Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МОНАКРЫШТА́ЛЬ,

(ад мона... + крышталі), асобны крышталь з адзінай неперарыўнай крышт. рашоткай. Характэрная асаблівасць М. — залежнасць большасці яго фіз. уласцівасцей ад напрамку (анізатрапія). Усе яго фіз. ўласцівасці (эл., магн., аптычныя, акустычныя, мех. і інш.) звязаны паміж сабой і абумоўлены крышт. структурай, сіламі сувязі паміж атамамі і энергет. спектрам электронаў (гл. Зонная тэорыя).

Многія М. маюць асаблівыя фіз. ўласцівасці: алмаз вельмі цвёрды, сапфір, кварц, флюарыт — надзвычай празрыстыя, ніткападобныя крышталі карунду рэкордна моцныя. Многія М. адчувальныя да знешніх уздзеянняў (святла, мех. напружанняў, магн. і эл. палёў, радыяцыі і інш.) і выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі ў квантавай электроніцы, радыёэлектроніцы, лазернай фізіцы, акустыцы і інш. Прыродныя М. трапляюцца рэдка, найчасцей маюць малыя памеры і вял. колькасць дэфектаў структуры (гл. Дэфекты ў крышталях) Таму ў электронным прыладабудаванні выкарыстоўваюць штучныя М. з дасканалай крышт. структурай, зададзенымі ўласцівасцямі і памерамі (гл. Сінтэтычныя крышталі). Створана вял. колькасць сінтэтычных М., якія не маюць прыродных аналагаў.

Літ.:

Лодиз Р.А., Паркер Р.Л. Рост монокристаллов: Пер. с англ. М., 1974;

Нашельский А.Я. Монокристаллы полупроводников. М., 1978.

т. 10, с. 517

МОНАКУЛЬТУ́РА (ад мона... + лац. cultura вырошчванне, развіццё),

працяглае нязменнае вырошчванне с.-г. раслін аднаго віду на адным і тым жа ўчастку без севазвароту. Вядзе да аднабаковага спусташэння глебы (напр., М. збожжавых культур збядняе глебу на фосфар, бабовых — на фосфар і кальцый, буракоў, бульбы — на калій), памяншэння колькасці гумусу (найб. хуткае пры М. прапашных культур), разбурэння структуры і эрозіі глебы, зніжае яе ўрадлівасць, спрыяе размнажэнню спецыфічных шкодных насякомых, узбуджальнікаў хвароб, пустазелля, што значна зніжае ўраджайнасць. Адмоўныя эфекты М. часова памяншаюцца агратэхн. прыёмамі, хім. сродкамі. Таксама М. наз. адзіная с.-г. культура, якая вырошчваецца ў гаспадарцы.

т. 10, с. 517

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

элементарныя хім. рэакцыі, у якіх адбываецца хім. ператварэнне (змена саставу ці будовы) адной малекулы, радыкала, іона. Да М.р. адносяцца рэакцыі распаду малекул, якія часта з’яўляюцца пачатковай стадыяй складаных працэсаў (напр., крэкінгу, дэструкцыі палімераў), і рэакцыі ізамерызацыі. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Кузнецов Н.М. Кинетика мономолекулярных реакций. М., 1982.

т. 10, с. 517

МОНАМАЛЕКУЛЯ́РНЫ СЛОЙ,

слой рэчыва таўшчынёй у адну малекулу. Утвараецца на паверхні падзелу фаз пры адсорбцыі, паверхневай дыфузіі. На цвёрдых паверхнях М.с. звычайна ўзнікае ў выніку адсорбцыі паверхнева-актыўных рэчываў з разбаўленых раствораў ці газаў пры адносна нізкім ціску. Структура і ўласцівасці М.с. ўплываюць на працэсы масапераносу (выпарэнне, дыфузія), трэнне, адгезію; вызначаюць устойлівасць высокадысперсных сістэм (эмульсій, пен). Важную ролю адыгрываюць М.с. (ліпідныя, ліпапратэідныя і інш.) у клетачных мембранных працэсах. Гл. таксама Біялагічныя мембраны.

т. 10, с. 517

МОНАМЕТАЛІ́ЗМ (ад мона... + металы),

грашовая сістэма, пры якой адзін метал з’яўляецца ўсеагульным эквівалентам і асновай грашовага абарачэння. У залежнасці ад таго, які метал адыгрывае гэтую ролю, М. можа быць медны, сярэбраны, залаты. Пры залатым М. побач с залатымі манетамі, якія з’яўляюцца асновай абарачэння, валодаюць неабмежаванай плацежнай сілай і ў адносінах да іх дзейнічае сістэма свабоднай чаканкі, абарачаюцца таксама медныя і сярэбраныя манеты, крэдытныя і папяровыя грошы, што падлягаюць свабоднаму абмену на золата.

т. 10, с. 517

МОНАНІ́ТКА, монавалакно,

адзіночная нітка вельмі вял. даўжыні, сфармаваная з расплаву палімера. Дыяметр 0,03—1,5 мм. Асн. фіз.-хім. ўласцівасці М. блізкія да ўласцівасцей кручаных нітак з валокнаў хімічных. М. вырабляюць у асн. з сінт. палімераў (напр., поліамідаў, поліэтылентэрэфталату, поліалефінаў). Выкарыстоўваюць у вытв-сці шчотак тэхн. і быт. прызначэння, фільтравальных сетак, рыбалоўнай лёскі, тарных і абівачных матэрыялаў, вібрасітаў і інш.

т. 10, с. 517

МОНАНУКЛЕАТЫ́ДЫ,

арганічныя злучэнні, якія складаюцца з азоцістай асновы (пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу (рыбозы або дэзоксірыбозы) і астатку фосфарнай к-ты. М. — манамеры, структурныя адзінкі нуклеінавых кіслот. Адрозніваюцца па азоцістай аснове. Лёгка ўтвараюцца пры гідролізе дэзоксірыбануклеінавай і рыбануклеінавай к-т у прысутнасці нуклеаз. Да М. адносяцца, напр., адэназінмонафасфат, гуаназінмонафасфат і інш. Прысутнічаюць у клетках у свабодным выглядзе, адыгрываюць значную ролю ў абмене рэчываў; уваходзяць у састаў каферментаў і з’яўляюцца рэчывамі-акумулятарамі энергіі. Гл. таксама Нуклеатыды.

т. 10, с. 517

МОНАНУКЛЕЁЗ ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, хвароба Філатава,

вострая вірусная інфекцыйная хвароба чалавека, якая характарызуецца ліхаманкай, танзілітам, павелічэннем усіх груп лімфатычных вузлоў, печані і селязёнкі. Апісаны Н.Ф.Філатавым у 1885. Узбуджальнік — вірус Эпстайна-Бар. Крыніца інфекцыі — хворыя людзі і носьбіты М.і. Заражэнне адбываецца пры непасрэдным кантакце (напр., пры пацалунках), паветрана-кропельным шляхам. Хварэюць пераважна дзеці. Пасля 40 гадоў большасць людзей імунныя да М.і. Прыкметы: агульная слабасць, павышэнне т-ры цела да 38—39°C, боль у горле пры глытанні, цяжкае дыханне праз нос, павялічаныя лімфавузлы, асабліва задняшыйныя. У хворых на М.і. адутлаваты твар, з 3—4-га дня з’яўляецца танзіліт з налётамі на міндалінах, зрэдку высыпка на скуры і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

А.А.Астапаў, А.А.Збароўская.

т. 10, с. 517

МОНАПЛАКАФО́РЫ (Monoplacophora),

клас прымітыўных марскіх малюскаў. Вядомы з палеазою (каля 500 млн. г. назад). 3 атр. (2 вымерлыя), каля 60 відаў (14 сучасных, аб’яднаны ў 4 роды). Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне да глыб. 6,5 км.

Даўж. сучасных М. да 37 мм. Цела ўкрыта каўпачкападобнай або плоскаспіральнай (у вымерлых) ракавінай, мае галаву, нагу, мантыю і поласцевы мяшок. У мантыйнай баразне, паміж мантыяй і нагой 5—6 пар перыстых шчэлепаў. Кормяцца дэтрытам, фільтратары. Раздзельнаполыя.

т. 10, с. 517

МОНАСЕМІ́Я (ад мона... + грэч. sema знак),

наяўнасць у слова ці інш. моўнай адзінкі толькі аднаго значэння. Звычайна монасемічнасць уласціва тэрмінам (напр., косінус, сінонім, саленоід). Слова, якое мае некалькі значэнняў, лічыцца полісемічным (гл. Полісемія).

П.П.Шуба.

т. 10, с. 518