Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МО́ЛАТ-РЫ́БА,

гл. Молатагаловыя акулы.

т. 10, с. 515

МО́ЛІ,

зборная група ніжэйшых раўнакрылых і разнакрылых матылёў, якія належаць да 3 падатрадаў (больш за 40 сям., каля 15 тыс. відаў). Вядомы з мелавога перыяду (каля 135 млн. г. назад). Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі 11 сям.: М. зубатыя — Micropterygidae, М. сапраўдныя — Tineidae (27 відаў), М.-стракаткі — Gracilariidae, або LithocoUetidae (18 відаў), М. гарнастаевыя — Yponomeutidae, М. выемчатакрылыя — Gelechiidae, М.-чахланоскі — Psychidae (9 відаў), М.-малюткі — Nepticulidae, або Stigmellidae (7 відаў), М. вузкакрылыя — Momphidae, М.-блішчанкі. або М. кружковыя — Heliozelidae (2 віды), М.-мінёры — Tischeriidae (4 віды), М. - мяшочніцы — Talaeporiidae (3 віды).

Матылі дробных і сярэдніх памераў. размах крылаў да 70 мм. Лічынкі (вусені) паядаюць раслінныя і жывёльныя рэшткі, грыбы, лішайнікі; дарослыя не кормяцца. Сярод М. шмат шкоднікаў, напр., М. мэблевая і М. адзежная псуюць шэрсць і футра, М. зерневая, або свірнавая — збожжапрадукты, М. стракатка яблыневая і М. гарнастаевая яблыневая шкодзяць яблыні, М. пупышкава-парасткавая — хвоі і інш.

С.Л.Максімава.

Молі: 1 — адзежная; 2 — стракатка яблыневая; 3 — зерневая; 4 — гарнастаевая яблыневая.

т. 10, с. 515

«МОЛОДО́Й ПАРТИЗА́Н»,

камсамольска-маладзёжная газета, орган Беластоцкага падп. абкома ЛКСМБ. Вядомы 24 нумары за 29.10.1943—3.6.1944 на рус. мове. Тыраж 600—800 экз. Рэдактар Я.І.Качан. Выпускала таксама баявы лісток «Вперед на врага».

т. 10, с. 515

«МО́ЛОТ»,

газета, орган Магілёўскага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася з канца мая 1917 да пач. студз. 1918 у Магілёве на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак, таму што большасць дэпутацкіх месцаў у Савеце належала прадстаўнікам гэтых партый. Публікавала матэрыялы з пасяджэнняў Савета, афіц. дакументы, хроніку мясц. жыцця. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 трапіла пад уплыў бальшавікоў і левых эсэраў. З 10.1.1918 выдавалася пад назвай «Известия Могилевского Совета рабочих и солдатских депутатов».

А.В.Вараб’ёў.

т. 10, с. 515

МОЛЬ,

адзінка колькасці рэчыва; адна з сямі асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак. М. — колькасць рэчыва ў сістэме, якая мае столькі ж структурных элементаў, колькі атамаў вугляроду знаходзіцца ў 0,012 кг яго ізатопу ​12C (вуглярод-12). Структурнымі элементамі могуць быць атамы, іоны, малекулы і інш. часціцы (напр., электроны) ці групы часціц. Абазначаецца моль; 1 моль любога рэчыва мае аднолькавую колькасць структурных элементаў, роўную Авагадра пастаяннай (Na = 6,022∙10​23 моль​−1).

т. 10, с. 515

МОЛЬ ((Mohl) Гуга) (8.4.1805, г. Штутгарт, Германія — 1.4.1872),

нямецкі батанік, адзін з заснавальнікаў цыталогіі раслін. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1828). З 1832 праф. Бернскага, з 1835 — Цюбінгенскага ун-таў. Навук. працы па анатоміі і цыталогіі раслін. Апісаў утварэнне і будову вусцейка і эпідэрмісу, дзяленне клетак, будову многіх органаў раслін, назіраў утварэнне крухмалу ў хларафільных зернях. Даказаў клетачнае паходжанне сасудаў раслін. Прапанаваў класіфікацыю раслінных тканак. Увёў паняцце пратаплазмы.

т. 10, с. 515

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Малодшы Гельмут Іаган Людвіг

(25.5.1848, Герсдорф, Германія — 18.6.1916),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. Граф. Пляменнік Г.Мольтке Старэйшага (яго ад’ютант з 1880). Удзельнік франка-прускай вайны 1870—71. З 1903 ген.-кватэрмайстар. У 1906—14 нач. Генштаба. Правёў шэраг рэформ у арміі. Адзін з актыўных удзельнікаў развязвання 1-й сусв. вайны, пры падрыхтоўцы да якой паклаў у аснову задумы свайго папярэдніка ген.-фельдмаршала А.фон Шліфена (разгром франц. арміі гал. сіламі і абарона ва Усх. Прусіі, а потым удар па Расіі). Аднак пры разгортванні герм. арміі ў 1914 аслабіў правае крыло армій Зах. фронту, якія наносілі гал. ўдар па Францыі, і павялічыў сілы на левым крыле, а таксама ва Усх. Прусіі. Гэта адмоўна адбілася пры правядзенні 1-га этапа вайны. У час Марнскай бітвы 1914 (гл. Марнскія бітвы ў першую сусветную вайну), калі быў нач. генштаба і адначасова нач. штаба Стаўкі (фактычна галоўнакаманд.), страціў кіраванне войскамі, што прывяло да паражэння герм. армій на Зах. фронце. 14.9.1914 адхілены ад пасады. З 1915 нам. нач. Генштаба.

А.М.Лукашэвіч.

т. 10, с. 515

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард

(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),

прускі і герм. ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм. ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».

Тв. : Рус. пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.

А.М.Лукашэвіч.

т. 10, с. 516

МО́МАНТ (ад лац. momentum рухаючая сіла, штуршок) у філасофіі, вельмі кароткі прамежак часу, міг, імгненне, калі наступае, здзяйсняецца што-н.; істотныя абставіны, састаўная частка, асобны бок якой-н. з’явы (напр., станоўчы М.). Г.Гегель увёў паняцце для абазначэння састаўной часткі вял. цэлага, якая вылучана паводле якаснага ці дынамічнага, але не прасторавага ці мех. прынцыпу (напр., М. светапогляду ў сац. рэвалюцыі). У псіхалогіі М. наз. розныя пачуцці валявога дзеяння. Да іх адносяцца М. вобраза, формы, структуры (гештальта) пры аналізе цэласнай структуры псіхічных працэсаў, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю асобных частак (распазнаванне мелодыі ў розных танальнасцях яе выканання і інш.), а не іх сумай. Гл. таксама Момант у тэорыі імавернасцей, Момант імпульсу, Момант інерцыі, Момант сілы і інш.

В.В.Краснова.

т. 10, с. 516

МО́МАНТ у тэорыі імавернасцей, адна з лікавых характарыстык размеркавання імавернасцей выпадковай велічыні. Па вядомых М. размеркавання робяцца высновы аб імавернасцях адхілення выпадковай велічыні ад яе матэматычнага чакання. Для дыскрэтнай выпадковай велічыні X, якая прымае значэнні x1, x2 ... з імавернасцямі p1, p2, ..., М. парадку k вызначаецца па формуле E Xk = i=1 x i k p i (для неперарыўнай выпадковай велічыні сума замяняецца адпаведным інтэгралам). М. 1-га парадку наз матэм. чаканнем. Велічыня E ( X a ) k — М. парадку k адносна a, E ( X EX ) k — цэнтральным М. парадку k. Цэнтр. М. 2-га парадку E ( X EX ) 2 дысперсіяй (па падобнай формуле вылічваецца таксама момант інерцыі ў механіцы). Задача вызначэння размеркавання імавернасцей паслядоўнасцю яго М. наз. праблемай момантаў. Такая задача разглядалася П.Л.Чабышовым у даследаваннях па лімітавых тэарэмах тэорыі імавернасцей.

т. 10, с. 516