Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́РФАВА (Хрысціна) (24.4.1889, г. Стара-Загора, Балгарыя — 1.6.1936),

балгарская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Вучылася ў Пеўчай школе ў Празе. З 1913 салістка Балг. опернага т-ва (з 1921 Сафійская нац. опера), з 1916 — Нац. т-ра ў Празе. У 1931—36 выкладала ў Муз. акадэміі ў Сафіі. Валодала надзвычай прыгожым і гнуткім голасам, выконвала лірычныя і драм. партыі: Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Лакмэ(«Лакмэ» Л.Дэліба), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Царыца ночы («Чароўная флейта» В.А.Моцарта), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Сантуца («Сельскі гонар» П.Масканьі). Выконвала балг., чэш. і інш. слав. нар. песні. У 1936 у Сафіі засн. Жаночы хор імя М.

т. 10, с. 522

МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 522

МОРФАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ Адлюстроўваюць колькасную характарыстыку форм і структуры геагр. аб’ектаў і тэр. размеркаванне морфаметрычных паказчыкаў (гл. Марфаметрыя). Складаюцца шляхам пераўтварэння тапаграфічных і тэматычных карт. Вылучаюць: М.к. рэльефу, якія адлюстроўваюць верт. і гарыз. расчляненне, нахілы, ярыстасць, закарставанасць і інш., гідралагічныя, якія характарызуюць звілістасць рэк, канфігурацыю рачной сеткі, заазёранасць і забалочанасць тэрыторыі і інш.; М.к. глебава-расліннага покрыва, ландшафтаў, сац.-эканамічныя і інш.

т. 10, с. 522

МОРФАСКУЛЬПТУ́РА (ад морфа... + скульптура),

адносна невял. формы рэльефу (яры, лагчыны, марэнныя грады, дзюны, карставыя паглыбленні і інш.), утвораныя пераважна экзагеннымі працэсамі; звычайна з’яўляюцца дэталямі морфаструктуры. Паводле працэсаў акумуляцыі і дэнудацыі адрозніваюць М., абумоўленую дзейнасцю водных патокаў, ледавікоў, ветру і інш. Падзяляецца на сучасную (адлюстроўвае існуючыя морфакліматычныя ўмовы) і рэліктавую, у якой захоўваецца палеазанальнасць. Пры стабільнасці фізіка-геагр. умоў, цыклічнасці іх характару развіваецца спадчынная М. На Беларусі пераважае рэліктавая ледавіковая М.

т. 10, с. 522

МОРФАСТРУКТУ́РА (ад морфа... + структура),

буйныя формы рэльефу зямной паверхні (значныя няроўнасці рэльефу мацерыкоў і акіянічнага дна), асн. рысы якіх абумоўлены эндагеннымі працэсамі (пераважна тэктанічным рухам) і ў марфалогіі якіх выразна адлюстроўваюцца геал. структуры. Напр., платформавыя раўніны, горныя краіны складкавых абласцей. Самыя вял. М. наз. геатэктурамі (мацерыковыя выступы, акіянічныя ўпадзіны).

т. 10, с. 523

МОРФАТРАПІ́Я (ад морфа... + грэч. tropos паварот),

змена крышт. структуры, якая адбываецца ў шэрагу аднатыпных хім. злучэнняў пры замене ў малекуле аднаго з атамаў на суседні па групе ў перыяд. сістэме элементаў; з’ява процілеглая ізамарфізму (гл. Ізамарфізм у геалогіі). Назіраецца ў шэрагу карбанатаў металу II групы: MgCO3, CaCO3, SrCO3, BaCO3, у якім крышт. структура мяняецца ад структуры араганіту, уласцівай карбанату магнію MgCO3, да структуры кальцыту, характэрнай для карбанатаў стронцыю SrCO3 і барыю BaCO3. Для карбанатаў кальцыю вядомы 2 паліморфныя мадыфікацыі — араганіт і кальцыт.

т. 10, с. 523

МО́РХАТ (Іосіф Вацлававіч) (н. 27.9.1928, в. Залясінкі Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне афтальмалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952), працуе ў ім (з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па перасадцы рагавіцы, лячэнні і прадухіленні траўмаў органаў зроку, выяўленні і лячэнні глаўкомы і катаракты. Распрацаваў і ўкараніў у клінічную практыку метад інтэрламелярнай кератапластыкі.

Тв.:

К методике иссечения плотных вторичных катаракт // Офтальмол. журн. 1978. № 6;

Интерламеллярная кератопластика. Мн., 1980.

т. 10, с. 523

МО́РШТЫН ((Morsztyn) Збігнеў) (каля 1628, Польшча — 13.12.1689),

польскі паэт і перакладчык. З 1646 служыў у Радзівілаў на Беларусі і Літве. За ўдзел у ваен. паходах атрымаў пасаду мазырскага мечніка (1657). Сябраваў з жыхарамі Слуцка — мемуарыстам С.Незабітоўскім і выдаўцом К.Клакоцкім. У паэме «Слаўная перамога над туркамі...» (1674), якая была двойчы выдадзена ў Слуцку, ушанаваў памяць удзельнікаў бітвы пры Хаціне (1674). Там жа надрукаваны яго верш на смерць Клакоцкага (1675). Аўтар вершаванага цыкла «Эмблемы» (1678—80), прысвечанага князёўне К.Радзівіл, паэт. зб. «Хатняя Муза» (увайшлі вершы 1675—83), паэмы «Песня ў прыгнёце» (1671), элегій «Жалобныя плачы Апалона з музамі» (1682). У яго паэзіі адбіліся рысы барока, у ёй гучыць заклік да рэліг. цярпімасці, асуджэнне амаральнасці магнатаў.

Тв.:

Muza domowa. Т. 1—2. Warszawa, 1954;

Wybór wierszy. Wrocław, 1975.

Літ.:

Pelc J. Zbigniew Morsztyn, arianin i poeta. Wrocław, 1966;

Яго ж Zbigniew Morsztyn na tle poezji polskiej XVII w. Warszawa, 1973.

А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 523

МО́РШЫН,

бальнеатэрапеўтычны курорт на Украіне, у перадгор’ях Укр. Карпат, за 80 км на Пд ад г. Львоў, на р. Беражніца (бас. р. Днестр). Мінер. крыніцы вядомыя з 16 ст. Курорт заснаваны ў 1876. Асн. лек. фактары — мінер. воды рознай мінералізацыі, горкая жаўцягонная соль «Моршынка», мясц. мінералізаваныя тарфяныя гразі з вял. колькасцю воцатнай, мурашынай і маслянай к-т. Лечаць парушэнні функцый печані, страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, нерв. расстройствы, гінекалагічныя, сустаўныя захворванні. Бальнеатэрапія дапаўняецца клімата-, фізія- і гразелячэннем.

т. 10, с. 523

МО́РЫНА,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, каля аўтадарогі Мінск—Гродна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПдЗ ад г.п. Іўе, 148 км ад Гродна, 19 км ад чыг. ст. Гаўя. 524 ж., 253 двары (1999). Цагельны з-д, сумеснае прадпрыемства «Рыалпо». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Мікалаеўская царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.).

т. 10, с. 523