ПРО́СТЫ ЛІК,
цэлы дадатны лік, які перавышае 1 і не мае інш. дзельнікаў акрамя 1 і самога сябе. Напр., 2, 3, 5, 7, 11, ... . Паняцце «П.л.» з’яўляецца асноўным пры вывучэнні падзельнасці натуральных лікаў: любы натуральны лік адназначна раскладаецца на здабытак П.л. Існуе бясконцае мноства П.л. (тэарэма Эўкліда). Для знаходжання П.л. карыстаюцца рэшатам Эратасфена: з табліцы натуральных лікаў выкрэсліваецца 1, лік 2 — П.л. — пакідаецца, выкрэсліваюцца ўсе цотныя лікі, лік 3 (1-ы з нявыкрасленых) будзе простым, далей выкрэсліваюцца лікі, кратныя 3, і г.д.
т. 13, с. 41
ПРО́СТЫ СКАЗ,
сінтаксічная адзінка, што ўтворана па пэўным граматычным узоры, валодае значэннем прэдыкатыўнасці, мае ўласную семантычную структуру, выконвае акрэсленую камунікатыўную задачу, на якую ўказвае інтанацыя і пэўны парадак слоў. Напр., «З краю лесу стаіць адзінокая хатка палясоўшчыка» (Я.Колас). П.с. з’яўляецца тыповым няўскладненым увасабленнем сказа. Проціпастаўляецца складанаму сказу, ад якога адрозніваецца тым, што ў якасці грамат. асновы мае толькі адно прэдыкатыўнае спалучэнне (напр., «Бацька прыехаў на заходзе сонца» і «Бацька прыехаў, калі заходзіла сонца»), Мае складаную ўнутр. будову, таму можа аналізавацца з розных пазіцый: колькасці і якасці членаў сказа, яго структурнай схемы, рэалізаванай семантыка-сінтакс. мадэлі, камунікатыўнага задання, мадальнасці, грамат. правільнасці, лагічных і грамат. асаблівасцей.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.
А.Я.Міхневіч.
т. 13, с. 41
ПРОТАБАЛГА́РЫ, прабалгары,
цюркскамоўны народ, які ўдзельнічаў у этнагенезе балгар і шэрагу сучасных цюркскамоўных народаў (казанскія татары і інш.). Першыя звесткі пра П. адносяцца да 4 ст. У 1-й пал. 7 ст. ў Прыазоўі і Ніжнім Паволжы склаўся саюз протабал. плямён на чале з ханам Кубратам, які распаўся ў сярэдзіне 7 ст. У 2-й пал. 7 ст. пад націскам хазар ч. П. перасялілася на Пн у бас. р. Кама, дзе ў далейшым узнікла дзяржава Балгарыя Волжска-Камская. Другая група П. на чале з ханам Аспарухам пасялілася ў ніжнім цячэнні Дуная, дзе ў саюзе з мясц. славянамі стварыла ў канцы 7 ст. Балгарскае царства (гл. Балгарыя). Частка П. захавалася на Паўн. Каўказе і прыняла ўдзел у этнагенезе карачаеўцаў, балкарцаў і інш.
т. 13, с. 41
ПРОТАДЫЯ́КАН,
першы або галоўны дыякан у епархіі, звычайна пры кафедральным саборы. Званне П. можа прысвойвацца і як узнагарода.
т. 13, с. 41
ПРОТАЗААЛО́ГІЯ (ад прота... + заалогія),
раздзел заалогіі, у якім вывучаюцца аднаклетачныя жывёльныя арганізмы, або прасцейшыя.
Вылучаюць агульную, мед., вет. і палеанталагічную П Агульная П. вывучае марфалогію прасцейшых, іх хім. састаў, спосабы размнажэння і цыклы развіцця, сістэматыку і філагенію, экалогію, ролю ў біяцэнозах, паразітацэнозах і інш. Медыцынская П. вывучае прасцейшых як узбуджальнікаў захворванняў чалавека, іх уздзеянне на арганізм, шляхі пераносу ўзбуджальнікаў, магчымасці іх існавання ў навакольным асяроддзі, пытанні эпідэміялогіі, прыроднай ачаговасці, зменлівасці ўзбуджальнікаў, іх генет. і інш. асаблівасці, што спалучае мед. П. з паразіталогіяй. Ветэрынарная П. вывучае прасцейшых пераважна з мэтай задавальнення патрэб прамысл. жывёлагадоўлі і аховы навакольнага асяроддзя. Па задачах і метадах блізкая да мед. П. Палеанталагічная П. вывучае рэшткі стараж. прасцейшых з геал. адкладаў і выкарыстоўвае іх у якасці індыкатараў пры вызначэнні геал. ўзросту зямных парод. Тэрмін «П.» часам выкарыстоўваюць як сінонім пратысталогіі.
Літ.:
Догель В.А., Полянский Ю.И., Хейсин Е.М. Общая протозоология М.; Л., 1962;
Фауна и систематика одноклеточных животных. Л., 1978.
А.М.Петрыкаў.
т. 13, с. 41
ПРОТАЗАО́ЗЫ,
група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.
т. 13, с. 41