АВАНГА́РД»,

кірунак у кінамастацтве 1920-х г., абумоўлены пошукамі новых сродкаў выразнасці. Найб. характэрны для франц. і ням. кіно.

У 1-й пал. 1920-х г. «авангард» абазначаўся тэрмінам «фотагенія» (паэтычны погляд на рэальнасць, выкарыстанне муз. рытмікі, алегорый, метафарычнай кінамовы, асацыятыўнага мантажу). Выявіўся ў фільмах «Я абвінавачваю» і «Кола» А.​Ганса, «Эльдарада» М.​Л’Эрб’е, «Вернае сэрца» Ж.​Эпштэйна, «Ліхаманка» Л.​Дэлюка і інш. У 2-й пал. 1920-х г. у «авангардзе» назіраецца схільнасць да эксперым. фарматворчасці на аснове выявы геам. фігур, ліній, святлаценяў, рытмічных і мантажных кампазіцый — фільмы «Механічны балет» Ф.​Лежэ, «Сімфонія вялікага горада» В.​Рутмана, серыя «Эцюды» О.​Фішынгера і інш.; вобразы ствараліся на аснове сюррэалістычных і дадаісцкіх матываў («Антракт» Р.​Клера, «Андалузскі сабака» Л.​Буньюэля, «Эмак Бакія» М.​Рэя, «Ракавіна і свяшчэннік» Ж.​Дзюлака і інш.).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)