Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МУЛУ́Я,

рака ў Марока. Даўж. 520 км, пл. бас. больш за 50 тыс. км². Пачынаецца на схілах хр. Сярэдні Атлас, упадае ў Міжземнае м. Сярэдні расход вады каля г. Мешра-Кліла 23 м³/с. У ніжнім цячэнні гідравузел і арашальная сістэма Мешра-Хамады, вышэй плаціна, ГЭС, вадасховішча і арашальная сістэма Мешра-Кліла.

т. 11, с. 22

МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.

т. 11, с. 22

МУЛЬКВІСІ́Н, сусін,

у карэйскай міфалогіі агульная назва вадзяных духаў, што жылі ў морах, рэках, балотах і калодзежах. Лічылася, што душы тапельцаў рабіліся М. Каб уміласцівіць М. і пазбегнуць бедстваў, звязаных з воднай стыхіяй, жыхары Карэі прыносілі ахвяры духам чатырох мораў і сямі вял. вадаёмаў.

т. 11, с. 22

МУ́ЛЬНАЕ ВО́ЗЕРА У Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., у бас. р. Ясельда, за 25 км на Пн ад г. Іванава. Пл. 0,51 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 2,5 км. Схілы катлавіны нізкія, разараныя, на З і У пад хмызняком. На Пн тэраса выш. 2 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае.

т. 11, с. 22

МУЛЬТА́Н,

1) баваўняная тканіна з начасаным ворсам з левага боку. З М. шыюць нацельную бялізну, дзіцячае адзенне.

2) Гатунак тур. тытуню.

т. 11, с. 22

МУ́ЛЬТАН (Мікалай Мікалаевіч) (24.11. 1900, в. Някрасаўшчына Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 19.9.1975),

ген.-лейт. (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Аб’яднаную бел. вайсковую школу імя ЦВК БССР (1927), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1951). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну на Паўд., Петраградскім, Зах. франтах; у Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., 2-м і 3-м Бел. франтах: камандзір стралк. палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў пад Масквой, вызвалення Смаленска, Цверы, Магілёва, штурму Кёнігсберга. У чэрв. 1944 корпус пад камандаваннем М. вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра ў Магілёўскай вобл. і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. 16.7.1944 яго корпус вызваліў Гродна. Да 1959 у Сав. Арміі.

М.М.Мультан.

т. 11, с. 22

МУЛЬТАТУ́ЛІ [Multatuli; сапр. Дэкер (Dekker) Эдуард Даўэс; 2.3.1820, Амстэрдам — 19.2.1887],

нідэрландскі пісьменнік і публіцыст. У 1838—56 служыў у калан. адміністрацыі ў Інданезіі, актыўна абараняў правы карэннага насельніцтва. Гэтай тэме прысвяціў раман «Макс Хавелаар, альбо Кававыя аўкцыёны Нідэрландскага гандлёвага таварыства» (1860), у якім цэнтр. месца займаюць сац.-крытычныя матывы. У аўтабіягр. рамане «Лісты кахання» (1861), кн «Ідэі» (т. 1—7, 1862—77) дыяпазон крытычнага аналізу М. пашырыўся да пытанняў эстэтыкі, філасофіі, рэлігіі і маралі. Аўтар асветніцкіх драм «Нябесная нявеста» (1843, выд. 1864), «Школа князёў» (1872), публіцыстычных прац.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1949;

Макс Хавелаар... М., 1959.

Літ.:

Мультатули: Биобиблиогр. указ. М., 1971.

Л.П.Баршчэўскі.

Мультатулі.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫ... (ад лац. multum многа), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на мноства, множнасць, шматразовасць, напр., мультымільянер, мультывібратар, мультыполь.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫВІБРА́ТАР (ад мульты... + вібратар),

двухкаскадны імпульсны генератар, які стварае разрыўныя ваганні амаль прамавугольнай формы. Выкарыстоўваецца як генератар імпульсаў, дзялільнік частаты, бескантактны пераключальнік у радыёлакацыі, аўтаматыцы, вымяральнай і выліч. тэхніцы і інш.

Вырабляецца на электронных лямпах, транзістарах (найб. пашырана), тырыстарах і інтэгральных мікрасхемах. Можа працаваць у неперарыўным ці чакальным рэжымах генерацыі. У чакальным рэжыме (затарможаны М., аднавібратар, спускавое прыстасаванне, кіпрэле) М выкарыстоўваецца як фарміравальнік імпульсаў, для затрымкі імпульсаў, а таксама для шыротна-імпульснай і фазава-імпульснай мадуляцыі ваганняў і інш. Існуюць мнагафазныя (л-фазныя) М., якія генерыруюць паслядоўнасць л зрушаных у часе і прасторы імпульсаў і выкарыстоўваюцца ў многаканальных сістэмах адбору, перадачы і пераўтварэння інфармацыі. Гл. таксама Імпульсная тэхніка.

Схема сіметрычнага мультывібратара (а) і сігналы (б), што ім генерыруюцца: Tp1, Tp2 — транзістары; C1, C2 — кандэнсатары; R1—R4 — рэзістары; E — напружанне крыніцы сілкавання; UK — напружанне на калектары (выхадны сігнал); T — перыяд ваганняў; T1, T2 — працягласць рабочых тактаў.

т. 11, с. 23

МУЛЬТЫМЕ́ДЫЯ (ад мульты... + лац. media які пасрэднічае),

электронная інфарм. тэхналогія, якая забяспечвае карыстальніка ўсімі відамі інфарм. паслуг у інтэрактыўным рэжыме (па запатрабаванні карыстальніка). Тэрмін узнік у канцы 1960 — пач. 1970-х г. як сінонім сродкаў масавай інфармацыі (напр., кнігі, часопісы, тэле- і радыёперадачы); часта ўжываецца ў спалучэннях сістэма М., тэхналогія М., праграмныя сродкі М., тэрмінал М.

Да М. адносяць віды інфармацыі, якія можна атрымаць па каналах электрасувязі ці з яе электронных носьбітаў: відэа-, гукавую, тэкставую і графічную інфармацыю, статычную і дынамічную камп’ютэрную графіку (у т. л. 3-мерную), а таксама электронныя версіі кніг, газет і часопісаў, якія ўключаюць тэкст і каляровыя ілюстрацыі, невял. відэаролікі з гукавымі эфектамі.

А.П.Ткачэнка.

т. 11, с. 23