Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРОТАПРЭСВІ́ТЭР (ад прота... + прэсвітэр),

найвышэйшы сан белага (жанатага) духавенства ў правасл. цэрквах, які даецца як узнагарода за выслугу гадоў і заслугі перад царквой. Званне прысвойваецца, як правіла, настаяцелям кафедральных сабораў і гар. цэркваў.

т. 13, с. 42

ПРОТАРЭНЕСА́НС (ад прота... + Рэнесанс),

этап у гісторыі італьян. мастацтва 13 — пач. 14 ст., які падрыхтаваў глебу для культуры эпохі Адраджэння. Вытокі П. адносяцца да 11—12 ст. і звязаны з уздымам свабодных італьян. гарадоў, дзе хутка развіваліся рамяство і гандаль. Найб. раннія формы выявіліся ў архітэктуры Тасканы, дзе дойліды надавалі формам готыкі ўраўнаважанасць і спакой. Мастацтву П. характэрны тэндэнцыі нагляднага адлюстравання рэчаіснасці, свецкі пачатак і цікавасць да ант. спадчыны, пераканаўчасць прасторавых пабудоў, эмац. выразнасць вобразаў. Сярод прадстаўнікоў П.Арнольфа ды Камбіо, Джота ды Бандоне, П.Каваліні, Н.Пізана і інш. Тэндэнцыі П. часта спалучаліся з традыцыямі т.зв. італа-візант. мастацтва і готыкі (творчасць Дуча ды Буанінсенья, С.Марціні, братоў Ларэнцэці і інш.).

Літ.:

Алпатов М.В. Итальянское искусство эпохи Данте и Джотто. М.; Л., 1939;

Лазарев В.Н. Происхождение итальянского Возрождения. Т. 1. Искусство Проторенессанса. М., 1956.

т. 13, с. 42

ПРО́ТАС (Іосіф Ісакавіч) (н. 27.10.1925, Мінск),

бел. вучоны ў галіне нейраінфекцыйных хвароб. Д-р мед. н. (1979), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1965 у Бел. НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (кіраўнік аддзялення). Навук. працы па інфекц. захворваннях нерв. сістэмы: кляшчовым энцэфаліце, поліяміэліце, герпесвірусных інфекцыях ц. н. с., хранічных дэміэлінізуючых захворваннях, прыённых (павольных) інфекцыях, хваробе Лайма.

Тв.:

Запалный клещевой энцефалит. Мн., 1978 (разам з В.​І.​Вацяковым, В.​М.​Жданавым);

Амиотрофический лейкоспонгиоз. Мн., 1990 (у сааўт.);

Клинические проявления и течение генерализованной герпетической инфекции // Генерализованная герпетическая инфекция: Факты и концепция. Мн, 1992.

т. 13, с. 42

ПРО́ТЧАНКА (Васіль Ульянавіч) (н. 7.4.1930, в. Зарэчча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педагогікі і мовазнаўства. Д-р пед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1958). З 1971 у Нац. ін-це адукацыі, з 1995 адначасова гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Навук. працы па педагогіцы і філасофіі адукацыі. Аўтар падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Тв.:

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Словазлучэнне. Просты сказ. Мн., 1984;

Шматаспектны аналіз пры вывучэнні сінтаксісу беларускай мовы. Мн., 1987;

Вывучэнне сінтаксісу ў школе: Складаны сказ. Мн., 1989;

Адукацыя, школа і нацыянальная культура (разам з В.​П.​Протчанка) // Пачатковая школа. 1993. № 1;

Новая праграма па беларускай мове і навучальны працэс // Роднае слова. 1994. №1;

Пераказы ў пачатковай школе. Мн., 1999 (разам з Я.​М.​Лаўрэлем).

В.​У.​Чэчат.

т. 13, с. 42

ПРОТЭРАГІНІ́Я, протагінія (ад npoma... + грэч. gynē жанчына),

выспяванне рыльцаў песцікаў раней за выспяванне пыльнікаў у кветках (напр., у бружмелевых, злакаў). Перашкаджае самаапыленню. Гл. таксама Протэрандрыя.

т. 13, с. 42

ПРОТЭРАНДРЫ́Я, пратандрыя (ад прота... + грэч. andreios мужчынскі),

выспяванне пыльнікаў раней за рыльцы песцікаў у кветках (напр., у складанакветных, парасонавых). Перашкаджае самаапыленню. Гл. таксама Протэрагінія.

т. 13, с. 42

ПРО́ФІЛІ МЕТАЛІ́ЧНЫЯ,

даўгамерныя вырабы рознага папярочнага сячэння (вугалкі, швелеры, лісты, трубы, рэйкі і інш). Атрымліваюцца пракаткай (пракатныя профілі), прасаваннем (прасаваныя профілі), гібкай (гнутыя профілі). Адрозніваюць пракатныя профілі з пастаянным сячэннем па даўжыні, пераменныя профілі (памеры па даўжыні ці форма папярочнага сячэння мяняюцца) і спецыяльныя. Прасаваныя профілі ў залежнасці ад канфігурацыі папярочнага сячэння падзяляюцца на суцэльныя і пустацелыя. Іх вырабляюць таксама са сталі, тытанавых, магніевых, медных, нікелевых і інш. сплаваў. Гнутыя профілі атрымліваюць на профілягібачных станах з ліставога металу (сталь, каляровыя металы і сплавы). Шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Профілі металічныя: 1 — квадратны; 2 — круглы; 3 — паласавы; 4 — вуглавы; 5 — двухтаўровы; 6 — швелерны; 7 — чыгуначная рэйка; 8 — трамвайная рэйка; 9 — шпунтавы; 10 — паласа для турбінных лапатак.

т. 13, с. 42

ПРО́ФІЛЬ (франц. profil),

1) абрыс, від твару або прадмета збоку.

2) Вертыкальнае (папярочнае ці падоўжанае) сячэнне якога-н. участка, паверхні, прадмета; від, форма чаго-н. у разрэзе.

3) Сукупнасць асн. тыповых рыс, якія характарызуюць гаспадарку, прафесію, спецыяльнасць.

т. 13, с. 42

ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,

падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.

Да арт. Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.

т. 13, с. 42

ПРО́ХАРАВА (Віялета Ігараўна) (н. 17.11.1941, г.п. Чэрлак Омскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі і анкалогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1999). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1964). З 1964 у БелНДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1981 заг. аддзела). Навук. працы па гарманальна-метабалічных узаемаадносінах у сістэме «пухліна—арганізм», біяхім. перабудовах у арганізме анкалагічных хворых пры комплексным і камбінаваным лячэнні, пухлінных маркёрах, паказчыках электроннага парамагнітнага рэзанансу ў дыягностыцы раку.

Тв.:

Рак и циклические нуклеотиды: Механизмы опухолевого роста, гормоночувствительность опухолевой ткани, пробл. клинич. онкологии. Мн., 1993 (разам з Л.​М.​Берштэйнам, Я.​Ф.​Канаплёй);

Лабораторная оценка побочных реакций организма на многокомпонентную химиотерапию злокачественных опухолей у детского контингента больных (у сааўт.) // Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1999.

т. 13, с. 42