Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВАНГА́РД у музыцы, умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.Булез, П.Шэфер, Я.Ксенакіс, К.Штокгаўзен, Л.Нона, Л.Берыо, Дж.Кейдж, Дз.Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем посгавангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.Картэс, Дз.Смольскі, С.Бельцюкоў, В.Войцік, В.Кузняцоў, В.Капыцько, А.Літвіноўскі, А.Сонін, Л.Шлег, Я.Паплаўскі і інш.

А.У.Валадковіч.

т. 1, с. 58

АВАНГА́РД»,

кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.

У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.Ганса, «Эльдарада» М.Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.Рутмана, серыя «Эцюды» О.Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.Клера, «Андалузскі сабака» Л.Буньюэля, «Эмак Бакія» М.Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.Дзюлака і інш.).

Г.В.Ратнікаў.

т. 1, с. 59

«АВАНГА́РД»

(Vanguard),

серыя амерыканскіх штучных спадарожнікаў Зямлі (ШСЗ) для вывучэння каляземнай прасторы і іх ракет-носьбітаў. Першы амер. ШСЗ належаў да тыпу «Авангард» (снеж. 1957). З 11 запушчаных «Авангардаў» на арбіту выйшлі 3(1959).

Маса ШСЗ 1,5 — 23 кг. 1-я і 2-я ступені ракеты-носьбіта «Авангард» вадкасныя, 3-я — цвердапаліўная; макс. карысны груз каля 11 кг пры вывадзе на арбіту выш. да 500 км; стартавая маса 10,2 т, даўжыня 22,4 м, дыяметр корпуса 1,14 м.

т. 1, с. 59

АВАНГАРДЫ́ЗМ,

умоўная абагульненая назва мастацкіх кірункаў 20 ст., для якіх характэрны пошукі новых, небывалых, часта штучных формаў і сродкаў мастацкага выяўлення, недаацэнка або адмаўленне традыцый і абсалютызацыя наватарства. Народжаны духоўнай атмасферай часу і яго катаклізмаў, авангардызм адлюстроўвае супярэчнасці паміж рознымі сістэмамі і тэхнікамі кампазіцыі і барацьбу светапоглядных пазіцый. Адны тэарэтыкі і практыкі авангардызм дэкларуюць стварэнне элітарнага мастацтва, адчужанага ад сац. задач, другія, наадварот, звязваюць пошук прынцыпова новых выразных сродкаў з неабходнасцю перадачы настрояў сац. пратэсту. З’яўляючыся крайняй праявай больш шырокага кірунку — мадэрнізму, авангардызм выявіўся пераважна не ў закончаных формах, а ў тэндэнцыях да выцяснення традыц. тэм, сюжэтаў і прынцыпаў кампазіцыі, гіпертрафіі ўмоўнасці. Для яго характэрны падкрэсленая эмацыянальнасць, скіраваная непасрэдна да пачуццяў (экспрэсіянізм), імкненне разбурыць традыц. эстэтыку (дадаізм), замяніць пасіўную эстэтычнасць актыўным сац. дзеяннем («левае» мастацтва і рус. футурызм), спроба ўздзейнічаць на падсвядомасць (сюррэалізм) і г.д. Пачаў бурна развівацца ў 1910—20-я г., аб’ядноўваючы розных па творчай стылістыцы прыхільнікаў (Л.Арагон, Б.Брэхт, У.Маякоўскі, В.Незвал і інш.), якія бачылі ў авангардызме разбурэнне ідэалаг. міфаў бурж. грамадства. Паступова прынцыповая антыідэалаг. накіраванасць многіх прадстаўнікоў авангардызму прывяла іх у 1960-я г. да поўнага адмаўлення традыц. культуры.

Літ.:

Гл. пры арт. Мадэрнізм.

У.М.Конан.

т. 1, с. 59

АВАНЕ́САЎ Рубен Іванавіч

(14.2.1902, г. Шуша, Нагорны Карабах — 1.5.1982),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1958). Д-р філал. н. (1948), праф. (1937). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). Працы па фанетыцы і фаналогіі (адзін з заснавальнікаў Маскоўскай фаналагічнай школы), арфаэпіі і арфаграфіі, гісторыі і дыялекталогіі рус. мовы. Кіраўнік і гал. рэдактар «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» (1958—82). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (1963) і «Лінгвістычнай геаграфіі і групоўкі беларускіх гаворак» (1968—69; Дзярж. прэмія СССР 1971). Пад яго кіраўніцтвам падрыхтавана першае пасляваен. пакаленне бел. лінгвістаў.

Літ.:

Библиография трудов Р.И.Аванесова // Русское и славянское языкознание: К 70-летию Р.И.Аванесова. М., 1972;

Бірыла М.В. Р.І.Аванесаў // Бел. лінгвістыка. Мн., 1983. Вып. 22.

т. 1, с. 59

АВАНЗА́ЛА

(ад аван... + франц. salle зала),

памяшканне перад гал. залай у вял. грамадскіх будынках, палацах. У сучасных тэатр., кінаканцэртных і інш. відовішчных будынках аванзала — вестыбюль перад партэрам глядзельнай залы.

т. 1, с. 59

АВАНПО́СТ

(ад аван... + франц. poste пост),

перадавая варта для назірання за праціўнікам. У арміі Рас. імперыі ў 18—19 ст. аванпост — перадавая ахоўная варта (пяхотная або конная), якая выстаўлялася дзеля засцярогі свайго войска, размешчанага на адпачынак або ў абароне, ад раптоўнага нападу праціўніка. Выкарыстоўваецца ў сучасных арміях некаторых дзяржаў.

т. 1, с. 59

АВА́НС

(франц. avance),

грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.

т. 1, с. 59

АВАНСАВА́НЫ КАПІТА́Л,

грашовая сума, затрачаная на куплю сродкаў вытв-сці і рабочай сілы з мэтай атрымання прыбытку. Частка авансаванага капіталу, затрачаная на куплю прылад і прадметаў працы, утварае пастаянны капітал, а авансаваная на куплю рабочай сілы — пераменны капітал. Прайшоўшы сферу абарачэння, авансаваны капітал вяртаецца да прадпрымальніка ў выглядзе 3 частак: вартасці спажытых асноўнага капіталу і абаротнага капіталу (выдаткі вытв-сці) і прыбытку.

т. 1, с. 59

АВАНСЦЭ́НА

(ад аван... + сцэна),

пярэдняя частка сцэны (паміж заслонай і рампай). Як ігравая пляцоўка выкарыстоўваецца ў оперных і балетных спектаклях, у драматычных — як месца дзеяння перад закрытай заслонай для невял. сцэн, якія звязваюць асн. карціны спектакля.

т. 1, с. 59