Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ЎНЫ ЗНАК,

двухбаковая адзінка моўнай сістэмы, якая мае план зместу і план выражэння. Да М.з. адносяцца: марфема, слова, словазлучэнне, сказ і інш. М.з. проціпастаўляюцца адзінкі моўнай сістэмы, якія не маюць значэння (плана зместу) — фанемы і інтанемы (т.зв. фігуры). Сістэмнасць М.з. выяўляецца ў існаванні паміж імі адносін тоеснасці/проціпастаўленасці (парадыгматыка) і іх здольнасці аб’ядноўвацца і ўтвараць адзінку больш высокага ўзроўню (сінтагматыка). Як і інш. знакі, якімі карыстаецца чалавек для ўспрыняцця, перадачы, захавання і перапрацоўкі інфармацыі, М.з. класіфікуюцца на падставе іх структурных, функцыянальных, семантычных і інш. уласцівасцей.

Літ.:

Гл. пры арт. Знакавая тэорыя мовы, Семіётыка.

А.Я.Міхневіч.

т. 10, с. 529

МО́ЎНЫ САЮ́З,

аб’яднанне некалькіх генетычна не звязаных (няроднасных) моў, у структуры якіх з’явіліся рысы падабенства ў выніку ўзаемадзеяння моў пры пэўных сац.-гіст., геагр. і інш. умовах. У мовах, што ўваходзяць у М.с., шмат аднолькавых слоў, запазычаных мовамі-суседзямі адна ў адной, падабенства граматычных канструкцый. М.с. звычайна суправаджаецца этнагр. агульнасцю: падабенствам фальклору, прыкладнога мастацтва, адзення, сродкаў невербальнай камунікацыі (жэстаў, мімікі). Прыкладам М.с. з’яўляецца балканскі М.с. — балг., македонская, алб., навагрэч., сербская і харвацкая, румынская мовы. Тэрмін «М.с.» упершыню ўвёў М.С.Трубяцкой (1923).

Літ.:

Нерознак В.П. Языковые союзы // Лингвистическая типология. М., 1985.

П.П.Шуба.

т. 10, с. 529

МО́ЎНЫ ТАКТ,

гл. ў арт. Фанетычныя адзінкі.

т. 10, с. 529

МО́ЎСАН ((Mawson) Дуглас) (5.5.1882, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.10.1958),

аўстралійскі геолаг, падарожнік, даследчык Антарктыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1923). Скончыў Сіднейскі ун-т (1904). З 1905 у Адэлаідскім ун-це, у 1920—54 праф., заг. кафедры. У 1907—09 удзельнічаў у англ. экспедыцыі пад кіраўніцтвам Э.Г.Шэклтана, якая дасягнула Паўд. магнітнага полюса. У 1911—14 кіраўнік аўстрал. экспедыцыі на караблі «Аўрора», у 1929—31 — англа-аўстрала-новазеландскай экспедыцыі на караблі «Дыскаверы». У Антарктыцы М. адкрыў і пазначыў на карце больш за 200 геагр. аб’ектаў. Навук. працы па вывучэнні геалогіі і гляцыялогіі Усх. Антарктыкі і Паўд. Аўстраліі (стратыграфія дакембрыю, геахімія, мінералогія). Імем М. ў Антарктыцы наз. палярная станцыя, паўвостраў, бераг, мора і інш.

т. 10, с. 530

МО́ЎСАНА БЕ́РАГ (Mawson Coast),

краявая частка ледавіковага покрыва цэнтр. і зах. ч. ўзбярэжжа Зямлі МакРобертсана ва Усх. Антарктыдзе. Абмываецца м. Садружнасці. Выш. да 1000—1500 м. Шмат выхадаў карэнных парод. Адкрыты Брытанска-аўстрала-новазеландскай антарктычнай экспедыцыяй у 1930. Названы ў гонар Д.Моўсана. На М.Б. аўстрал. навук. станцыя Моўсан.

т. 10, с. 530

МО́ЎСАНА МО́РА (Mawson Sea),

ускраіннае мора Індыйскага ак. Абмывае берагі Усх. Антарктыды на працягу больш як 800 км паміж мысамі Візе і Пойнсет. Пл. 333,3 тыс. км2. Размешчана ў межах мацерыковай водмелі. Пераважныя глыб. 200—500 м, найб. глыб. на Пн — больш за 1000 м. Большую ч. года М.м. ўкрыта дрэйфуючымі льдамі, шмат айсбергаў. На беразе аўстрал. навук. станцыя Кейсі. Названа ў гонар Д.Моўсана.

т. 10, с. 530

МО́ЎЧАДЗЬ, Моўчадка,

рака ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Нёман. Даўж. 98 км. Пл. вадазбору 1140 км2. Пачынаецца каля в. Кузевічы Баранавіцкага р-на, цячэ пераважна па Навагрудскім узв. Асн. прытокі: Сваротва, Ятранка, Паніква, Промша (справа), Івязянка, Дзятлаўка (злева). Даліна трапецападобная, шыр. каля 1,5 км. Пойма двухбаковая, часткова забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Схілы спадзістыя, сярэдне стромкія, на ўсім працягу верхняга і сярэдняга цячэння перарывістыя, тэрасы шыр. да 1,5 км. Рэчышча моцназвілістае, каля 10 км каналізаванае, паміж вёскамі Дварэц і Агароднікі Дзятлаўскага р-на і ў ніжнім цячэнні невял. астравы. За 9 км ад вусця — ГЭС і Гезгальскае вадасховішча; у сутоках М. і Ятранкі г.п. Наваельня, на зах. ускраіне якога курортная зона і санаторый. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9 м³/с.

т. 10, с. 530

МО́ЎЧАДЗЬ,

вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., на р. Моўчадзь. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 33 км на ПнЗ ад г. Баранавічы, 230 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Міцкавічы. 1046 ж., 348 двароў (1999). Лясніцтва, пякарня. Сярэдняя школа, базавая школа-інтэрнат, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам і ахвярам фашызму, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўская царква (1869—73).

Вядома з 1-й пал. 15 ст., калі тут быў заснаваны касцёл св. Тройцы (не збярогся). З 1486 мястэчка Слонімскага пав., уласнасць вял. князёў ВКЛ. У 1654 разбурана ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і на 4 гады вызвалена ад падаткаў. У 1660-я г. ўласнасць Халецкіх. У 1716—70 належала Юдзіцкім, пазней — Тызенгаўзам. З 1795 у Рас. імперыі, у 19 — пач. 20 ст. мястэчка Люшнеўскай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1879 М. на ​2/3 знішчана пажарам. У 1886—479 ж., 45 двароў, школа, 2 царквы, 3 сінагогі, бровар, 4 кірмашы на год. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны ў Слонімскім, з 1926 — у Баранавіцкім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага раёна, з 25.12.1962 у Баранавіцкім р-не.

В.У.Шаблюк, УМ.Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 530

МО́ЎЧАН Міхаіл Аляксеевіч, (н. 7.4.1925, в. Купіск Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Выкладаў у Мінскім пед. ін-це (1962—74). Працуе ў станковай графіцы і жывапісе. Сярод твораў графічныя серыі «На варце міру» (1964), «Трактаразаводцы» (1967), лісты «Святлана» (1969), «Партрэт жонкі» (1975) і інш. Аўтар партрэтаў В.Тарасава, С.Картэса, Н.Гайды, М.Яроменкі (усе 1983), З.Бабія, Т.Шымко, Л.Крывёнак (усе 1984), С.Грахоўскага, М.Танка, Р.Янкоўскага (усе 1985), Т.Шаметавец (1986), С.Станюты, В.Быкава (абодва 1987), Н.Гілевіча (1988), І.Чыгрынава (1989) і інш. Творам уласцівы выяўл. дакладнасць, сакавітасць колераў, кампазіцыйная завершанасць. Выканаў дэкар. пано «Беларусь» для сусв. выстаўкі «ЭКСПО-67» у Манрэалі (1967).

М.Моўчан. Партрэт Л.Крывёнак. 1984.

т. 10, с. 530

МО́ЎЭТ ((Mowat) Фарлі Мак-Гіл) (н. 12.5.1921, г. Белвіл, Канада),

канадскі пісьменнік. Скончыў ун-т у Таронта. Піша на англ. мове. Першы яго твор — «Людзі Аленевага краю» (1952) пра трагічны лёс эскімосаў. Аўтар кніг пра жыхароў і прыроду Поўначы — «Народ у адчаі» (1959), «Выпрабаванне лёдам» (1960), «Трагедыі мора» (1984), пра жывёл — «Не крычы, ваўкі!» (1963), «Кіт на пагібель» (1972), аповесцей для дзяцей «Сабака, які не хацеў быць проста сабакам» (1957), «Лодка, якая не плыве» (1969), аўтабіягр. кн. «I птушкі не спяваюць» (1979) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Вперед, мой брат, вперед! М., 1983;

В стране снежных бурь. Л., 1984;

Следы на снегу. М., 1985;

Мое открытие Америки. М., 1987;

Трагедии моря. М., 1988;

Проклятие могилы викинга. М., 1990;

Собака, которая не хотела быть просто собакой. М., 1995.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 10, с. 530