АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)