваёй даўжыні. На М.с. траціцца энергія, якая папаўняецца ў працэсах дыхання і гліколізу. Адрозніваюць М.с. ізаметрычнае (з ростам напружання мышца развівае намаганне без змены сваёй даўжыні) і ізатанічнае (мышца ўкарочваецца і патаўшчаецца, а напружанне яе амаль не мяняецца). Напр., пры перамяшчэнні грузу мышца скарачаецца спачатку ізаметрычна, а потым ізатанічна. Час адзінкавага скарачэння для розных тыпаў мышцаў — 5—200 мілісекунд.

Літ.:

Бэгшоу К. Мышечное сокращение: Пер. с англ. М., 1985;

Основы физиологии человека. Т. 1. СПб., 1994.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Мышачнае скарачэнне: саркамер расслабленага (1) і скарочанага (2) мышачнага валакна.

т. 11, с. 53

«МЫ́ШКА»,

бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».

Я.​Р.​Вількін.

т. 11, с. 54

МЫ́ШКІН (Мікалай Канстанцінавіч) (н. 12.5.1948, г. Іванава, Расія),

бел. вучоны ў галіне трыбатэхнікі. Д-р тэхн. н. (1985), праф. (1991). Скончыў Іванаўскі энергет. ін-т (1971). З 1977 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі (з 1992 заг. аддзела). Навук. працы па механіцы і фізіцы кантакту, тэхн. дыягностыцы зношвання вузлоў трэння машын. Стварыў новы клас дыягнастычных прыбораў — оптыка-магн. дэтэктары часцінак зносу канстр. матэрыялаў у сістэмах змазкі.

Тв.:

Акустические и электрические методы в триботехнике. Мн., 1987 (у сааўт.);

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.​У.​Белым, Г.​Дз.​Карпенкам);

Магнитные жидкости в машиностроении. М., 1993 (разам з Дз.​В.​Арловым, Ю.​А.​Міхалёвым).

т. 11, с. 54

МЫШКО́Ў (Канстанцін Раманавіч) (30.9.1893, в. Горкі Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 10.8.1942),

генерал-лейтэнант артылерыі (1940). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1929, 1936). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну 1918—20 на Петраградскім фронце, удзельнік разгрому кранштацкага мяцяжу. З 1937 у Артыл. упраўленні РСЧА: нач. аддзела, нам. нач., нач. упраўлення артыл. баз і арсеналаў, з 1942 нам. нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Памёр ад ран на Сталінградскім фронце.

т. 11, с. 54

МЫШЛАЕ́ЎСКІ (Аляксандр Захар’евіч) (24.3.1856—1920),

расійскі ваен. дзеяч і гісторык. Засл. праф. (1905). Ген. ад інфантэрыі (1912). Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча (1877), Акадэмію Генштаба (1884), з 1898 выкладаў у ёй. Адначасова ў 1899—1902 нач. Ваен.-вучонага архіва Гал. штаба. З 1908 нач. Гал. штаба, у сак.вер. 1909 нач. Генштаба, потым камандзір 2-га Каўк. корпуса. У пач. 1-й сусв. вайны пам. галоўнакаманд. Каўк. арміяй. З 1915 у адстаўцы, на гасп. і інш. пасадах. Са снеж. 1917 старшыня Каўк. ваен.-гіст. камісіі па абагульненні вопыту 1-й сусв. вайны. Аўтар прац па рас. ваен. гісторыі, у т. л. «Паўночная вайна 1708 г. ад р. Улы і Бярэзіны за р. Дняпро» (1901).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 54

МЫШО́ЎКАВЫЯ, мышоўкі (Zapodidae, або Sicistidae),

сямейства млекакормячых атр. грызуноў. 4 роды, 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жывуць у лясной, ’лесастэпавай і стэпавай зонах, у гарах — да выш. 3000 м. Селяцца ў норах, паваленых дрэвах, пнях. Актыўныя на змярканні і ноччу. Зіму праводзяць у спячцы. На Беларусі 1 від — мышоўка лясная (Sicista letulina).

Даўж. цела да 10 см, хваста да 16 см, маса да 28 г. Падобныя да мышэй. Канечнасці пяціпальцыя, заднія падоўжаныя. Здольныя рабіць скачкі даўж. да 4 м. Пераважна расліннаедныя, часам кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Да арт. Мышоўкавыя. Мышоўка лясная.

т. 11, с. 54