Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МОТАРО́ЛЕР (ад мота... + ням. rollen каціць),

разнавіднасць матацыкла. Адрозніваецца коламі малога памеру і спосабам пасадкі вадзіцеля. Мае 2-тактавы аднацыліндравы рухавік, ахаладжэнне паветранае, прымусовае (ад вентылятара). Найб. пашыраны запуск рухавіка ад эл. стартэра. Скорасць да 95 км/гадз. На базе М. створаны 3-колавыя трансп. сродкі грузападымальнасцю да 150 кг.

т. 10, с. 529

МОТАСТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

род сухапутных войск ва ўзбр. сілах шэрагу краін, у т.л. Рэспублікі Беларусь. Складаюцца з мотастралк. злучэнняў (часцей), у якія ўваходзяць мотастралк., артыл., танк. і інш. часці і падраздзяленні. Ва ўзбр. сілах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі і інш. М.в. называюцца мотапяхотай, пяхотай, механізаванымі войскаміСССР існавалі ў 1930—50-я г).

Першыя падраздзяленні, часці і злучэнні М.в. у Чырв. Арміі пачалі фарміравацца напярэдадні 2-й сусв. вайны. У 1956 у складзе сухапутных войск створаны мотастралковыя (замест стралковых) часці і злучэнні; з 1963 род сухапутных войск.

Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь М.в. складаюцца з мотастралк. часцей і падраздзяленняў. На ўзбраенні М.в. — баявыя машыны пяхоты, танкі, артылерыя і мінамёты, рэактыўныя сістэмы залпавага агню, процітанк. кіроўныя ракетныя комплексы, сродкі ППА, разведкі, кіравання і інш. М.в. здольны весці баявыя дзеянні самастойна і сумесна з інш. родамі войск.

С.М.Абрамаў.

т. 10, с. 529

МО́ТАШНАСЦЬ,

своеасаблівае цяжкае адчуванне набліжэння рвоты. Часцей бывае пры хваробах страўніка, нырак, таксікозе цяжарных, парушэнні мазгавога кровазвароту, атручэннях алкаголем, чадным газам і інш.; зрэдку ў здаровых людзей пры непрыемных эмоцыях. Гл. таксама Ірвота.

т. 10, с. 529

МО́ТВА,

адна з назваў р. Мытва.

т. 10, с. 529

МОТЛЬ ((Mottl) Фелікс) (24.8.1856, Вена — 2.7.1911),

аўстрыйскі дырыжор, кампазітар. Скончыў Венскую кансерваторыю, вучань А.Брукнера і інш. З 1881 дырыжор, з 1893 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра ў г. Карлсруэ, з 1903 генерал-музік-дырэктар прыдворнага т-ра і адначасова (з 1904) адзін з кіраўнікоў Муз. акадэміі ў Мюнхене. Вядомы пераважна як інтэрпрэтатар опер Р.Вагнера, якімі дырыжыраваў у Байройце («Трыстан і Ізольда», 1886), Лондане («Пярсцёнак нібелунга», 1898), Маскве і Пецярбургу (1910, 1911). Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар стр. квартэта, песень, шматлікіх рэдакцый, апрацовак, арк. і фп. пералажэнняў п’ес Ж.Б.Люлі, Ж.Ф.Рамо, А.Грэтры, К.В.Глюка і інш.

т. 10, с. 529

МО́ТУЗ (Уладзімір Іванавіч) (18.2.1924, в. Бяланавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.9.1996),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Данскім, Паўд.-Зах., 2-м і 3-м Укр. франтах. Камандзір аддз. разведкі сяржант М. вызначыўся ў ліст. 1943 пры вызваленні Украіны, у жн. 1944 — Малдовы, у сак. 1945 — Венгрыі.

т. 10, с. 529

МО́ТЭЛЬСАН ((Mottelson) Бенжамін Рой) (н. 9.7.1926, г. Чыкага, ЗША),

амерыканска-дацкі фізік-тэарэтык. Чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і літаратуры (1958). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1973). Скончыў ун-т Перд’ю (1947). З 1950 у Ін-це тэарэт. фізікі ў Капенгагене, з 1953 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў, з 1957 праф. Сканд. ін-та тэарэт. фізікі. У 1993—97 дырэктар Еўрап. цэнтра тэарэт. ядз. фізікі (Італія). Навук. працы па ядз. фізіцы. Распрацаваў абагульненую (калектыўную) мадэль ядра (разам з О.Борам; 1952). Пабудаваў звышцякучую мадэль ядра (разам з Борам, Д.Пайнсам; 1958). Нобелеўская прэмія 1975 (разам з Борам, Дж.Рэйнуотэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Структура атомного ядра. Т. 1—2. М., 1971—77 (разам з О.Борам);

Элементарные виды возбуждения в ядрах // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, № 4.

М.М.Касцюковіч.

т. 10, с. 529

МО́ЎНАЯ НО́РМА,

гл. Норма моўная.

т. 10, с. 529

МО́ЎНЫЯ КАНТА́КТЫ,

узаемадзеянне моўных сістэм. Пачынаюцца ў сферы маўлення пры ўмове абавязковай наяўнасці носьбітаў-білінгваў, якія ў большай ці меншай ступені валодаюць адной і другой мовамі. Паступова факты маўлення, якія праяўляюцца як інтэрферэнцыя (г.зн. памылкі ў маўленні, выкліканыя ўплывам другой мовы), замацоўваюцца ў сістэме мовы як запазычанні. Такое запазычанне звычайна з’яўляецца спантанным і некантралюемым. Аднак ёсць і свядомае, кантралюемае запазычанне (напр., тэрмінаў). М.к. найб. лёгка адбываюцца паміж роднаснымі мовамі, аднак адзначаюцца яны і паміж мовамі рознасістэмнымі, напр., балг. і турэцкай, татарскай і удмурцкай. Прыкладам М.к. можа служыць узаемадзеянне ўсх.-слав. моў, пры якім рус. мова аказвае ўплыў на лексіку і граматычны лад бел. і ўкр. моў, у сваю чаргу гэтыя мовы ўплываюць на рус. мову.

Літ.:

Михайлов М.М. Двуязычие и взаимовлияние языков // Проблемы двуязычия и многоязычия. М., 1972;

Розенцвейг В.Ю. Основные вопросы теории языковых контактов // Новое в лингвистике. М., 1972. Вып. 6;

Вайнрайх У. Одноязычие и многоязычие: Пер. с англ. // Там жа;

Пытанні білінгвізму і ўзаемадзеяння моў. Мн., 1982.

П.П.Шуба.

т. 10, с. 529

МО́ЎНЫ АПАРА́Т,

сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.

Літ.:

Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

т. 10, с. 529