АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі, ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аврыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.
т. 1, с. 60
АВА́РЫЯ
(італьян. avaria),
1) нечаканы выхад са строю тэхн. сістэмы, машыны, судна, самалёта і інш., іх пашкоджанне. Найб. частыя прычыны аварыі — адступленні ад нормаў тэхнікі бяспекі або парушэнні правілаў эксплуатацыі абсталявання, будынкаў, машын, тэхн. сістэм, памылкі ў іх праектаванні і тэхн. рэалізацыі. Буйныя аварыі на прадпрыемствах хім. і ядзернай прам-сці, транспарце (марскім, трубаправодным) могуць суправаджацца экалагічна небяспечнымі аварыйнымі выкідамі і чалавечымі ахвярамі.
2) Перан. — непрадбачанае парушэнне ў ходзе якой-н. справы; няўдача, няшчасце.
т. 1, с. 60
АВАСКО́П
(ад лац. ovum яйцо + ...скоп),
прылада для вызначэння якасці яец прасвечваннем, а таксама для кантролю за развіццём зародка ў час інкубацыі.
т. 1, с. 60
АВАТА́РА
[санскр. літар. сыходжанне, сашэсце (Бога)],
у індуізме ўвасабленне бога Вішну ў вобразах інш. багоў, людзей або жывёл. Звязана з верай у перасяленне душы, пашырана з 4—6 ст. н.э. У міфах найб. вядомы 10 аватараў Вішну (у т. л. ў выглядзе герояў Крышны, Рамы, вепра, карліка), якія здзяйсняюць подзвігі на зямлі. У будызме аватара — наогул увасабленне бажаства.
т. 1, с. 60
АВА́ЦЫЯ
(ад лац. ovatio радасць, весялосць),
бурныя, працяглыя апладысменты, якія суправаджаюцца радаснымі воклічамі з выпадку адабрэння чаго-н. або прывітання каго-н.
т. 1, с. 60
АВА́ЧЫНСКАЯ СО́ПКА,
Авача, дзеючы вулкан на ПдУ Камчаткі, каля г. Петрапаўлаўск-Камчацкі. Выш. 2741 м (новы кратэр узвышаецца ў старым). Складзены з андэзітавых і базальтавых лаваў, туфаў, шлакаў і попелу. З 1730-х г. было 15 вывяржэнняў, апошняе ў 1945. На схілах лес з каменнай бярозы, кедравы сланік. Вулканалагічная станцыя.
т. 1, с. 60
А́ВАШ,
нацыянальны парк у цэнтр. частцы Эфіопіі. Засн. ў 1969 у цясніне р. Аваш. Пл. каля 9 тыс. га. Стэпавая і лугастэпавая расліннасць з перавагай злакаў, зараснікі калючага хмызняку; у фауне — антылопы (орыкс-бейза, газель Сёмерынга, вадзяны казёл і малы куду), зебра Грэві, леапард.
т. 1, с. 60
АВЕ́ЙДЭ Аскар
(1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 60
АВЕ́КАЎ Іван Аўдзеевіч
(19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.
т. 1, с. 60
А́ВЕЛЬ,
паводле біблейскай міфалогіі сын Адама і Евы, пастух авечак, забіты з зайздрасці старэйшым братам Каінам за тое, што бог Яхве аддаў перавагу дарам Авеля. У пераносным значэнні — бязвінная ахвяра жорсткасці, правобраз усіх праведнікаў, якія церпяць ганенні.
т. 1, с. 60