КО́РКА ў раслін,

покрыўная тканка, вонкавая частка кары. Штогод нарошчваецца з адмерлых паверхневых слаёў перыдэрмы. Складаецца з корку, фелагену, феладэрмы, парэнхімы кары і інш. адмерлых тканак. Паяўляецца на сцёблах і каранях раслін у розны час (напр., у вінаграднай лазы — на 1-ы год, у яблыні, грушы — на 6—8-ы, у дуба — на 25—30-ы год). Нарастанне шматгадовага сцябла ў таўшчыню прыводзіць да растрэсквання перыферычнай ч. К., злушчванню з паверхні і нарастанню знутры (таму ствалы старых дрэў маюць зрэзаную глыбокімі барознамі К., якая скідваецца). Утварэнне К. выклікаецца таксама грыбамі, лішайнікамі, мех. пашкоджаннямі перыдэрмы. Ахоўвае ствалы і галіны ад выпарэння, перагрэву, вымярзання, сонечных апёкаў, патагенных арганізмаў, аб’ядання жывёлай.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)