Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫВА́ДЗІНА,

радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу і пяску, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Бабінавічы. Пластападобны паклад звязаны з надмарэннымі флювіягляцыяльнымі адкладамі паазерскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок шаравата-жоўтыя. Пясок розназярністы, з праслоямі дробназярністага, палевашпатава-кварцавы, месцамі гліністы. Разведаныя запасы 12,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2—11,3 м, ускрышы (пяскі) 0,1—5,3 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для вытв-сці бетону, буд. работ і дарожнага буд-ва.

А.​Л.​Шчураў.

т. 13, с. 56

ПРЫВА́ЛАЎ (Мікалай Іванавіч) (3.6.1868, г. Ніжні Тагіл Свярдлоўскай вобл., Расія — 28.9.1928),

расійскі музыкант-этнограф, дырыжор, кампазітар. Скончыў пецярбургскія горны (1895) і археалагічны (1903) ін-ты. Ў 1896—1913 музыкант-выканаўца Велікарус. аркестра пад кіраўніцтвам В.​Андрэева. Збіраў, даследаваў і рэстаўрыраваў рус. нар. муз. інструменты. Ў пач. 20 ст. ўдзельнічаў у стварэнні квартэта ўдасканаленых гусляў, кіраваў аркестрамі нар. інструментаў. Вёў выкладчыцкую і навук.-асв. работу, выступаў як выканаўца на нар. інструментах. Аўтар працы пра бел. нар. муз. інструменты (першая спроба іх апісання і класіфікацыі), гіст.-этнагр. нарысаў пра муз. інструменты рус. і інш. народаў, самавучыцеляў ігры на гуслях, балалайцы. Апрацоўваў нар. песні, пісаў муз. творы (опера «На Волзе», музыка да драм. сцэн «Ілья Мурамец» і «Скамарохава жонка»).

Тв.:

Народныя музычныя інструменты Беларусі. Мн., 1928.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 56

ПРЫ́ВАЛКІ, Прывалка,

вёска ў Гожаўскім с/с Гродзенскага р-на. За 37 км на ПнЗ ад Гродна. 279 ж., 110 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі, касцёл Маці Божай Шкаплернай і святых Сымона і Тадэвуша (1919).

Вядома з 16 ст. як каралеўскі двор Гродзенскага пав. Трокскага ваяв. ВКЛ. З 1762 уладанне Агінскага. 27.2.1792 атрымала герб. У 1793—95 у Гродзенскім ваяв. З 1795 у Рас. імперыі, з 1802 у Гродзенскай губ. У 1885 вёска Сабалянскай вол. Гродзенскага пав., 387 ж., 33 двары, касцёл. З 1921 у складзе Польшчы, у Гродзенскім пав. Беластоцкага ваяв., 611 ж., 112 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр Парэцкага сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не Беластоцкай вобл. З 20.9.1944 у Гродзенскай вобл., з 2.12.1961 у Гожаўскім с/с.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 57

ПРЫВА́ТНАЕ АБВІНАВА́ЧАННЕ,

форма вядзення па крымін. справах, якія ўзбуджаюцца толькі па скарзе пацярпелага або яго прадстаўніка і падлягаюць спыненню ў выніку прымірэння пацярпелага з абвінавачаным. Абвінавачанне падтрымлівае сам пацярпелы, таму называецца прыватным. У крымін. праве Рэспублікі Беларусь у парадку П.а. разглядаюцца справы аб наўмысным прычыненні лёгкага цялеснага пашкоджання, выдаванні тайны ўсынаўлення, урачэбнай тайны, аб незаконным збіранні і распаўсюджванні інфармацыі пра прыватнае жыццё, паклёпе, абразе, парушэнні аўтарскіх і сумежных з імі правоў, парушэнні недатыкальнасці жылля, тайны перапіскі і тэлефонных размоў і ў інш., прадугледжаных у заканадаўстве выпадках (поўны пералік вызначаны крымін.-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь). Па справах П.а. дазнанне і папярэдняе следства не вядуцца, узбуджэнне справы ажыццяўляецца суддзёй, прымірэнне магчыма да адыходу суда ў дарадчы пакой для вынясення прыгавору.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 13, с. 57

ПРЫВА́ТНАЕ ПРАВА,

зборнае паняцце, якое азначае галіны права, што рэгулююць адносіны, якія выяўляюць прыватныя інтарэсы і заснаваныя на незалежнасці і ініцыятыве індывід. уласнікаў і аб’яднанняў (карпарацый) у іх маёмаснай дзейнасці і асабістых адносінах, у адрозненне ад публічнага права, якое рэгулюе і ахоўвае агульныя інтарэсы. Аснову П.п. складае цывільнае права, якое рэгулюе маёмасныя і звязаныя з імі немаёмасныя адносіны, а таксама гандл. права ў яго разнастайнасцях (у краінах, дзе дзейнічае гандл. права).

т. 13, с. 57

ПРЫВА́ТНЫ ПАВЕ́РАНЫ,

прыватны адвакат па цывільных і крымін. справах у Расіі ў 19 — пач. 20 ст. У адрозненне ад прысяжнага паверанага П.п. меў права выступаць толькі ў судах, ад якіх атрымаў пасведчанне-дазвол на дзейнасць.

т. 13, с. 57

ПРЫВАТЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. privatus прыватны),

набыццё фізічнымі і юрыдычнымі асобамі права ўласнасці на аб’екты, якія належаць дзяржаве. На Беларусі ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы і продажу. У выніку П. дзяржава поўнасцю або часткова страчвае права валодання, карыстання і распараджэння гэтай уласнасцю, а дзярж. органы — непасрэднага кіравання ёю. Аб’ектамі П. з’яўляюцца: жыллё, прадпрыемствы і іх падраздзяленні, абсталяванне, будынкі і збудаванні, патэнты, паі, акцыі, ліцэнзіі, інш. матэрыяльныя і нематэрыяльныя актывы, долі дзяржавы і адм.-тэр. утварэнняў у капітале акц. т-ваў і інш. аб’яднанняў і прадпрыемстваў. Суб’ектамі П. могуць быць: грамадзяне краіны, юрыд. асобы, прац. калектывы, замежныя інвестары і асобы без грамадзянства. П. рэгулюецца Законам «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» ад 19.1.1993 і інш. заканадаўствам. Прававыя асновы П. накіраваны на стварэнне ўмоў для развіцця эфектыўнай сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, забеспячэння рэальнай разнастайнасці форм уласнасці і ажыццяўлення дзярж. антыманапольнай палітыкі. Гл. таксама Дэнацыяналізацыя.

т. 13, с. 57

ПРЫВА́Т-ДАЦЭ́Т (ням. Privatdozent ад лац. privatim прыватным чынам + docens які навучае),

вучонае званне і пасада пазаштатнага выкладчыка ва ун-тах і некат. інш. ВНУ у Рас. імперыі і ў шэрагу краін Зах. Еўропы. Адпавядае званню дацэнт.

т. 13, с. 57

ПРЫВЕ́ДЗЕНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, якая характарызуе размеркаванне мас у рухомай мех., электрамех. ці інш. сістэме. Залежыць ад фіз. параметраў сістэмы (мас, момантаў інерцыі, індуктыўнасцей і інш.) і закону яе руху. У прасцейшым выпадку сістэмы двух узаемадзейных цел з масамі M і m П.м. роўная μ = Mm/(M + m), пры гэтым формула для кінетычнай энергіі сістэмы мае такі ж выгляд, як для матэрыяльнага пункта: T = μ v​2/2, дзе ν — скорасць некаторага характэрнага пункта (напр., цэнтра мас) сістэмы, да якога прыводзіцца яе маса.

т. 13, с. 57

ПРЫВІ́ДАВЫЯ, зданевыя,

палачнікі (Phasmoptera, або Phasmida, або Phasmodea),

атрад насякомых. Каля 2,5 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на раслінах.

Даўж. да 35 см (самыя вял. з насякомых). Самкі буйнейшыя за самцоў. Форма цела палачкападобная (адсюль адна з назваў) або лістападобная (у лістацелаў). Крылаў у большасці відаў няма. Вочы добра развітыя. Ногі хадзільныя. Ротавы апарат грызучы. Расліннаедныя. У развіцці — партэнагенез, ператварэнне няпоўнае. Паводзіны і афарбоўка П. маюць прыстасавальнае значэнне: у нерухомым стане яны падобныя на галінкі, сцёблы, кавалкі кары, лісце. Здольныя доўга знаходзіцца ў стане «васковай гнуткасці» (каталепсія). Уласціва аўтатамія, страчаныя ч. цела лёгка ўзнаўляюцца.

С.​Л.​Максімава.

Да арт. Прывідавыя. Палачнікі: 1 — гіганцкі інданезійскі; 2 — індыйскі.

т. 13, с. 57