КО́НГА (Congo),

Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас. р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс. км². Нас. 47 440 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр. ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г. Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст. адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.

Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас. р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн. кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас. р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач. н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас. р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас. р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.

ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас. р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш. еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г. Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.

У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр.

адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.

Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн. га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн. га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс. т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс. т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс. м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс. т (1994). У прамысловасці найб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас. р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс. т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.

Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал. прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс. км, чыгунак 5,1 тыс. км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс. км, з іх 2,4 тыс. км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд. дол., імпарт — 0,87 млрд. дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн. навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед. ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.

Літ.:

Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.

З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.
Да арт. Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)