Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПРАКІ́СЕЛЬ,

вёска ў Артукоўскім с/с Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр. калгаса. За 33 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 67 км ад г. Гомель. 546 ж., 209 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 12, с. 545

ПРАКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. proclamatio адозва, заклік),

1) агітацыйны лісток з паліт. зместам, лістоўка.

2) Урачыстае абвяшчэнне, апублікаванне.

т. 12, с. 545

ПРАКЛЁНЫ, кленічы, кляты,

устойлівыя па прынцыпах пабудовы і імправізацыйныя па рэалізацыі (адпаведна выпадку) формулы вербальнай (слоўнай) магіі шкадлівага характару. Адна з праяў архаічнай свядомасці чалавека, яго веры ў магічныя сродкі ўздзеяння на чалавека, жывёлу, аб’екты нежывой прыроды, а найперш у дзейсную сілу слова. Найчасцей выказваюцца ў адказ на рэальнае ці ўяўнае праяўленне агрэсіі, варожасці ў дзеяннях і словах. У іх назіраецца імкненне «адвярнуць» шкадлівае дзеянне на крыніцу яго спараджэння, магічным спосабам адпомсціць за нейкае зло, знішчыць крыўдзіцеля і яго род, дабрабыт і інш.

Разбурэнне міфалагічнай сістэмы ператварыла формулы П. у бясшкодныя выслоўі. Напр., забыты страх пра дэмана Кадука, што зжыраў немаўлят і тым асуджаў род на выміранне, ператварыў праклён «Каб на цябе Кадук» у нейтральны папрок, які бабулі часта адрасавалі дзецям (тыпу «А няхай вас качкі стопчуць!»). Для ўзмацнення дзейнасці П. выкарыстоўваліся магічныя атрыбуты, сакральныя мясціны, урочны час. Найб. моцнымі лічыліся матчыны П., бо яны павінны былі няўхільна споўніцца (іншыя можна было нейтралізаваць). Цывілізаванасць праяўлялася ў тым, што забаранялася праклінаць дзяцей непрыяцеля, хоць зацятасць спараджала П. на 10 пакаленняў. Матывы П. выкарыстоўваліся ў нар. творчасці, міфалагічных сюжэтах, баладах і інш. творах (у выніку П. моладзец ператвараецца ў явар, нявестка — у рабіну ці каліну, вяселле — у каменне ці ў ваўкалакаў). П. вымаўляліся часта ва ўзбуджаным стане, у парыве гневу, крыўды, жадання адпомсціць. Тады яны складваліся ў доўгія нізкі з пералічэннем усіх нягод непрыяцелю. Мова П. вызначаецца экспрэсіўнасцю, вобразнасцю, рытмічнасцю. У П. заўсёды прысутнічае параўнанне, узважванне шкоды і расплаты за яе. П. грунтуюцца на стараж. звычаёвым праве продкаў. Формаю яны блізкія да зневажальных выслоўяў.

Публ.: Выслоўі / Склад. М.​Я.​Грынблат. Мн., 1979.

Літ.:

Нікіфароўскі М.Я. Напаўпрыказкі-напаўпрымаўкі // Зап. аддз. гуманіт. навук. Кн. 4. Пр. катэдры этнаграфіі. Мн., 1928. Т. 1, сш. 1;

Federowski M. Lud białoluski. T. 1. Kraków, 1897;

Pietkiewicz Cz. Kultura duchowa Polesia Rzeczyckiego. Warszawa, 1938;

Moszyński K. Kultura ludowa słowian. T. 2: Kultura duchowa. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1967.

Л.​М.​Салавей.

т. 12, с. 546

«ПРАКЛЁН ФАШЫ́ЗМУ»,

мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., знішчаных разам з вёскамі ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну. Адкрыты 3.7.1983 (аўтары скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін) на месцы спаленай разам з жыхарамі (67 чал., у т. л. 16 дзяцей) в. Шунеўка. Цэнтр. манумент мемарыяла — бронз. фігура жанчыны (выш. 4,75 м) з узнятымі ў праклёне рукамі, якая стаіць у праёме стылізаванай брамы (выш. 11,5 м). На канцы абламанай гарыз. перакладзіны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з іх звоняць, а 3-і расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар раёна загінуў у гады вайны. Недалёка ад манумента зруб калодзежа, куды гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу. Над ім бронз. выява прабітага і абпаленага паветр. змея з імёнамі дзяцей, што загінулі. На месцы кожнай з 22 былых сял. сядзіб Шунеўкі — стылізаваны фундамент з 3-прыступкавым ганкам, на верхняй прыступцы якога кампазіцыя ў форме языкоў полымя з імёнамі б. гаспадароў.

Э.​А.​Петэрсон.

Мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму».

т. 12, с. 546

ПРАКЛІ́ТЫКА (ад грэч. proklitikos які нахіляецца наперад),

слова, якое ў фразе ці словазлучэнні пазбаўлена ўласнага націску і цесна прымыкае да наступнага слова, утвараючы з ім адзінае фанетычнае цэлае. У якасці П. звычайна выступаюць аднаскладовыя (часам двухскладовыя) прыназоўнікі, часціцы, злучнікі, займеннікі: «на нас», «мае госцейкі». З’ява, супрацьлеглая П., — энклітыка.

т. 12, с. 546

ПРАКО́ЛКА,

прылада працы першабытнага чалавека для праколвання адтуліны ў скуры жывёл з мэтай пашыву з яе адзення, абутку і інш. З’явілася ў эпоху мусцье. Выраблялася з дробных крамянёвых пласцін ці адшчэпаў з вузкім і вострым канцом; рабілі таксама з косці і дрэва. З пашырэннем жалеза П. саступілі месца шылу з жалеза.

т. 12, с. 546

ПРАКО́НСУЛ (лац. proconsul),

дзяржаўная пасада ў Стараж. Рыме (з 327 да н.э.). Першапачаткова выконваў ваен. даручэнні па-за Рымам. Пасля ўтварэння правінцый ажыццяўляў вышэйшую юрыд., адм. і ваен. ўладу ў правінцыях (з 27 да н.э. П. кіравалі ў асноўным сенацкімі правінцыямі). Прызначаўся сенатам з б. консулаў, а з канца 3 ст. да н.э. — прэтараў. Паўнамоцтвы П. даваліся звычайна на год.

т. 12, с. 546

ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),

вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн. г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.

Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.

Праконсул афрыканскі.

т. 12, с. 546

ПРАКО́ПАЎ (Пётр Яфімавіч) (13.9.1909, в. Старая Мілееўка Магілёўскага р-на — 24.6.1980),

бел. вучоны ў галіне агульнага земляробства і раслінаводства. Чл.-кар. АН Беларусі (1950), д-р с.-г. н. (1960), праф. (1963). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БСГА (1931). З 1946 і з 1953 у Ін-це сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН Беларусі, з 1950 у Мін-ве сельскай гаспадаркі Беларусі (з 1961 нач. Упраўлення). З 1969 у Бел. НДІ земляробства (заг. аддзела). Навук. працы па ўкараненні ў с.-г. вытв-сць найб. рацыянальных севазваротаў і эфектыўных прыёмаў апрацоўкі дзярнова-падзолістых глеб, па прадукцыйнасці с.-г. культур. Абагульніў вынікі даследаванняў па скарыстанні ва ўмовах Беларусі прамежкавых культур і занятага папару.

Тв.:

Правильные севообороты и рациональное использование земли. Мн., 1973;

Основы севооборотов в северо-западных и западных районах СССР. Л., 1974 (разам з М.​Ф.​Сціхіным);

Рациональные севообороты — необходимое условие увеличения производства зерна в районах Белорусского Полесья. Мн., 1978 (разам з В.​М.​Гарошка).

П.Я.Пракопаў.

т. 12, с. 546

ПРАКО́П’ЕЎ Фёдар, чаканшчык і разьбяр 2-й пал. 17 ст. Прыбыў у Маскву з г. Полацк (Віцебская вобл.) у 1660. З 1662 «жалаваны» майстар Сярэбранай палаты Маскоўскага Крамля. Сярод твораў: чаканны сярэбраны посуд для царэвічаў Іаана і Пятра Аляксеевічаў, футаралы для пячатак царскіх грамат (усе 1676), чаканныя абклады (1679), сярэбранае і меднае начынне.

т. 12, с. 547