Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЗЫ́РСКІ СОЛЕВЫВА́РНЫ КАМБІНА́Т.

Дзейнічае з 1982 у г. Мазыр Гомельскай вобл. на мясц. радовішчы каменнай солі, па тэхналогіі, заснаванай на выпарванні солі з ачышчанага расолу. У 1988 дасягнуў праектнай магутнасці 360 тыс. т солі за год. З 1997 адкрытае акц. т-ва «Мазырсоль». Асн. прадукцыя (1999): кухонная соль «Палессе» з дадаткамі ёду і фтору, соль прафілактычная з дадаткамі розных мікраэлементаў, соль без дадаткаў.

т. 9, с. 517

МАЗЫ́РСКІ СТАДЫЯ́Л,

навазыбкаўскі стадыял, адзін з буйнейшых этапаў развіцця дняпроўскага зледзянення. Настаў пасля ўздзенскага інтэрстадыялу. Ледавіковае покрыва рухалася з Пд Швецыі, Балтыйскага м., Фінляндыі, дасягнула мяжы Рэчыцы, Мазыра, Лагішына, Маларыты; утварыла 2 вял. лопасці ў міжрэччах Дняпра і Прыпяці, Мухаўца і Лясной. Найб. актыўны ледавік быў у раёне Мазыра, дзе ўтварыўся канцова-марэнны рэльеф Мазырскай грады. Марэнныя, водна-ледавіковыя і інш. адклады М.с. адрозніваюцца ад больш стараж. адкладаў дняпроўскага зледзянення шэрагам прыкмет (напр., мазырская марэна мае ў 3 разы менш устойлівых мінералаў, чым столінская, якая залягае ніжэй).

т. 9, с. 517

МАЗЫ́РСКІ ФАНЕ́РНА-ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1912—14 у Целепунах — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. Вырабляў дошкі, фанеру і інш. У 1910—13 меў 2 паравыя рухавікі (150 к.с.), працавала да 200 рабочых; выраблена прадукцыі на 565,4 тыс. руб.

т. 9, с. 518

МАІ́Н,

старажытнае племя і дзяржава на тэр. сучаснай Йеменскай Рэспублікі. Раннія помнікі дзяржавы М. адносяцца да 6—5 ст. да н.э. Яе сталіцай быў напачатку г. Іясіль, потым — Карнаву. Вял. ўплыў у кіраванні М. адыгрывалі жрацы і родаплемянная арыстакратыя. Асновай росквіту краіны быў транзітны гандаль пахучымі рэчывамі, яна кантралявала гандл. шляхі праз Аравію. З 1 ст. да н.э. М. у залежнасці ад цароў Катабана, потым у складзе дзяржаў Саба і «Саба і зу-Райдан».

т. 9, с. 518

МАІНІ́ТНЫ ВАРЫЁМЕТР,

гл. ў арт. Варыёметр.

т. 9, с. 482

МАІ́С,

тое, што кукуруза.

т. 9, с. 518

МАІ́САВЫ АЛЕ́Й,

тое, што кукурузны алей.

т. 9, с. 518

МАЙ (лац. Majus, магчыма, ад імя багіні зямлі Маі),

пяты месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц вясны. Бел. нар. назва месяца, як і ўкр., травень. 15 М. працягласць дня ў Мінску 15 гадз 58 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 54,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 567 МДж/м​2, радыяцыйны баланс дадатны (295 МДж/м​2). Сярэдняя т-ра паветра ў М. 13 °C. Ападкаў за месяц 50—60 мм. Для М. характэрна найменшая адносная вільготнасць (68—72%), часта ствараецца неспрыяльны рэжым увільгатнення, часам назіраецца высушванне ворнага і больш глыбокага слоя глебы. У М. цвітуць сады. Пачынаюць каласіцца жыта, азімая пшаніца, узыходзяць яравыя, вядзецца сяўба позніх яравых культур, лёну-даўгунцу, пасадка бульбы, агуркоў. Вырастаюць першыя веснавыя грыбы — смаржкі і страчкі. Заканчваецца веснавая лінька звяроў. Паяўляецца прыплод у аленяў, ласёў, казуль, тхароў, баброў, вожыкаў; другі прыплод у зайцоў. Нерастуе рыба ў рэках і азёрах, паяўляюцца маляўкі.

т. 9, с. 518

МА́ЙБАРАДА (Георгій Іларыёнавіч) (1.12.1913, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 6.12.1992),

украінскі кампазітар, педагог. Брат П.І.Майбарады. Нар. арт. СССР (1960). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1941, клас Л.Равуцкага), у 1952—58 выкладаў у ёй. У 1962—69 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР, у 1967—69 — Саюза кампазітараў Украіны. Працаваў у розных муз. жанрах. Многія творы героіка-патрыят. тэматыкі. Сярод твораў: оперы «Мілана» (паст. 1957), «Арсенал» (паст. 1960), «Тарас Шаўчэнка» (паст. 1964), «Яраслаў Мудры» (паст. 1973); вак.-сімф. — кантата «Дружба народаў» (1948), паэма «Запарожцы» (1954); сімфоніі (1940, 1952, 1976, 1984); канцэрты для голасу (1969), для скрыпкі (1977) з арк.; сімф. паэмы «Лілея» (1939), «Каменяломы» (1941), «Гуцульская рапсодыя» (1949), сюіта «Кароль Лір» (1959); 30 хароў a cappella; вак. цыклы і рамансы (больш за 50), апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэміі Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1963, 1983.

Г.І.Майбарада.

т. 9, с. 518

МА́ЙБАРАДА (Платон Іларыёнавіч) (1.12.1918, с. Пелехаўшчына Глобінскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна — 8.7.1989),

украінскі кампазітар. Брат Г.І.Майбарады. Нар. арт. Украіны (1968). Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1947, клас Л.Равуцкага). Працаваў пераважна ў песенным жанры. У творчасці выкарыстоўваў формы, блізкія да ўкр. фальклору. Аўтар «Гераічнай уверцюры» для сімф. арк. (1947), вак.-сімф. паэмы «Таполі» (1966), папулярных песень, у т.л. «Ручнічок», «Родная маці мая», «Мы пойдзем, дзе травы паніклі», «Кіеўскі вальс», апрацовак нар. песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1962.

П.І.Майбарада.

т. 9, с. 518