Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЕ́НТНАСЦЬ

(ад лац. valentia сіла),

здольнасць атама хім. элемента ўтвараць пэўную колькасць хімічных сувязяў з інш. атамамі. Паняцце «валентнасць» увёў англ. хімік Э.Франкленд (1853). Велічыня валентнасці атама хім. элемента вызначаецца колькасцю атамаў вадароду (прынята лічыць аднавалентным), якія ён далучае пры ўтварэнні гідрыдаў (злучэнні з вадародам). Напр., атам хлору далучае 1 атам вадароду (хлорысты вадарод HCl), атам кіслароду — 2 атамы (вада H2O), таму валентнасць хлору і кіслароду ў гэтых злучэннях адпаведна 1 і 2. Паняцце «валентнасць» атрымала развіццё ў квантава-хім. тэорыі хім. сувязі. Паводле гэтай тэорыі велічыня валентнеасці атама (спін-валентнасць) вызначаецца колькасцю электронных пар, якія фарміруюцца пры ўтварэнні хім. сувязяў паміж дадзеным і інш. атамамі за кошт абагульнення іх электронаў з няспаранымі спінамі. Электроны атама, якія могуць удзельнічаць у фарміраванні агульных электронных пар, наз. валентнымі (электроны вонкавых электронных слаёў). У атамах элементаў з недабудаваным перадапошнім слоем (напр., у атамаў жалеза Fe, марганцу Mn, вальфраму W) валентнымі могуць быць і некаторыя электроны гэтага слоя. Многія элементы маюць пераменную валентнасць (напр., у серавадародзе H2S, аксідах SO2 і SO3 валентнасць серы адпаведна 2, 4, 6).

Валентнасць вызначаецца толькі колькасцю кавалентных сувязяў. Для злучэнняў з іоннай сувяззю выкарыстоўваецца паняцце акіслення ступень, якая колькасна роўная валентнасці, але дадаткова характарызуецца дадатным ці адмоўным знакам. У комплексных злучэннях і іонных крышталях каардынацыйны лік атамаў (іонаў) перавышае велічыню спін-валентнасці, таму карыстаюцца паняццем каардынацыйнай валентнасці, якая колькасна роўная суме спін-валентнасці і колькасці атамаў (іонаў), дадаткова звязаных з валентнанасычаным атамам. Напр., у комплексным злучэнні гексафтораалюмінат (III) натрыю Na3[AlF6] спін-валентнасць атама алюмінію 3, ступень акіслення +3, але пры ўтварэнні злучэння з AlF3 і NaF атам валенгнанасычанага Al дадаткова хімічна звязваецца з 3 іонамі F​-, таму каардынацыйная валентнасць алюмінію ў гэтым злучэнні 6. Гл. таксама Комплексныя злучэнні, Малекула, Крышталі.

Літ.:

Чаркин О.П. Проблемы теории валентности, химической связи, молекулярной структуры. М., 1987.

В.В.Свірыдаў.

т. 3, с. 479

ВАЛЕ́НТНАЯ ЗО́НА,

энергетычная вобласць дазволеных электронных станаў у цвёрдым целе. Пры т-ры абсалютнага нуля цалкам запоўнена валентнымі электронамі (гл. Зонная тэорыя). Пад уплывам цеплавога руху, знешніх уздзеянняў (асвятленне, апрамяненне, увядзенне прымесяў і інш.) невял. частка электронаў пераходзіць з валентнай зоны ў зону праводнасці ці на прымесныя ўзроўні ў забароненай зоне. У выніку ў валентнай зоне з’яўляюцца незапоўненыя электронныя станы (дзіркі) і электроны валентнай зоны могуць удзельнічаць у электраправоднасці.

т. 3, с. 479

ВАЛЕНТЫ́НА

(Valentino) Рудольф [сапр. Гульельмі ды Валентына (Guqlielmi di Valentino) Радольфа; 6.5.1895, Кастэланета, каля г. Таранта, Італія — 23.8.1926], амерыканскі акцёр. У ЗША з 1913. У кіно з 1918. Здымаўся ў нямых фільмах 1920-х г. («Чатыры коннікі Апакаліпсіса», «Шэйх», «Кроў і пясок», «Сын шэйха», «Кобра» і інш.),

дзе стварыў вобраз экзатычнага «лацінскага палюбоўніка», ракавога спакусніка, рамантычнага шукальніка прыгод, што прынесла яму сусветную вядомасць. Валентына — адна з легенд кінематографа, герой раманаў, п’ес, муз. твораў. У 1977 англ. рэж. К.Расел зняў пра яго маст. фільм «Валентына».

т. 3, с. 479

ВАЛЕНТЫНІЯ́Н І Флавій

(Flavius Valentinianus, 321, Цыбалы, рым. правінцыя Панонія, цяпер г. Вінкаўцы, Харватыя — 17.11.375),

рымскі імператар з 364. Абвясціў брата Валента Аўгустам і сваім суправіцелем ва ўсх. ч. імперыі. У 366 выгнаў алеманаў з Галіі, да 374 вёў абарончыя войны з франкамі і саксамі на Рэйнскай мяжы. У 367 зрабіў суправіцелем сына Грацыяна. Пры Валентыніяну адбыліся буйныя антырым. выступленні ў правінцыях: паўстанні Пракопія ў М. Азіі і Фракіі (365—366), Фірма ў Афрыцы (372—373).

т. 3, с. 479

ВАЛЕ́НЦІК Дзмітрый Данілавіч

(23.2.1907, в. Райкова Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 30.3.1969),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Арэнбургскую ваенна-авіяц. школу (1933). У Чырв. Арміі з 1929. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. Эскадрылля пад камандаваннем капітана Валенціка тройчы лятала ў глыбокі тыл ворага на знішчэнне яго аператыўна-стратэгічнай базы. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўд., 4-м Укр. і 3-м Бел. франтах; камандзір палка Валенцік зрабіў 115 баявых вылетаў. Да 1955 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 479

ВА́ЛЕНЦІН

(Vallentin) Максім (9.10.1904, Берлін — 2.9.1987),

нямецкі рэжысёр, тэатр. дзеяч. Скончыў школу акцёрскага мастацтва пры Дзярж. т-ры (Берлін). Іграў у т-рах Берліна і Цюрыха. У 1933 эмігрыраваў у СССР. З 1945 на радзіме. Стварыў першы ням. тэатр. ін-т (Веймар). У 1950 арганізаваў у Берліне студыю «Малады ансамбль» (з 1952 Тэатр імя М.Горкага). Сярод рэжысёрскіх работ: «За тых, хто ў моры» Б.Лаўранёва (1952), «Дасцігаеў і іншыя» М.Горкага (1954), «Разбойнікі» Ф.Шылера (1955). Нац. прэміі ГДР 1955, 1962.

т. 3, с. 480

ВАЛЕ́Н-ДЭЛАМО́Т

(Vallin de la Mothe) Жан Батыст Мішэль (1729, г. Ангулем, Францыя — 7.5.1800),

французскі архітэктар. Праф. Пецярбургскай АМ (1759). Вучыўся ў Ф.Бландэля і ў Італіі (1750—52). У 1759—75 працаваў у Расіі, пераважна ў Пецярбургу. У яго пабудовах характэрная для ранняга рус. класіцызму дакладнасць кампазіцый спалучаецца з барочнай пластыкай формаў: Гасціны двор (1761—85), касцёл Кацярыны (1763—83) на Неўскім праспекце, Малы Эрмітаж (1764—67), будынак АМ (1764—88, з А.П.Какорынавым), склады «Новая Галандыя» (1765—80, з С.І.Чавакінскім) — усе ў Пецярбургу. Сярод яго вучняў — В.І.Бажэнаў, І.Я.Староў.

т. 3, с. 478

ВАЛЕ́РА,

Валера-і-Алькала Галіяна (Valera y Alcalá Galiano) Хуан (18.10.1824, г. Кабра, Іспанія — 18.4.1905), іспанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі (1858). Па адукацыі юрыст. Быў на дыпламат. службе. У 1840-я г. выступіў як паэт і літ. крытык. Яго эстэт. погляды склаліся пад уплывам антычнага і рэнесансавага неаплатанізму. У раманах «Пепіта Хіменес» (1874), «Камандор Мендоса» (1877), «Донна Лус» (1879) выкрываў рэліг.-аскетычныя догмы. У рамане «Хуаніта Доўгая» (1895) паказаў, як каханне пераадольвае класава-саслоўныя перагародкі. Сац.-філас. аналіз краху, які перажывае інтэлігент пры сутыкненні з рэчаіснасцю, дадзены ў рамане «Ілюзіі доктара Фаусціна» (1875). Раман «Марсамор» (1899) — філас. прытча пра марнасць чалавечых жаданняў. Проза Валера, адметная незвычайным фармальным майстэрствам, псіхааналізам і філас. глыбінёй, — адна з вяршынь ісп. рэалізму 19 ст. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на ісп. мову «Фауст» І.В.Гётэ і «Дафніс і Хлоя» Лонга.

Тв.:

Рус. пер. — Хуанита Длинная. М., 1961;

Иллюзии доктора Фаустино. Л., 1970;

У кн.: Аларкон П.А. де. Треугольная шляпа;

Валера Х. Пепита Хименес;

Перес Гальдос Б. Донья Перфекта;

Бласко Ибаньес В. Кровь и песок. М., 1976.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 480

ВАЛЕРЫ́

(Valéry) Поль (30.10.1871, г. Сет, Францыя — 20.7.1945),

французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (1925). Аўтар паэм «Юная Парка» (1917), «Марскі могільнік» (1920), «Мой Фауст» (не скончана, 1941), паэт. зб-каў «Альбом старых вершаў» (1920), «Чары» (1922), драмы «Амфіён» (паст. 1931), літ.-філас. трактатаў «Вечар з панам Тэстам» (1896), «Ліст пані Эмілі Тэст» (1924), эсэ «Уводзіны ў сістэму Леанарда да Вінчы» (1895), «Становішча Бадлера» (1924), «Я часам гаварыў Стэфану Малармэ...» (1931), «Віктор Гюго...» (1935), «Усеагульнае вызначэнне мастацтва» (1935), «Паэзія і абстрактная думка» (1939), «Сшыткі» (т. 1—29, 1894—1945; выд. 1957—61), «Паэтычныя ўспаміны» (выд. 1947). Паэзіі Валеры ўласцівыя філас.-інтэлектуальная глыбіня, насычанасць міфалагічнай сімволікай, ускладненасць сінтаксісу, моўныя навацыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1936;

Об искусстве. М., 1976.

Літ.:

Балашова Т.В. Французская поэзия XX века. М., 1982.

Е.А.Лявонава.

т. 3, с. 480

ВАЛЕ́ТА

(Valletta),

горад, сталіца Мальты. На паўн.-ўсх. узбярэжжы в-ва Мальта. Засн. ў 1560-я г. 9,1 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс. ж. (1993). Марскі порт. Міжнар. аэрапорт Лука. Суднабудаванне і суднарамонт, харч., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая прам-сць. Рыбалоўства. Ун-т (з 1592). Музеі (Зброевая палата — узбраенне і даспехі рыцараў Мальтыйскага ордэна, Маст. галерэя). Нац. б-ка. Тэатр. Арх. помнікі 16—18 ст. Горад з’яўляецца сусв. помнікам культуры.

т. 3, с. 480