ПАЗАСУДО́ВЫЯ О́РГАНЫ,
дзяржаўныя органы ў СССР, надзеленыя ў неканстытуцыйным парадку правам ажыццяўлення рэпрэсіўных мер без прытрымлівання крымінальна-працэсуальных норм. 21.2.1918 СНК РСФСР даў Усерас. надзвычайнай камісіі (ВЧК) і яе органам права пазасудовага разгляду спраў за контррэв., службовыя і інш. агульнакрымінальныя злачынствы з вызначэннем меры пакарання аж да расстрэлу на месцы злачынства, 5.9.1918 — права знявольваць «класавых ворагаў» у месцы пазбаўлення волі, а асоб, якія ўдзельнічалі ў белагвардзейскіх арг-цыях, змовах і мяцяжах, — расстрэльваць. Пасля ліквідацыі ВЧК і ўтварэння 6.2 1922 Дзярж. паліт. ўпраўлення (ДПУ) пры НКУС РСФСР (гл. Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР) органы ДПУ былі пазбаўлены права пазасудовага разгляду спраў. Але 16.10.1922 паводле пастановы ВЦВК РСФСР ім зноў дадзена права «пазасудовай расправы аж да расстрэлу ў адносінах да ўсіх асоб, злоўленых з доказамі на месцы злачынства пры бандыцкіх налётах і ўзброеных грабяжах». Асобай камісіі НКУС па высылках дазвалялася высылаць і знявольваць у лагеры прымусовых работ дзеячаў антысав. паліт. партый і рэцыдывістаў. 28.3.1924 у сувязі са стварэннем Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ) ЦВК СССР усклаў на Асобую нараду пры АДПУ вынясенне пастаноў пра адм. высылкі, ссылкі і зняволенні ў канцэнтрацыйны лагер. Адначасова ажыццяўляла пазасудовую дзейнасць і калегія АДПУ. Цыркулярамі АДПУ ад 29.10.1929 і 8.4.1931 у цэнтр. апараце створаны «тройкі» для папярэдняга разгляду закончаных следчых спраў і наступнага іх дакладу на суд. пасяджэннях калегіі ці Асобай нарады. 3.2.1930 Прэзідыум ЦВК СССР даў АДПУ права на час правядзення кампаніі па «ліквідацыі кулацтва» перадаваць свае паўнамоцтвы па пазасудовым разглядзе спраў паўнамоцным прадстаўнікам (ПП) АДПУ у рэспубліках, краях і абласцях. 10.7.1934 АДПУ скасавана і ўтворана НКУС СССР. Пры наркоме ўнутр. спраў створана Асобая нарада, якой давалася права выносіць прыгаворы пра зняволенне ў папраўча-працоўныя лагеры, ссылцы і высылцы да 5 гадоў ці высылцы па-за межы СССР асоб, якія «прызнаваліся грамадска небяспечнымі». У наступныя гады паўнамоцтвы Асобай нарады значна пашыраны. Паводле рашэння Дзярж. к-та абароны ад 17.11.1941 ёй дадзена права па справах «аб контррэвалюцыйных злачынствах і асабліва небяспечных дзеяннях супраць парадку кіравання СССР» вызначаць меру пакарання аж да расстрэлу. Асобая нарада існавала і пры МУС СССР. 27.5.1935 загадам НКУС СССР у НКУС рэспублік, упраўленнях НКУС па краях і абласцях арганізаваны «тройкі» НКУС, на якія пашыраліся правы Асобай нарады. «Тройкі» прымалі рашэнні пра высылку, ссылку ці зняволенне ў лагеры на тэрмін да 5 гадоў. У сувязі з правядзеннем масавых аперацый у адносінах да «былых кулакоў, членаў антысавецкіх партый, белагвардзейцаў, жандараў і чыноўнікаў царскай Расіі, бандытаў, рээмігрантаў, удзельнікаў антысавецкіх арганізацый, царкоўнікаў і сектантаў, крымінальнікаў-рэцыдывістаў» загадам НКУС СССР ад 30.7.1937 створаны рэсп., краявыя і абл. «тройкі» для разгляду спраў на названых асоб, якія па мерах пакарання разбіваліся на 2 катэгорыі: да 1-й адносіліся тыя, хто падлягаў расстрэлу, да 2-й — тыя, хто падлягаў зняволенню ў лагеры або турме на тэрмін ад 8 да 10 гадоў. У пасяджэннях Асобай нарады і «троек» прадугледжваўся абавязковы ўдзел пракурора. У адпаведнасці з загадамі НКУС ад 11.8 і 20.9.1937 спісы асоб, якія падлягалі рэпрэсіям палітычным, разглядаліся таксама «двойкамі» — наркомамі ўнутр. спраў рэспублік і начальнікамі УНКУС сумесна з адпаведнымі пракурорамі. Адначасова існаваў парадак разгляду спраў без выкліку абвінавачваемага і сведкаў у суд т.зв. «вышэйшай двойкай» у складзе Старшыні Вярх. суда і Пракурора СССР. Пастановы гэтага органа пры наяўнасці падстаў маглі адмяняцца і пераглядацца пленумам Вярх. суда СССР. З мэтай выканання пастановы СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 17.11.1938 «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзенні следства» 26.11.1938 загадам НКУС СССР «тройкі» і «двойкі» пры НКУС скасаваны. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 1.9.1953 скасавана Асобая нарада пры МУС. У адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 16.1.1989 «Аб дадатковых мерах па аднаўленні справядлівасці ў адносінах да ахвяр рэпрэсій, што мелі месца ў перыяд 30—40-х і пачатку 50-х гадоў», зацверджаным Вярх. Саветам СССР 31.7.1989, усе грамадзяне, за выключэннем здраднікаў Радзімы і карнікаў перыяду Вял. Айч. вайны, нацысцкіх злачынцаў, удзельнікаў бандфарміраванняў і іх памагатых, фальсіфікатараў крымінальных спраў, якія прыцягваліся да крымінальнай адказнасці П.о., былі рэабілітаваны, а згаданыя вышэй П.о. названы антыканстытуцыйнымі.
А.А.Тозік.
т. 11, с. 516
ПАЗАШКО́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
асветніцкая дзейнасць грамадскіх арг-цый і прыватных асоб, накіраваная на задавальненне адукац. патрэб насельніцтва. Найб. ранняя форма П.а. — нядзельныя школы. У некаторых краінах (Бельгія, Германія, Данія, Францыя і інш.) П.а. атрымала пашырэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., у Рас. імперыі — у канцы 19 ст. Установы П.а. (народныя універсітэты, нядзельныя і вячэрнія школы, агульнаадук. і прафес. курсы для дарослых, нар. дамы і б-кі і інш.) да 1917 ствараліся на грамадскія і прыватныя сродкі і не ўваходзілі ў дзярж. сістэму нар. адукацыі. Пасля стварэння Галоўпалітасветы (1920) П.а. атрымала назву палітыка-асветнай, потым культ.-асветнай работы (гл. таксама Культурна-асветныя ўстановы).
т. 11, с. 516
ПАЗАШТА́ТНЫ РАБО́ТНІК,
асоба, якая выконвае для прадпрыемства, установы ці арг-цыі разавыя работы вызначанага віду (напр., кансультацыі ўрача ў мед. установах, работы па экспертызе, рамонце інвентару ці памяшканняў і да т.п.). Прац. адносіны з П.р. афармляюцца пісьмовым пагадненнем, дагаворам, нарадам-заказам і інш. дакументамі. Аплата працы П.р. робіцца па нормах і расцэнках, якія існуюць для аналагічных работнікаў штатнага (спісачнага) складу. На большасць П.р. пашыраюцца і інш. нормы прац. заканадаўства і сац. страхавання.
т. 11, с. 517
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,
мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т.л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.
Г.А.Маслыка.
т. 11, с. 517
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ ВО́ЛІ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання, які заключаецца ў ізаляцыі асуджанага ад грамадства шляхам накіравання яго ў папраўчую калонію з адпаведным рэжымам утрымання. У праве Рэспублікі Беларусь П.в. ўстанаўліваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 25 гадоў. За злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, і за інш. асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца пажыццёвае зняволенне. Пры назначэнні пакарання асобе, якая не дасягнула 18 гадоў, тэрмін П.в. не павінен перавышаць 10 гадоў, а адбыванне пакарання назначаецца ў выхаваўчай калоніі.
т. 11, с. 517
ПАЗВАНО́ЧНІК, пазваночны слуп,
асноўная частка восевага шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Складаецца са злучаных паміж сабой пазванкоў, з’яўляецца органам апоры і руху тулава, шыі і галавы, ахоўвае размешчаны ў пазваночным канале спінны мозг.
Зыходная форма — хорда ў ніжэйшых пазваночных; у вышэйшых пазваночных захоўваецца ў целах пазванкоў (рыбы, земнаводныя) ці ў выглядзе студзяністага ядра міжпазванковых дыскаў. П. рыб падзяляецца на тулаўны і хваставы аддзелы, П. амфібій — на шыйны, грудны і крыжавы, млекакормячых — на шыйны (6—9, часцей 7 пазванкоў), грудны (9—24, часцей 13), паяснічны (2—9), крыжавы (1—10, часцей 2—4) і хваставы (3—46). П. чалавека мае 32—34 пазванкі, якія складаюцца з цела, дуг і адросткаў, злучаных паміж сабой храсткамі, суставамі і звязкамі; падзяляецца на 5 аддзелаў: шыйны (7 пазванкоў), грудны (12), паяснічны (5), крыжавы (5, зрастаюцца), хвастцовы (3—5, зрастаюцца). У нованароджанага дзіцяці П. амаль прамы, на 1-м годзе жыцця набывае шыйны і паяснічны лардозы (выгін наперад), грудны і крыжавы кіфозы (выгін назад), скаліёзы (бакавыя выгіны), якія змякчаюць штуршкі ад хады, бегу, скачкоў. Гл. таксама Скрыўленне пазваночніка.
А.С.Леанцюк.
т. 11, с. 517
ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),
падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн. г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн. г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.
Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.
Э.Р.Самусепка.
т. 11, с. 517
ПАЗІГРА́ФІЯ (ад грэч. pas усякі + ...графія),
від ідэаграфічнага пісьма, зразумелага ўсім людзям. Напр., нотнае пісьмо, арабскія лічбы і інш. Да П. адносяцца таксама штучныя сістэмы перадачы думкі з дапамогай агульназразумелых знакаў (гл. Інтэрлінгвістыка, Штучныя мовы). Адным з першых прапанаваў міжнар. ідэаграфічнае пісьмо для запісу лагічных разважанняў Г.Лейбніц («Аб мастацтве камбінаторыкі», 1666). У 2-й пал. 20 ст. універсальны семантычны код быў распрацаваны на Беларусі В.У.Мартынавым. У межах інтэрлінгвістыкі П. першапачаткова разглядалася як штучная мова ў цэлым (не толькі пісьмо), як пазілалія — агульначалавечая мова, вынайдзеная людзьмі. У канцы 20 ст. праблемы П. па-новаму асэнсоўваюцца ў шматлікіх канцэпцыях «структуры прадстаўлення ведаў».
Літ.:
Проблемы интерлингвистики. М., 1976;
Мартынов В.В. Универсальный семантический код. Мн., 1977;
Язык и структуры представления знаний. М., 1992.
А.Я.Міхневіч.
т. 11, с. 517
ПАЗІТРО́Н [ад лац. positivus дадатны + (элек)трон],
дадатна зараджаная элементарная часціца; антычасціца электрона. Абазначаецца е+ або е− Мае аднолькавыя з электронам масу і спін, а магн. момант і эл. зарад роўныя па модулі і процілеглыя па знаку. П. мае спін, роўны 1/2 (ферміён), адносіцца да лептонаў, удзельнічае ў эл.-магн., слабым і гравітацыйным узаемадзеяннях.
Існаванне П. тэарэтычна вынікае з Дзірака ўраўнення, эксперыментальна адкрыты К.Д.Андэрсанам (1932) у складзе касм. прамянёў і стаў першым прыкладам антычасціц. Пры пэўных умовах утварае з электронам вадародападобную сістэму (гл. Пазітроній). Узнікае пры ўзаемапераўтварэннях свабодных элементарных часціц, напр., пры распадах мюонаў, а таксама пры бэта-распадзе некаторых ізатопаў. Прадказаныя Дзіракам і эксперыментальна назіраныя працэсы анігіляцыі і нараджэння пар (П. — электрон) былі першымі доказамі ўзаемапераўтварэнняў элементарных часціц, на аснове якіх распрацаваны метады нараджэння новых элементарных часціц у накапляльных кольцах паскаральнікаў. П. выкарыстоўваецца пры даследаваннях размеркавання скарасцей электронаў праводнасці, дэфектаў крышталічнай рашоткі, кінетыкі некаторых хім. рэакцый і інш.
І.С.Сацункевіч.
т. 11, с. 517
ПАЗІТРО́НІЙ,
звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.
Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).
Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.
І.С.Сацункевіч.
т. 11, с. 517