Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРАТЭІ́НАВЫЯ КАРМЫ́,

тое, што бялковыя кармы.

т. 13, с. 26

ПРАТЭІНАТЭРАПІ́Я (ад пратэіны + тэрапія),

метад лячэння захворванняў бялковымі рэчывамі, якія ўводзяць у арганізм чалавека або жывёлы, мінаючы страўнікава-кішачны тракт. Для П. звычайна выкарыстоўваюць уласную кроў хворага (аўтагематэрапія), донарскую (ізагематэрапія), сывараткі (сератэрапія) і вакцыны (вакцынатэрапія), малако ў выглядзе 5% раствору казеіну (лактатэрапія). П. стымулюе імунную сістэму, паскарае загойванне язваў і ран, якія доўга рубцуюцца. Ужываецца пры некат. формах хранічных захворванняў суставаў, гідрадэніту і інш. Пры хранічных інфекцыях спалучаюць П. з антыбіётыкамі.

т. 13, с. 26

ПРАТЭІНКІНА́ЗЫ,

ферменты класа трансфераз, якія ўдзельнічаюць у фасфарыліраванні бялкоў. Адрозніваюцца спецыфічнасцю: розныя П. фасфарыліруюць розныя бялкі. Гл. таксама Кіназы.

т. 13, с. 26

ПРАТЭІНУРЫ́Я (ад пратэіны + грэч. uron мача),

павышаная колькасць бялку ў мачы (0,033 г/л і вышэй). Пры захворваннях нырак найб. пашырана клубочкавая П. Бывае таксама канальцавая, застойная (пры застоі крыві ў нырках ад сардэчнай недастатковасці), ортастатычная і інш.

т. 13, с. 26

ПРАТЭІ́НЫ (ад грэч. prōtos першы),

простыя бялкі, якія складаюцца з астаткаў амінакіслот, злучаных паміж сабой пептыднай сувяззю. Тэрмін «П.» ўжываюць і як сінонім бялкоў.

т. 13, с. 26

ПРАТЭ́Й,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскі бог, пастух цюленевых статкаў. Быў стары, меў вял. колькасць дзяцей (пратыдаў), вызначаўся здольнасцю прымаць выгляд розных істот, прароцкім дарам, вял. дасведчанасцю. Лічыўся таксама стараж. царом Егіпта, дзе, паводле некаторых міфаў, у яго ў час Траянскай вайны знаходзілася сапраўдная Алена, у той час як Парыс валодаў толькі яе прывідам.

т. 13, с. 27

ПРАТЭКТАРА́Т (ад лац. protektor абаронца, заступнік),

форма залежнасці адной дзяржавы ад другой. Пры П. фармальна захоўвалася бачнасць дзяржаўнасці, але за пратэктарам прызнаваліся шырокія правы і паўнамоцтвы на ўмяшанне ва ўнутр. справы дзяржавы, якая пратэжыруецца. Пратэктар, як правіла, прысвойваў сабе многія сферы дзярж. дзейнасці: знешнія зносіны, вярх. ваен. камандаванне, правасуддзе, збіранне некаторых падаткаў і інш. Усе гэтыя функцыі кіравання былі падсправаздачныя рэзідэнту пратэктара. П. быў этапам на шляху ўстанаўлення каланіяльнага панавання ў дзяржавах, супраціўленне якіх каланізатарам не ўдавалася адразу і поўнасцю пераадолець. Напр., у Мадагаскары П. 1885—96 папярэднічаў устанаўленню Францыяй там свайго каланіяльнага панавання; японскі П., устаноўлены ў Карэі ў 1905, папярэднічаў яе анексіі ў 1910. Нацысцкая Германія ўстанавіла свой П. у Чэхіі і Маравіі пасля таго, як акупіравала іх. У канцы 20 ст. П., як і любая форма каланіяльнай залежнасці, не існуе.

т. 13, с. 27

ПРАТЭ́КЦЫЯ (ад лац. protectio ахова, заступніцтва),

апякунства, падтрымка з боку ўплывовых асоб, якія спрыяюць уладкаванню чыіх-н. спраў.

т. 13, с. 27

ПРАТЭКЦЫЯНІ́ЗМ (ад пратэкцыя),

эканамічная і прававая палітыка дзяржавы, накіраваная на ахову нац. эканомікі ад замежнай канкурэнцыі. Рэалізуецца з дапамогай фін. заахвочвання айч. прам-сці, стымулявання экспарту, абмежавання імпарту. Для ранніх стадый капіталізму быў характэрны «абарончы» П. (ахова нац. галін прам-сці), для сучаснага этапу — «наступальны» П. (абарона найб. развітых, высокаманапалізаваных галін прам-сці, заваяванне знешніх рынкаў шляхам экспарту капіталу, дэмпінгу і інш.). Развіццё інтэграцыйных працэсаў абумовіла з’яўленне калект. П. — узгодненай эканам. палітыкі групы дзяржаў, якая праводзіцца ў інтарэсах іх нац. гаспадарак. Тэрмін «П.» абазначае таксама сістэму пратэкцый.

т. 13, с. 27

ПРАТЭО́ЛІЗ (ад прата... + лізіс),

працэс ферментатыўнага расшчаплення бялкоў да пептыдаў і амінакіслот. У біял. сістэмах пашыраны рэакцыі абмежаванага П., калі гідролізу падпадае толькі абмежаваная колькасць сувязей, размешчаных на паверхні бялковай малекулы, што прыводзіць да ўтварэння невял. колькасці фрагментаў. З рэакцыямі абмежаванага П. звязана ажыццяўленне шэрагу фізіял. працэсаў.

т. 13, с. 27