Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КО́РЗУН (Андрэй Рыгоравіч) (12.12.1911, в. Дуброва Нараўлянскага р-на Гомельскай вобл. — 5.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Удзельнік абароны Ленінграда: 5.11.1943, калі застаўся адзін з гарматнага разліку, працягваў весці агонь; цяжка паранены, накрыў сабой скрынку з артыл. снарадамі, якая загарэлася, і цаной свайго жыцця прадухіліў выбух. Яго імем названа вуліца ў г. Нароўля.

А.Р.Корзун.

т. 8, с. 419

КО́РЗУН (Мікола) (Мікалай Паўлавіч; 1.5.1934, в. Заўшыцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 22.2.1995),

бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі с.-г. тэхнікум (1956), вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1957—61). Працаваў у НДІ глебазнаўства, літ. музеях Я.Купалы ў Вязынцы (заг. у 1971—78), Я.Коласа (у 1978 і з 1982), у 1978—82 дырэктар «Кнігарні пісьменніка». Друкаваўся з 1958. Пісаў пераважна для дзяцей і юнацтва. Аўтар зб-каў апавяданняў пра таямнічы свет прыроды «Жывы куток» (1962), «Тры сонцы» (1971), дакумент. аповесцей пра дзяцей-партызан «Віця Сітніца» (1964), «Навальнічная паласа» (1979), аповесцей «Зоркі на танках» (1982), «Святло чароўнай зоркі» (1989) і інш.

т. 8, с. 419

КО́РЗУН (Міхаіл Сямёнавіч) (н. 10.8. 1935, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў БДУ (1957). З 1957 дырэктар школ у Дунілавіцкім і Кіраўскім р-нах, з 1965 на кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ. Працы па гісторыі Стараж. Грэцыі і рус. правасл. царквы. Адзін з аўтараў эксперым. падручніка для школ «Гісторыя старажытнага свету» (1998).

Тв.:

Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э. Мн., 1975;

Русская православная церковь на службе эксплуататорских классов, X в. — 1917 г. Мн., 1984;

Русская православная церковь, 1917—1945 гг. Мн., 1987.

т. 8, с. 419

КО́РЗУН (Павел Пятровіч) (4.8.1892, в. Клешаў Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 16.9.1943),

генерал-лейтэнант (1942). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1913, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадз. вайны 1918—20 на Усх. і Туркестанскім франтах: камандзір узвода, эскадрона, палка. З 1936 нам. камандзіра, камандзір дывізіі, ст. выкладчык ваен. акадэміі. У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Паўд.-Зах., Варонежскім франтах, з 1942 камандуючы арміяй. Загінуў у баі.

П.П.Корзун.

т. 8, с. 419

Корзун Іван Паўлавіч

т. 18, кн. 1, с. 410

КОРК (англ. Cork; ірл. Kopker),

горад на Пд Ірландыі. Горад з 1172. 127,3 тыс. ж. (1997). Марскі порт на р. Лі, каля яе ўпадзення ў зал. Корк Атлантычнага ак. Вузел чыгунак і аўтадарог.

Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл. цэнтр. Прам-сць; машынабудаванне (у т. л. радыёэлектроннае, с.-г., суднабудаванне і суднарамонт; аўтазборачны з-д), харч., гумавая. тэкст., швейная, абутковая. Універсітэцкі каледж. Музеі; жывапісу і скульптуры, гар. гістарычны. Адзін са старэйшых у свеце яхт-клубаў (з 1720). Арх. помнікі 18—19 ст. Паблізу — металургічны з-д, здабыча прыроднага газу.

т. 8, с. 419

КОРК (Аўгуст Іванавіч) (3.8.1887, в. Ардлакюля Йыгеваскага пав., Эстонія — 12.6.1937),

савецкі ваенны дзеяч, камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Чугуеўскае пях. вучылішча (1908), Акадэмію Генштаба (1914). У 1-ю сусв. вайну на штабных пасадах на Заходнім фронце 1915—18. З чэрв. 1918 у Чырв. Арміі. У грамадз. вайну нач. штаба Эстляндскай арміі, камандуючы 6-й і 15-й арміямі і інш. Удзельнік баёў супраць М.М.Юдзеніча, П.М.Урангеля, савецка-польскай вайны 1920. У 1924—27 камандуючы Зах. ваен. акругай (з 1926 Беларуская ваенная акруга). Чл. ЦВК БССР (1927). З 1935 нач. Ваен. акадэміі імя М.В.Фрунзе. Па абвінавачванні ў прыналежнасці да «антысав. трацкісцкай ваен. арганізацыі» прыгавораны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны. Аўтар артыкулаў па ваен. тэорыі і гісторыі.

Літ.:

Август Корк: Док. и материалы. Таллинн, 1981.

П.А.Селіванаў.

т. 8, с. 419

КО́РКА ў раслін,

покрыўная тканка, вонкавая частка кары. Штогод нарошчваецца з адмерлых паверхневых слаёў перыдэрмы. Складаецца з корку, фелагену, феладэрмы, парэнхімы кары і інш. адмерлых тканак. Паяўляецца на сцёблах і каранях раслін у розны час (напр., у вінаграднай лазы — на 1-ы год, у яблыні, грушы — на 6—8-ы, у дуба — на 25—30-ы год). Нарастанне шматгадовага сцябла ў таўшчыню прыводзіць да растрэсквання перыферычнай ч. К., злушчванню з паверхні і нарастанню знутры (таму ствалы старых дрэў маюць зрэзаную глыбокімі барознамі К., якая скідваецца). Утварэнне К. выклікаецца таксама грыбамі, лішайнікамі, мех. пашкоджаннямі перыдэрмы. Ахоўвае ствалы і галіны ад выпарэння, перагрэву, вымярзання, сонечных апёкаў, патагенных арганізмаў, аб’ядання жывёлай.

т. 8, с. 419

КО́РКАВЫЯ ЛІША́ЙНІКІ,

гл. ў арт. Лішайнікі.

т. 8, с. 420

КО́РКАВЫ ДУБ (Quercus suber),

кветкавая расліна сям. букавых. Пашыраны ў прыморскім поясе (на выш. да 400—500 м) Зах. Міжземнамор’я. Культывуецца на Пд Еўропы, Каўказе, у Кітаі.

Вечназялёныя дрэвы выш. да 20 м, дыяметр ствала каля 1 м. Карані глыбокія, стрыжнёвыя. Лісце зубчастае або суцэльнакрайняе, знізу шэрае, апушанае. Тычынкавыя кветкі ў каташках, песцікавыя — адзіночныя. Плод — жолуд. На 3—5-ы год ствол і буйныя галіны пакрываюцца коркам. Спеласць корку настае на 15—20-ы год. Выкарыстоўваюць у прам-сці.

Галінка коркавага дуба.

т. 8, с. 420