ЗАМО́К,
1) прыстасаванне для запірання памяшканняў, ёмістасцей, скрынь, шафаў і інш. Вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Асірыя, Вавілон, Егіпет). Бываюць бессувальдныя (сакрэт забяспечваецца ў асн. профілем замочнай шчыліны), сувальдныя (з наборам рознафігурных рухомых пласцінак — сувальд, якім адпавядаюць выступы ключа), цыліндравыя (сувальды зроблены ў выглядзе штыфтоў), сакрэтныя (з літарным або лічбавым шыфрам); здымныя (у т.л. вісячыя) і нерухомыя (убудаваныя, уразныя, накладныя), а таксама спец. З. для ювелірных вырабаў.
2) Прыстасаванне, якое забяспечвае стопаранне рухомых частак машын і механізмаў. Напр., З. гаечны перашкаджае самаадкручванню гаек і інш. разьбовых дэталей пры рабоце машын.
3) Спец. злучэнне нерухомых частак драўляных канструкцый, зрубаў.
4) У агнястрэльнай зброі прыстасаванне для запальвання кідальнага снарада пры выстрале. Зброевыя З.: кнотавы (вядомы з 15 ст.), калясцовы (з вярчальным колам для высякання іскраў з крэменю, канец 15 — пач. 16 ст.), ударна-крамянёвы (16 ст.), ударнакапсульны (пач. 19 ст.).
т. 6, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)