ПА́ЕР ((Рауег) Юліус) (1.9.1842, Шонаў, каля г. Цепліцы, Чэхія — 30.8.1915),
аўстрыйскі палярны даследчык. У 1872—74 узначаліў разам з К.Вайпрэхтам экспедыцыю на судне «Тэгетгоф», у час якой быў адкрыты архіпелаг, названы Зямлёй Франца-Іосіфа.
Тв.:
Рус. пер. — 725 дней во льдах Арктики. Л., 1935.
т. 11, с. 510
ПА́ЕРЛС ((Peierls) Рудольф Эрнст) (5.6.1907, Берлін — 19.9.1995),
англійскі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай тэорыі магнетызму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1945). Замежны чл. Рас. АН (1988). Вучыўся ў Берлінскім, Мюнхенскім і Лейпцыгскім ун-тах. З 1933 у Вялікабрытаніі. З 1937 праф. Бірмінгемскага, з 1963 Оксфардскага ун-таў. У 1974—77 у Вашынгтонскім ун-це. Навук. працы па матэм. фізіцы, квантавай механіцы і электрадынаміцы, ядз. фізіцы, тэорыі цвёрдага цела. Выказаў ідэю дзірачнай праводнасці (1929; незалежна ад Я.І.Фрэнкеля). Распрацаваў квантавую тэорыю цеплаправоднасці ў неметал. асяроддзях (1931), агульную тэорыю дыямагнетызму ў металах, фармалізм тэорыі рассеяння (1959). Даў ацэнку крытычнай масы урану-235 (1940). Кіраваў тэарэт. даследаваннямі па раздзяленні ізатопаў урану (1943—46, ЗША). Прэмія імя Э.Фермі 1980.
Тв.:
Рус. пер. — Квантовая теория твердых тел. М., 1956;
Законы природы 2 изд М., 1962;
Сюрпризы в теоретической физике. М., 1988.
М.М.Касцюковіч.
т. 11, с. 510
ПАЕ́ЎСКІ (Леў Сямёнавіч) (1850—1919),
бел. гісторык Бацька Мелхіседэка. Скончыў Люблінскую духоўную семінарыю. Служыў святаром у прыходах Холмска-Варшаўскай, потым Гродзенскай епархій. Удзельнік 7-га (1890), 9.-га (1893) і 10-га (1896) археал. з’ездаў. З 1903 чл. Гродзенскага губ. стат. к-та. Даследаваў царк. гісторыю 18—19 ст., гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі, пытанні археалогіі. Аўтар прац, змешчаных у перыяд. царк. і свецкіх выданнях Гродна, Вільні, Холма, Масквы.
Тв.:
Город Брест-Литовск и его древние храмы. Гродно, 1894.
Літ.:
Чарапіца В.М. Са скарбніцы кніжных паліц. Мн., 1994.
В.М.Чарапіца.
т. 11, с. 510
ПАЖ (франц. page),
у сярэдневяковай Зах. Еўропе малады дваранін, які праходзіў першую ступень падрыхтоўкі да рыцарскага звання ў якасці асабістага слугі пры двары буйнога феадала ці караля. Пасля дасягнення 14-гадовага ўзросту ўзводзіўся ў збраяносцы. У 1711—1917 у Расіі прыдворнае званне. П. і камер-П. выконвалі розныя даручэнні царскай сям’і. З 2-й пал. 18 ст. П. — выхаванец пажскага корпуса (прывілеяваная ваен.-навуч. ўстанова).
т. 11, с. 510
ПАЖАЗІ́НСКІ ((Porzeziński) Ян Віктар) (4.8.1870, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 12.3.1929),
расійскі і польскі мовазнавец. Чл. Польскай АН у Кракаве (з 1925). Скончыў Маскоўскі ун-т (1892). У 1901—21 праф. Маскоўскага, у 1922—29 Люблінскага і Варшаўскага ун-таў. Вучань П.Ф.Фартунатава. Вывучаў слав. мовы. Асн. працы ў галіне гісторыі і дыялекталогіі балт. моў. Аўтар прац «Уводзіны ў мовазнаўства» (1907), «Нарыс параўнальнай фанетыцы старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1912), «Параўнальная марфалогія старажытнаіндыйскай, грэчаскай, лацінскай і стараславянскай моў» (1916), «Уводзіны ў індаеўрапейскае мовазнаўства» (1929) і інш.
т. 11, с. 510
ПАЖАНЯ́Н (Рыгор Міхайлавіч) (н. 20.9.1922, г. Харкаў, Украіна),
рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1952). Друкуецца з 1946. У паэт. зб-ках «Вецер з мора» (1955), «Жыццё жывых» (1960), «Вялікі альбо Ціхі» (1969), «Мачты» (1973), «Зімовы дом» (1975), «Чырвоны сон» (1978), «Макі» (1981), «Пагоня» (1983, Дзярж. прэмія Расіі 1986), «Апусканне» (1985), «Узгоркі Зямлі» (1987), «Хлеб мораў» (1989), «Абараняючы сваю крутасць» (1995, Дзярж. прэмія Расіі 1995) і інш. роздум пра час, лёс радзімы, сэнс чалавечага існавання, тэмы сяброўства і вайны, любоў да мора. Аўтар рэчытатываў, тэкстаў песень да кінафільмаў «Два берагі» («Смага»), «Песня пра сябра» («Шлях да прычала»), «Спадзяюся, кахаю і верую» («Цягнік у далёкі жнівень») і інш. Піша кінасцэнарыі, творы для дзяцей.
Тв.:
Избранное. М., 1982;
Прощание с морями. М., 1990;
Скачка. М., 1998.
т. 11, с. 510
ПАЖА́Р,
некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.
Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.
Літ.:
Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;
Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.
М.В.Гарахавік, С.А.Лосік, А.В.Урублеўскі.
т. 11, с. 511
ПАЖАРАВА́ЦКІЯ МІ́РНЫЯ ДАГАВО́РЫ 1718.
Падпісаны ў г. Пажаравац (Сербія); завяршылі вайну Турцыі з Венецыяй (1714—18) і Аўстрыяй (1716—18). Мірны дагавор Турцыі з Аўстрыяй (21.7.1718) прадугледжваў пераход да Аўстрыі Баната, г. Тэмешвар (цяпер Тымішаара ў Румыніі) з акругай, ч. Валахіі, Паўн. Сербіі (з Бялградам), Паўн. Босніі і некаторых інш. тэрыторый, гарантыю бяспекі каталіцкага духавенства ў Асманскай імперыі, ахову хрысц. святынь у Палесціне. Межы, устаноўленыя гэтым дагаворам, былі зменены Бялградскім мірным дагаворам 1739 (Аўстрыя вярнула Турцыі землі Сербіі і Валахіі). 27.7.1718 падпісаны аўстр.-тур. гандл. дагавор, які даваў аўстр. падданым права свабоднага гандлю на тэр. Турцыі. Венецыяна-тур. дагавор (21.7.1718) пацвярджаў пераход да Турцыі захопленых ёю ў ходзе вайны зямель: п-ва Пелапанес (Марэя) у Грэцыі і шэрагу грэч. астравоў Эгейскага м. Турцыя стварала спрыяльныя ўмовы для венецыянскага гандлю ў Асманскай імперыі.
т. 11, с. 511
ПАЖА́РНАЕ ДЭПО́,
будынак, у якім размяшчаецца дзяжурная змена, пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка для ліквідацыі пажараў і інш. надзвычайных сітуацый. У склад П.д. ўваходзяць: гараж, пункт сувязі, пасты газадымаахоўнай службы і тэхн. абслугоўвання, башня для мыцця і сушкі пажарных рукавоў, складскія памяшканні для пажарна-тэхн. і аварыйна-выратавальнага абсталявання, памяшканні для правядзення заняткаў, прыёму ежы, адпачынку і інш.
т. 11, с. 511
ПАЖА́РНАЙ БЯСПЕ́КІ І ПРАБЛЕ́М НАДЗВЫЧА́ЙНЫХ СІТУА́ЦЫЙ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.
Створаны ў 1999 у Мінску на базе НДІ пажарнай бяспекі, заснаванага ў 1998 на базе Рэсп. навук,практычнага цэнтра пажарнай бяспекі (з 1957).
Асн. кірункі н.-д. і доследна-канструктарскай дзейнасці: стварэнне і ўдасканаленне пажарнай і аварыйна-выратавальнай тэхнікі і амуніцыі, вогнетушыльных саставаў, тэхн. сродкаў бяспекі і выратавання пры надзвычайных сітуацыях; распрацоўка нарматыўнай дакументацыі сістэмы проціпажарнага нарміравання і стандартызацыі, а таксама па тактыцы тушэння пажараў і ліквідацыі аварый, ахове працы, здароўя і сац. засцярогі асабістага саставу; арганізацыйна-кіраўніцкія і сацыяльна-эканам. даследаванні па пытаннях стану пажарнай бяспекі; стварэнне і вытв-сць выпрабавальнага абсталявання па даследаванні параметраў пажарнай небяспечнасці прамысл. прадукцыі, у т. л. буйнагабарытных буд канструкцый.
А.С.Дзмітрачэнка, А.М.Кудрашоў, А.В.Урублеўскі.
т. 11, с. 511