ВАЛЕ́РА,

Валера-і-Алькала Галіяна (Valera y Alcalá Galiano) Хуан (18.10.1824, г. Кабра, Іспанія — 18.4.1905), іспанскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Чл. Каралеўскай акадэміі (1858). Па адукацыі юрыст. Быў на дыпламат. службе. У 1840-я г. выступіў як паэт і літ. крытык. Яго эстэт. погляды склаліся пад уплывам антычнага і рэнесансавага неаплатанізму. У раманах «Пепіта Хіменес» (1874), «Камандор Мендоса» (1877), «Донна Лус» (1879) выкрываў рэліг.-аскетычныя догмы. У рамане «Хуаніта Доўгая» (1895) паказаў, як каханне пераадольвае класава-саслоўныя перагародкі. Сац.-філас. аналіз краху, які перажывае інтэлігент пры сутыкненні з рэчаіснасцю, дадзены ў рамане «Ілюзіі доктара Фаусціна» (1875). Раман «Марсамор» (1899) — філас. прытча пра марнасць чалавечых жаданняў. Проза Валера, адметная незвычайным фармальным майстэрствам, псіхааналізам і філас. глыбінёй, — адна з вяршынь ісп. рэалізму 19 ст. Аўтар кніг літ.-крытычных артыкулаў. Пераклаў на ісп. мову «Фауст» І.В.Гётэ і «Дафніс і Хлоя» Лонга.

Тв.:

Рус. пер. — Хуанита Длинная. М., 1961;

Иллюзии доктора Фаустино. Л., 1970;

У кн.: Аларкон П.А. де. Треугольная шляпа;

Валера Х. Пепита Хименес;

Перес Гальдос Б. Донья Перфекта;

Бласко Ибаньес В. Кровь и песок. М., 1976.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)