ЗАМО́ЙСКІ ((Zamoyski) Ян) (19.3.1542, Скокаўка, каля г. Замасць, Польшча — 3.6.1605),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, гуманіст. Канцлер вялікі каронны (з 1578), адначасова гетман вялікі каронны (з 1581). Вучыўся ва ун-тах Парыжа, Рыма, Падуі (у апошнім у 1563 рэктар). Пасля вяртання ў Рэч Паспалітую каралеўскі сакратар (з 1565). Праціўнік Габсбургаў, падтрымаў абранне каралевай Ганны Ягелонкі. Спрыяў узвядзенню на трон Стафана Баторыя, быў яго бліжэйшым паліт. дарадцам; пры кіраванні ўнутр. і знешняй палітыкай імкнуўся да ўзмацнення каралеўскай улады. Пасля смерці Баторыя падтрымаў Жыгімонта Ш Вазу; быў праціўнікам яго прагабсбургскай палітыкі і ў 1605 узначаліў апазіцыю. Заснаваў г. Замасць (1580), Замойскую ардынацыю (1589), Замойскую акадэмію (1595).
Літ.:
Grzybowski S. Jan Zamoyski. Warszawa, 1994.
Н.К.Мазоўка.
т. 6, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)