Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,

штучнае адключэнне ўспрымання болю пры хірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асабліва хірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.

І.І.Канус.

т. 1, с. 57

АБ́-ЛЬ-ФА́РАДЖ АЛЬ-ІСФАХА́НІ

(сапр. Алі Ібн Хусейн ібн Мухамед інб Ахмед аль Курашы; 897, г. Ісфахан, Іран — 21.11.967),

арабскі паэт, вучоны. Сакратар і прыдворны паэт буідскіх правіцеляў. Вывучаў стараж. гісторыю, генеалогію, фізіялогію, паэзію. Асн. твор (працаваў над ім каля 50 гадоў) «Кніга песень» — анталогія арабскай і арабамоўнай паэзіі 7—10 ст., кашт. крыніца звестак па гісторыі л-ры і культуры Араб. халіфата. У «Кнізе падарожжаў» сабраў вершы і анекдоты за перыяд з 786 да 902.

т. 1, с. 48

«АБ ДВАНА́ЦЦАЦІ ПАКУТАХ»,

бел. апрацоўка 15—16 ст. апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах».

т. 1, с. 9

АВАГА́ДРА

(Avogadro) Амедэо (9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),

італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл. Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз. Авагадра пастаянная.

Літ.:

Быков Г.В. Амедео Авогадро. М., 1970.

т. 1, с. 57

АВАГА́ДРА ЗАКО́Н,

адзін з асноўных законаў малекулярнай фізікі, паводле якога ў роўных аб’ёмах ідэальных газаў пры аднолькавых т-ры і ціску змяшчаецца аднолькавая колькасць малекул. Адкрыты А.Авагадра ў 1811. З Авагадра закона вынікае, што пры аднолькавых т-ры і ціску 1 моль кожнага ідэальнага газу займае аднолькавы аб’ём. роўны пры нармальных умовах 22,4∙10​-3 м³, ці 22,4 л, а шчыльнасці газаў прама прапарцыянальныя іх малекулярным масам.

т. 1, с. 57

АВАГА́ДРА ПАСТАЯ́ННАЯ,

адна з асноўных фіз. пастаянных; колькасць часціц (атамаў, малекул і інш.) у адзінцы колькасці рэчыва. Пазначаецца Nа. Назва ў гонар А.Авагадра. Авагадра пастаянная істотная для вызначэння інш. фіз. пастаянных. Nа = 6,022169 (40)∙10​23 моль​-1.

т. 1, с. 57

АВАДА́НА

(санскр., літар. апавяданне),

апавяданні пра рэліг. і маральна-этычныя подзвігі будыйскіх прапаведнікаў; жанр л-ры будызму ў Індыі. Паводле традыц. уяўленняў, авадана расказваліся Будай. Найб. цікавыя з іх «Збор ста авадан» («Аваданашатака») і «Божая авадана» («Дзіўявадана»).

т. 1, с. 57

«АВАДЗЕ́НЬ»,

часопіс гумару і сатыры. Выдаваўся ў Вільні ў 1924—25 на бел. мове раз у 2 тыдні. У 1929 зроблена спроба аднавіць выданне (выйшлі 2 нумары: апошні, 13-ы, у лют. 1933). Рэдактар-выдавец А.Васілеўскі. У «Авадні» пераважаў бытавы гумар. З ростам нац.-вызв. руху закранаў і надзённыя пытанні грамадскага жыцця Зах. Беларусі, адлюстроўваў барацьбу працоўных супраць праяў сац. і нац. прыгнёту. Друкаваў гумарэскі, фельетоны, гумарыстычных і сатыр. замалёўкі Васілеўскага, Г.Леўчыка, У.Паўлюкоўскага, І.Маразовіча (Я.Маланка), В.Гаротнага і інш. З «Авадня» выйшлі заснавальнікі сатыр. час. «Маланка».

т. 1, с. 57

АВАДНІ́,

насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.

Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.

т. 1, с. 57

АВАДО́Н,

у іудаісцкай міфалогіі ўвасабленне ямы-магілы і прадоння апраметнай, якая паглынае, хавае і бясследна знішчае; вобраз, блізкі да анёла смерці. У хрысц. міфалогіі Авадон вядзе супраць чалавецтва ў канцы свету караючую раць жахлівай «саранчы».

т. 1, с. 58