АВА́З Атар-аглы
(15.8.1884, г. Хіва — 1919),
узбекскі паэт-асветнік. Вучыўся ў медрэсэ. У 18-гадовым узросце стаў прызнаным нар. паэтам Харэзма. Прадаўжальнік традыцый класічнай узб. літаратуры. У вершах рэалістычна адлюстроўваў тагачасную рэчаіснасць, выкрываў феад. знаць і ўлады. Аўтар зб. лірыкі «Шчаслівыя дні». Пісаў розныя па форме вершы (рубаі, газель, кыта і інш.), выкарыстоўваў фальклорныя вобразы.
т. 1, с. 58
АВАКУ́М Пятровіч
(1620 або 1621—14.4.1682),
пратапоп, адзін з заснавальнікаў рус. стараверства (гл. Раскол), пісьменнік. У 1646—47 чл. «Гуртка рупліўцаў набожнасці». У 1652 пратапоп у г. Юр’евец Павольскі, потым святар Казанскага сабора ў Маскве. Выступаў супраць рэформаў патрыярха Нікана, за што неаднаразова быў сасланы ў Табольск, Даурыю, Мезень. У 1667 асуджаны на царк. саборы і сасланы ў Пустазерскі астрог. Аўтар «Жыція пратапопа Авакума» (1672—75), «Кнігі гутарак» (1669—75), «Кнігі тлумачэнняў» (1673—76), «Кнігі выкрыванняў» (1679), «Слоў плачэўных» (1676) і інш. Паводле царскага ўказа спалены.
т. 1, с. 58
АВА́Л
(франц. ovale ад лац. ovum яйцо),
замкнёная выпуклая плоская крывая, (напр., акружнасць, эліпс). Уласцівасці: кожны дастаткова гладкі авал мае не менш як 4 пункты максімуму і мінімуму крывізны; калі адлегласць паміж любымі 2 паралельнымі, датычнымі да авала, пастаянная для ўсіх напрамкаў (авал пастаяннай шырыні h), то даўжыня роўная πh. Авал пастаяннай шырыні атрымліваюць, калі з вяршыні роўнастаронняга трохвугольніка са стараной а апісваюць 6 акружнасцей (3 адвольным радыусам r, 3 радыусам, роўным R = a + r). У алг. геаметрыі авалам наз. ўсякія замкнёныя (не абавязкова выпуклыя) галіны алг. крывых, што не маюць пунктаў самаперасячэння.
т. 1, с. 58
АВА́ЛІ,
нафтагазавае радовішча ў Бахрэйне, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1932, распрацоўваецца з 1933. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 136 млн. т, газу 530 млрд. м³. Прадукцыйныя паклады на глыб. 0,6—3,5 км. Шчыльн. нафты 850 кг/м³. Больш за 200 фантануючых і помпава-кампрэсарных свідравін. Газ сухі, метанавы, выкарыстоўваецца як прамысл. паліва.
т. 1, с. 58
АВАЛІЯ́НІ Ладо
(Уладзімір; н. 15.5.1913, г. Зестафоні, Грузія),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Тбіліскую АМ (1940). Аўтар апавяданняў, навел, нарысаў (зб-кі навел «Лахіл Першая», 1940; «Паэт-вандроўнік», 1968; «Дубовы чарвяк», 1973, і інш.), рамана пра жыццё рабочых Грузіі «Новы далягляд» (т. 1—3, 1952—68).
т. 1, с. 58
АВА́ЛЬ
(франц. aval),
вэксальнае паручыцельства, зробленае трэцяй асобай (авалістам) у выглядзе спец. гарантыйнага запісу на вонкавым баку вэксаля ці прымацаваным да яго дадатковым лісце (алонжы) або ў выглядзе асобнага дакумента. Можа выдавацца на ўсю суму вэксаля ці яе частку. Учыніўшы аваль, аваліст бярэ на сябе абавязацельства за любую з адказных па вэксалі асоб — вэксалядаўца, акцэптанта, індасанта.
т. 1, с. 58
АВАН...
(ад франц. avant уперадзе, паперадзе),
частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнні словам «перадавы», «пярэдні», напр., авантытул, авангард.
т. 1, с. 58
АВАНАВІ́ЛАНА,
у міфалогіі індзейцаў Паўн. Амерыкі бог — стваральнік і першапрычына ўсяго існага. З часцінкі свайго цела ён стварыў светы-блізняты: маці-зямлю і бацьку-неба, ад якіх узнікла ўсё наступнае жыццё.
т. 1, с. 58
АВАНГА́РД
(ад аван... + франц. garde варта),
1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
т. 1, с. 58