КО́НГА ЎПА́ДЗІНА,
шырокае паніжэнне ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга. Дыям. каля 1000 км. Адпавядае сінеклізе Афрыканскай платформы, запоўненай магутнай тоўшчай стараж. і сучасных асадкавых парод (пясчанікі, сланцы, пясок, гліна). Плоскае днішча размешчана на выш. 300—500 м, акаймавана ступеньчатымі плато і пласкагор’ямі. Дрэніруецца р. Конга і рэкамі яе басейна. Гарачы, вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны клімат. Сярэднямесячныя т-ры ад 23 °C да 27 °C. Ападкаў да 2000 мм і больш за год. Вечназялёныя вільготныя і лістападныя лясы.
т. 8, с. 405
КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),
англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.Свіфта, А.Поўпа.
Тв.:
Рус. пер. — Комедии. М., 1977.
Н.М.Саркісава.
т. 8, с. 405
КО́НДА,
рака ў Зах. Сібіры, левы прыток р. Іртыш. Даўж. 1097 км, пл. бас. 72,8 тыс. км². У басейне шмат азёр. Цячэ па зах. ускраіне Зах.-Сібірскай раўніны. Вельмі звілістая. Асн. прытокі: Мулым’я, Вял. Тап (злева), Еўра, Кума (справа). Жыўленне мяшанае, з перавагай снегавога. Ледастаў з канца кастр. — пач. ліст. да канца крас. — сярэдзіны мая. Сярэдні расход вады каля с. Алтай 327 м³/с. Суднаходная на 744 км ад вусця. Сплаўная. На К. — г. Урай.
т. 8, с. 405