Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРО́ПАЛІС (грэч. propolis),

вуза, пчаліны клей, смалістае араматычнае рэчыва, якое выпрацоўваецца пчоламі меданоснымі; сумесь смалістых выдзяленняў пупышак і кветак раслін і сакрэту залоз пчол. Пчолы ім паліруюць ячэйкі сотаў, заклейваюць шчыліны ў вуллі і інш. З аднаго вулля за сезон збіраюць 100—200 г П.

Сіропападобная цёмна-зялёная ці бурая маса, пры захоўванні цвярдзее, робіцца крохкай. Раствараецца ў арган. растваральніках. Змяшчае раслінныя смолы (да 55%), воск (да 30%), эфірныя алеі (да 15%), вугляводы, амінакіслоты, вітаміны і інш. кампаненты (больш за 150). Выкарыстоўваецца ў медыцыне, ветэрынарыі, мае бактэрыцыдныя, антытаксічныя, процізапаленчыя, абязбольвальныя і стымулюючыя ўласцівасці.

т. 13, с. 40

ПРОПРЫЯРЭЦЭ́ПТАРЫ, прапрыяцэптары (ад лац. proprius уласны, асаблівы + рэцэптары),

спецыялізаваныя чуллівыя нервовыя канцы (механарэцэптары) апорна-рухальнага апарату пазваночных жывёл і чалавека. Самы пашыраны від — свабодныя нерв. канцы, а найб. спецыялізаваныя структуры — мышачныя верацёны (у шкілетных мышцах) і органы Гольджы (у сухажыллях). Узбуджэнне ў П. узнікае пры нацяжэнні мышачных валокнаў, сухажылляў, фасцый, пры скарачэнні або пасіўным расцяжэнні мышцы. Імпульсы, што паступаюць у ц. н. с. ад мышачных валокнаў, аблягчаюць узнікненне актыўнасці ў рухальных нейронах сваёй мышцы і тармозяць скарачэнні мышцы-антаганіста. Імпульсы, што прыходзяць ад органаў Гольджы, маюць процілеглы эфект. У мозг ад П. паступае інфармацыя аб становішчы часткі цела ў прасторы, стане мышцаў, ступені іх напружання. Невял. здольнасць П. да адаптацыі дазваляе ц. н. с. бесперапынна атрымліваць сігналы аб стане шкілетнай мускулатуры і ажыццяўляць бесперапынную складана-каардынаваную рухальную дзейнасць арганізма. Актыўнасць П. ляжыць у аснове мышачнага пачуцця. Часам да П. адносяць рэцэптары вестыбулярнага апарату, сэрца і крывяносных сасудаў.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 40

ПРО́РВА,

рака ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрысвята (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 12 км. Вадазбор (пл. 716 км²) на зах. ускраіне Браслаўскай грады. Выцякае з воз. Дрысвяты каля в. Дрысвяты, цячэ праз азёры Ставок і Аболе, вусце за 0,5 км на ПдЗ ад в. Абалікшты. Рэчышча слабазвілістае. Паміж азёрамі Ставок і Аболе на рацэ ў 1953 пабудавана міжкалгасная ГЭС «Дружба народаў».

т. 13, с. 40

ПРО́РЫСЬ,

у старажытным жывапісе контурны малюнак на паперы, які для жывапісца быў іканаграфічным узорам або матэрыялам пры кампаноўцы кананічных схем абраза, насценнай размалёўкі, мініяцюры. П. магла быць малюнкам ад рукі (нават самаст. кампазіцыяй), механічнай копіяй з жывапіснага арыгінала і інш. Найчасцей па контуры малюнка П. рабілі невял. адтуліны, праз якія спосабам прыпароху (нанясенне тоўчанага вугалю ці інш. фарбавальніка) выява пераносілася на аснову будучага твора. Лепшыя П. складаліся ў спец. альбомы для іканапісцаў.

т. 13, с. 40

ПРО́СА (Panicum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс. гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.

П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.

Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.

т. 13, с. 40

«ПРО́СА»,

«Ляда», бел. нар. гульня. Вядома ўсім усх.-слав. народам. Верагодна, была прымеркавана да веснавых аграрна-магічных абрадаў, элементы якіх арганічна спалучаліся са шлюбнай сімволікай. Удзельнікі становяцца ў 2 рады (хлопцы насупраць дзяўчат) і, узяўшыся за рукі, спяваюць па чарзе: «Дзеўкі проса сеялі, сеялі» — «А мы проса вытапчам, вытапчам». Заканчваецца песня словамі: «Мы дзевачку забяром, забяром» — «Мы вам коней аддаём, аддаём». Затым хлопцы забіраюць дзяўчыну ў свой рад або ловяць удзельніка, які бяжыць паміж радамі («Ляда»). Гульня спыняецца, калі ўсе ўдзельнікі з аднаго рада пяройдуць у другі.

А.​Ю.​Лозка.

т. 13, с. 40

ПРО́СВІРА,

прынашэнні хрысціян у абшчыну ў першыя стагоддзі існавання хрысціянства; пазней — невялікі круглы хлеб з пшанічнага крутога прэснага цеста, які ў правасл. богаслужэнні выкарыстоўваецца ў час прычашчэння. На верхняй частцы П. выціснена выява крыжа і літары «ІС», «ХС», «НІ», «КА» («Ісус Хрыстос перамагае»), У каталіцкіх і лютэранскіх цэрквах для гэтых мэт выкарыстоўваюцца госціі — невял. круглыя праснакі з пшанічнай мукі з выявай ягняці або крыжа.

т. 13, с. 41

ПРОСТАГЛАНДЗІ́НЫ,

біялагічна актыўныя рэчывы з шырокім спектрам фізіял. дзеяння; адносяцца да тлустых кіслот. Выяўлены ў тканках і органах большасці жывёл, чалавека і некат. раслін. Вядома каля 20 прыродных П. Першапачаткова лічыліся сакрэтам праста́ты (адсюль назва). Найважн. фізіял. ўздзеянне П. — здольнасць выклікаць скарачэнні гладкіх мышцаў, асабліва мышцаў маткі і яйцаводаў (утрыманне П у тканках маткі пры родах і менструацыі значна павышаецца), мышцаў стрававальнай і дыхальнай сістэм, крывяносных сасудаў. П. зніжаюць здольнасць трамбацытаў да агрэгацыі, выдзяленне стрававальнага соку і яго кіслотнасці, актывізуюць дзейнасць ц. н. с. і інш.

Маюць шкілет з 20 атамаў вугляроду і цыклапентанавае кольца. У залежнасці ад структуры кольца адрозніваюць П. тыпаў E, F (фізіялагічна больш важныя), A, B, C, D, якія валодаюць розным спецыфічным уздзеяннем Напр., П. A зніжае крывяны ціск і не стымулюе гладкія мышцы інш. органаў, П. E зніжае крывяны ціск і адначасова стымулюе гладкія мышцы. Біясінтэз П. адбываецца ў семявых пузырках, у матцы, мозгу, трамбацытах, міякардзе, эндакрынных залозах і інш. тканках і органах. З прычыны надзвычай хуткага распаду (долі секунды — 2 мін) П., у адрозненне ад класічных гармонаў, дзейнічаюць побач з месцам сакрэцыі. Уздзеянне на фізіял. працэсы адбываецца праз рэгуляцыю ўнутрыклетачных пасрэднікаў (цыклічных нуклеатыдаў), якія ўплываюць на сінтэз бялкоў. П. таксама прымаюць удзел у рэгуляцыі клетачнага адказу на нейрагумаральнае ўздзеянне. Прэпараты П. і іх вытворныя выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

Літ.:

Варфоломеев С.Д., Мевх А.Т. Простагландины — молекулярные биорегуляторы. М., 1985.

С.​С.​Ермакова.

т. 13, с. 41

ПРО́СТАЕ РЭ́ЧЫВА,

рэчыва з атамаў аднаго элемента хімічнага; форма існавання хім. элементаў у прыродзе. П.р. падзяляюць на металы і неметалы. Многія хім. элементы існуюць у выглядзе некалькіх П.р., якія адрозніваюцца саставам малекул (напр., кісларод і азон, гл. Алатропія), тыпам крышт. рашоткі (гл. Полімарфізм у хіміі) і інш. ўласцівасцямі. Вядома больш за 500 П.р.

т. 13, с. 41

ПРО́СТАЕ ЎЗНАЎЛЕ́ННЕ,

гл ў арт. Узнаўленне.

т. 13, с. 41