Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.

Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.

т. 10, с. 518

МОНАХРАМАТЫ́ЧНАЕ СВЯТЛО́,

светлавое выпрамяненне строга вызначанай частаты. У дачыненні да інш. участкаў спектра эл.-магн. хваль карыстаюцца тэрмінам монахраматычнае выпрамяненне. Строга М.с. не існуе, таму што ўсякае рэальнае выпрамяненне абмежавана ў часе і ахоплівае пэўны інтэрвал частот (гл. Шырыня спектральных ліній). Крыніцамі выпрамянення, блізкага да М.с., з’яўляюцца, напр., спектральныя лямпы, лазеры; для яго вылучэння з нямонахраматычнага святла выкарыстоўваюцца інтэрферэнцыйныя святлафільтры і монахраматары.

т. 10, с. 518

МОНАЦУКРЫ́ДЫ, простыя цукры,

група вугляводаў, якія гідралітычна не расшчапляюцца і маюць агульную формулу CnH2nOn (n = 3−9). Упершыню сінтэз М. ажыццявіў А.М.Бутлераў (1861). Уяўляюць сабой звычайна альдозы ці кетозы. Па колькасці атамаў вугляроду адрозніваюць ніжэйшыя М. (трыёзы, тэтрозы), звычайныя (гексозы, пентозы) і вышэйшыя (актозы, гептозы, нанозы). Ёсць у саставе ўсіх жывых арганізмаў у свабодным стане (глюкоза, фруктоза) і ў складаных злучэннях (напр., глікапратэідах, поліцукрыдах, гліказідах, фосфарных эфірах і інш.). Выкарыстоўваюцца арганізмамі на будову клетачных структур, маюць вял. значэнне ў абмене рэчываў.

М. — крышт. рэчывы, салодкія, добра раствараюцца ў вадзе, дрэнна ў спірце, не раствараюцца ў эфіры Акрамя карбанільнай і гідраксільных груп у малекулу М. могуць уваходзіць замест ОН-групы атам вадароду, амінагрупа NH2 і інш. Атрымліваюць М. кіслотным гідролізам поліцукрыдаў (напр., глюкозу з крухмалу). Некат. М. (глюкоза, фруктоза) уваходзяць у састаў харч. прадуктаў, выкарыстоўваюцца ў тэхніцы і медыцыне.

т. 10, с. 519

МОНАЦЭНТРЫ́ЗМ,

(ад мона... + цэнтр), вучэнне ў антрапалогіі аб паходжанні чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens) і чалавечых рас ад адной формы стараж. чалавека на адной тэрыторыі (процілеглае вучэнне — поліцэнтрызм). Гл. таксама Расы.

т. 10, с. 519

«МОНД»

(«Le Monde», «Свет»),

французская штодзённая вячэрняя газета. Выходзіць з 19.12.1944 у Парыжы. Адна з найб. уплывовых і інфармаваных газет. Публікуе матэрыялы па пытаннях палітыкі, эканомікі і культуры ў Францыі і за яе межамі. Разлічана на інтэлігенцыю і ліберальную буржуазію.

т. 10, с. 519

МО́НДЗЕЕ,

энеалітычная культура Верхняй Аўстрыі і Зальцбурга (2-я пал. 3—1-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Назва ад аднайм. паселішча на па́лях (у Аўстрыі). Для М. характэрны паселішчы на вяршынях пагоркаў, умацаваныя равамі і частаколамі. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, выкарыстоўвала медзь для вырабу плоскіх сякер, ромбападобных кінжалаў і ўпрыгожанняў. Адметныя рысы керамікі — канцэнтрычныя кругі, спіралі і зоркі, запоўненыя белай пастай.

І.​М.​Язэпенка.

т. 10, с. 519

МО́НДРЫЯН (Mondrian, Mondriaan) Піт (Пітэр Карнеліс; 7.3.1872, г. Амерсфарт, Нідэрланды — 1.2.1944), нідэрландскі жывапісец, тэарэтык мастацтва; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва, заснавальнік неапластыцызму. Скончыў Амстэрдамскую АМ (1897). Працаваў у Нідэрландах, Парыжы (1912—14 і з 1919), Лондане (з 1938), Нью-Йорку (з 1940). Адзін з заснавальнікаў групы «Стыль» (1917). Зазнаў уплыў кубізму. У творчасці імкнуўся да «універсальнай гармоніі», ствараў пераважна абстрактныя кампазіцыі са строга ўраўнаважаных прамавугольных плоскасцей, падзеленых контурнымі перпендыкулярнымі лініямі і лакальна афарбаванымі ў асн. колеры спектра з дабаўленнем белага і чорнага: «Кампазіцыя. Ромб з шэрымі лініямі» (1918), «Кампазіцыя А» (1919), «Кампазіцыя» (1922), «Кампазіцыя з жоўтымі лініямі» (1933), «Нью-Йорк-сіці I» (1942), «Брадвейскі бугі-вугі» (1942—43) і інш. Аўтар кн. «Неапластыцызм» (1920), «Новая форма» (1925).

П.​Мондрыян. Кампазіцыя А. 1919.

т. 10, с. 519

МОНЖ ((Monge) Гаспар) (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),

французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.

Літ.:

Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;

Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.

Г.​Монж.

т. 10, с. 519

МО́НІШ (Moniz) Антоніу Каэтану ды Абрэу Фрэйр Эгаш

(de Abreu Freire Egas; 29.11.1874, г. Эштарэжа, Партугалія — 13.12.1955),

партугальскі неўрапатолаг і нейрахірург. Вучыўся ва ун-тах г. Каімбра (Партугалія) і г. Бардо (Францыя). З 1902 праф. ун-та г. Каімбра, у 1911—44 у Лісабонскім ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні метаду ангіяграфіі для дыягностыкі пухлін мозга. Выкарыстаў хірург. ўмяшанне для лячэння некат. псіхічных хвароб, распрацаваў методыку прэфрантальнай лейкатаміі (разрэз белага рэчыва пярэдняга мозга). Нобелеўская прэмія 1949 (разам з В.​Р.​Гесам).

А.​К.​Моніш.

т. 10, с. 519

МОНС, Берген (франц. Mons, флам. Bergen),

горад на ПдЗ Бельгіі. Адм. ц. прав. Эно. Каля 100 тыс. ж. (1997). Порт на канале Самбра—Шэльда. Чыг. вузел. Прам-сць. металаапр., хім., шкляная, керамічная, цэментная. 2 ун-ты, кансерваторыя. Музей выяўл. мастацтваў, дом В. ван Гога і інш. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. гатычная ратуша (15 ст.).

т. 10, с. 519