Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗА́МКАВЫ СУД,

гл. ў арт. Гродскі суд.

т. 6, с. 523

ЗАМКНЁНАЯ ТЭЛЕВІЗІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

адна- ці шматканальная сістэма прыкладнога тэлебачання, у якой перадавальныя камеры звязаны з прыёмнікамі мясцовымі кабельнымі лініямі сувязі. Кіраванне камерамі дыстанцыйнае або яны працуюць у аўтам. рэжыме. Параметры З.т.с. вызначаюцца яе прызначэннем і могуць адрознівацца ад вяшчальных телевізійных стандартаў. Выкарыстоўваецца ў прамысл. тэлебачанні, навуч. установах, ваеннай справе, на транспарце, у медыцыне і інш.

т. 6, с. 523

ЗАМКНУ́ТЫЯ ЭКАЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

функцыянальна адзіная сукупнасць арганізмаў (раслін, жывёл і мікраарганізмаў), якія насяляюць агульную тэр. і здольныя да працяглага існавання пры цалкам замкнутым кругавароце рэчываў (пры адсутнасці матэрыяльнага абмену праз яе межы).

Прынцыпы З.э.с. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы біял. сістэм жыццезабеспячэння чалавека ва ўмовах ізаляцыі ад біясферы Зямлі, напр. у касм. або падводных апаратах. Аснову штучна створанай З.э.с. складаюць расліны, якія за кошт энергіі святла ў працэсе фотасінтэзу паглынаюць двухвокіс вугляроду і выдзяляюць кісларод. Біямаса раслін выкарыстоўваецца ў ежу чалавекам і інш. гетэратрофнымі арганізмамі, апошнія могуць уваходзіць у харч. рацыён чалавека. Нявыкарыстаная біямаса раслін, прадукты жыццядзейнасці чалавека і інш. кампанентаў біякомплексу раскладаюцца мікраарганізмамі да вады, двухвокісу вугляроду і мінер. рэчываў, якія зноў выкарыстоўваюцца раслінамі. Створаны эксперым. З.э.с., што ўключаюць чалавека, аднаклетачныя водарасці, вышэйшыя расліны, мікраарганізмы-мінералізатары. За кошт рэгенерацыі ў такіх З.э.с. цалкам забяспечвалася патрэба чалавека ў кіслародзе, вадзе і часткова ў ежы.

т. 6, с. 523

ЗАМО́ВЫ,

устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб. стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.

Публ.: Замовы. Мн., 1992.

Літ.:

Романов Е.Р. Белорусский сборник. Вып. 5. Витебск, 1891;

Астахова А.М. Художественный образ и мировоззренческий элемент в заговорах. М., 1964;

Толстой Н.И. Из наблюдений над полесскими заговорами // Славянский и балканский фольклор. М., 1986;

Барташэвіч Г.А. Магічнае слова. Мн., 1990.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 523

ЗАМО́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zamojskie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. Пл. 6986 км2, нас. 493 тыс. чал., гарадскога 30,3% (1993). Адм. ц.г. Замасць. Найб. гарады: Тамашаў-Любельскі, Грубешаў, Білгорай, Шчэбжэшын. На Пн займае ўсх. ч. Замойскай даліны, на Пдузв. Расточэ. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600—660 мм за год. Гал. рэкі: Буг з прытокам Гучва, Вепш, Танеў. Глебы ўрадлівыя (чарназёмы і буразёмы). Пад лесам 22,6% тэр. (найб. пушча Сольская). Пераважае сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі 70,2% тэр., у т.л. 58% пад ворывам. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, хмель, тытунь, каноплі, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., алейна-тлушчавая, мукамольна-крупяная, агароднінакансервавая, піваварная), лёгкая (швейная, трыкат.), дрэваапр. (мэблевая). Вытв-сць буд. матэрыялаў (кераміка).

т. 6, с. 523

ЗАМО́ЙСКІ ((Zamoyski) Ян) (19.3.1542, Скокаўка, каля г. Замасць, Польшча — 3.6.1605),

дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гуманіст. Канцлер вялікі каронны (з 1578), адначасова гетман вялікі каронны (з 1581). Вучыўся ва ун-тах Парыжа, Рыма, Падуі (у апошнім у 1563 рэктар). Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую каралеўскі сакратар (з 1565). Праціўнік Габсбургаў, падтрымаў абранне каралевай Ганны Ягелонкі. Спрыяў узвядзенню на трон Стафана Баторыя, быў яго бліжэйшым паліт. дарадцам; пры кіраванні ўнутр. і знешняй палітыкай імкнуўся да ўзмацнення каралеўскай улады. Пасля смерці Баторыя падтрымаў Жыгімонта Ш Вазу; быў праціўнікам яго прагабсбургскай палітыкі і ў 1605 узначаліў апазіцыю. Заснаваў г. Замасць (1580), Замойскую ардынацыю (1589), Замойскую акадэмію (1595).

Літ.:

Grzybowski S. Jan Zamoyski. Warszawa, 1994.

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 524

ЗАМО́К,

1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т.л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.

2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.

3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.

4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).

т. 6, с. 524

ЗАМО́К (замковы камень) у архітэктуры, камень ці цагліна (звычайна клінападобныя) у вяршыні аркі або скляпення. Дэкар. З. часам упрыгожвалі цэнтр. ч. плоскай перамычкі над аконным праёмам (будынак б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі) або парталам. У бел. архітэктуры найб. шырока выкарыстоўваліся ў стылях класіцызму, неакласіцызму, мадэрн, у архітэктуры 1950-х г. З. часта аздаблялі арнаментам, арх. дэталямі (мадульёнамі і інш.), скульптурай.

Замок у афармленні акна будынка былой мужчынскай гімназіі ў Гомелі.

т. 6, с. 524

ЗАМО́Р,

масавая гібель рыбы і інш. водных жывёл. Адбываецца пры памяншэнні колькасці растворанага ў вадзе кіслароду (да 5—30% нармальнага насычэння) або са з’яўленнем у вадзе атрутных рэчываў у выніку скідвання прамысл. неачышчаных сцёкавых вод ці змыву з сушы ядахімікатаў. Колькасць кіслароду памяншаецца ў вадаёмах, багатых арган. рэчывамі (напр., балотныя воды), у стаячых вадаёмах у перыяд інтэнсіўнага развіцця водарасцей («цвіценне» вады) і зоапланктону. З. бывае летам у начны час у ціхае цёплае надвор’е і зімой пад ільдом (пераважна са студзеня да красавіка).

З’ява З. звязана з празмерным эўтрафіраваннем вадаёмаў. Да недахопу кіслароду найб. адчувальныя некат. рыбы (ласасёвыя, асятровыя, акунёвыя), ракі, малюскі (бяззубкі, перлаўкі) і інш.; менш адчувальныя вугры, карасі, ліні, уюны, лічынкі хіранамід і інш. Папярэджваюць З. насычэннем вады кіслародам у працэсе яе аэрацыі, аховай вадаёмаў ад забруджвання і атрутных рэчываў, павелічэннем іх праточнасці. На Беларусі З. найчасцей у азёрах Палесся і р. Прыпяць.

т. 6, с. 524

ЗАМО́СЦЕ,

вёска ў Нахаўскім с/с Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл. Цэнтр калгаса. За 41 км на ПнУ ад Калінкавіч, 104 км ад Гомеля, 5 км ад чыг. ст. Нахаў. 561 ж., 285 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 6, с. 524