Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУ́РБАН-БУ-ХА́СА,

нафтавае радовішча ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (эмірат Абу-Дабі), за 80 км на ПдЗ ад г. Эт-Тарыф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1962. Распрацоўваецца з 1964. Паклады на глыб. 2,3—2,4 км, прымеркаваны да ніжнемелавых адкладаў (порыстыя рыфавыя вапнякі і шчыльныя вапняковыя гліны), магутнасцю 150 м. Першапачатковыя прамысл. запасы нафты 395 млн. т. Нафтаправод да порта Джэбель-Дхана і г. Рувейс.

т. 11, с. 34

МУРГА́Б,

рака ў Афганістане і Туркменістане. Даўж. 978 км, пл. бас. 46,9 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Парапаміза, цячэ ў вузкай даліне паміж хр. Банды-Туркестан і Сафедкох. На тэр. Туркменістана даліна пашыраецца, каля г. Мары перасякае Каракумскі канал. Заканчваецца М. ірыгацыйным веерам у пясках Каракумаў. Разводдзе ў сак.—маі, зімой паводкі. Расход вады ў сярэднім цячэнні каля 52 м³/с. Шэраг вадасховішчаў, у т. л. Сарыязінскае. Выкарыстоўваецца для арашэння. На М. — гарады Іалатань, Мары, Байрам-Алі.

т. 11, с. 34

МУРЗА́,

тытул цюркскай (пераважна татарскай) феад. знаці, гл. Мірза.

т. 11, с. 34

МУРЗЁНАК (Пётр Пятровіч) (н. 8.5.1951, в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1974). З 1974 у Бел. НДІ пералівання крыві, з 1984 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі (у 1991—98 заг. лабараторыі). Навук. працы па імунафізіялогіі, нейраімуналогіі, экалагічнай фізіялогіі.

Тв.:

Особенности развития лихорадки, вызванной экзо- или эндогенным пирогеном на фоне иммуносупрессии или иммуностимуляции (разам з В.М.Гурыным) // Докл. АН БССР. 1991 Т. 35, № 2;

Роль иммунной системы в периферических механизмах лихорадки //Термофизиология: Информ. бюлл. 1994. Вып. 3.

т. 11, с. 34

МУ́РМАНСК,

горад, цэнтр Мурманскай вобл. Расіі, горад-герой (з 1985). Знаходзіцца за паўн. палярным кругам. Незамярзаючы порт на беразе Кольскага зал. Баранцава м. Засн. ў 1916 (да 1917 Раманаў-на-Мурмане). 399 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Прам-сць: рыбная і рыбаперапрацоўчая, суднабудаванне і суднарамонт, буд. матэрыялаў. У М. — тралавы, селядцовы і прыёмна-трансп. флаты. Пачатковы пункт Паўн. марскога шляху; база ледакольнага, у т. л. атамнага, флоту. З ВНУ. 3 тэатры. Краязнаўчы і ваенна-марскі музеі. Каля М. — ваенна-марская база Гаджыева.

т. 11, с. 34

МУ́РМАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Займае Кольскі п-аў і прылеглыя ўчасткі мацерыка. Абмываецца Баранцавым і Белым морамі. Мяжуе на З з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Утворана 28.5.1938. Пл. 144,9 тыс. км². Нас. 1051 тыс. чал. (1997), гарадскога 91,8%. Цэнтр — г. Мурманск. Найб. гарады: Апатыты, Манчагорск, Севераморск, Кандалакша, Кіраўск. Прыроду гл. ў арт. Кольскі паўвостраў. Гал. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія, рыбная. Здабыча жал. (Аленягорск, Коўдар), апатыта-нефелінавых (Хібіны), медна-нікелевых (Печангскі р-н) руд, вермікуліту, мускавіту, пегматыту і інш. Вытв-сць першаснага алюмінію, рафінаванай медзі, нікелю. Лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі на Кольскай АЭС, каскадах ГЭС (на рэках Ніва, Тулома, Паз, Коўда, Вароніна), ЦЭЦ, ДРЭС, Кіслагубскай прыліўнай эл. станцыі. Развіта хім. (апатытавы канцэнтрат, серная к-та), чорная металургія (жалезарудны канцэнтрат), маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, харч., лёгкая, дрэваапр. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочна-мяснога кірунку), паўн. аленяў, птушак, свіней. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 0,1% тэрыторыі. Вырошчваюць марозаўстойлівыя і скараспелыя гатункі бульбы, агародніны, кармавых культур. Развіта цяплічная гаспадарка. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, паветраны. Даўж. чыгунак 903 км, аўтадарог 2,3 тыс. км. Гал. чыгунка Мурманск—Санкт-Пецярбург з адгалінаваннямі на Кіраўск, Коўдар, Алакурты і чыгунка Мурманск—Нікель з адгалінаваннем на Лінахамары. Асн. марскі порт — г. Мурманск.

Л.В.Лоўчая.

т. 11, с. 34

МУРО́Г,

сухадольная трава высокай кармавой якасці; сена з такой травы.

т. 11, с. 34

МУРО́ДАЎ (Джурабек) (н. 24.12.1942, с. Куруд Ленінабадскай вобл., Таджыкістан),

таджыкскі спявак (тэнар), выканаўца на рубобе, кампазітар. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Ленінабадскі пед. ін-т (1962). З 1963 артыст Тадж. філармоніі. У яго рэпертуары тадж. і інш. нар. песні з уласным акампанементам. Выступае і з сімф. аркестрам. Аўтар больш як 150 песень, у т. л. цыклаў на словы М.Турсун-задэ, С.Ясеніна і інш. Дзярж. прэмія Таджыкістана 1987.

т. 11, с. 34

МУРО́ЖНІЦА,

кветкавая расліна, тое, што аўсяніца.

т. 11, с. 35

МУРО́ЖНІЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Мурожніца. У Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на ПдУ ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,26 км², даўж. больш за 1,4 км, найб. шыр. 260 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 3,6 км Пл. вадазбору 38,9 км². Схілы катлавіны выш. 6—10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, забалочаныя, месцамі пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 0,8 м пясчанае, ніжэй — ілістае. У возеры расце шальнік Валенберга — рэдкі для Беларусі ахоўны від флоры. З возера выцякае р. Язвінка, упадае р. Мурожніца.

т. 11, с. 35