абагульненая характарыстыка мер, вымяральных прылад і інструментаў, якая служыць паказчыкам устаноўленых для іх дзярж. стандартамі межаў асноўных і дадатковых хібнасцей і інш. параметраў, што ўплываюць на дакладнасць вымярэння.
К.д. характарызуюць вымяральную тэхніку, аднак не з’яўляюцца непасрэдным паказчыкам дакладнасці вымярэнняў, якія робяцца з дапамогай гэтай тэхнікі. Для кожнага К.д. межы дапушчальных хібнасцей устанаўліваюць у выглядзе абсалютных, прыведзеных або адносных хібнасцей ці ў дзяленнях шкалы (гл.Хібнасць сродкаў вымярэнняў). Спосабам выражэння хібнасцей адпавядаюць умоўныя абазначэнні К.д., якія ўстанаўліваюцца дзяржстандартам.
характарыстыка дакладнасці апрацоўкі вырабу (дэталі, вузла, машыны, прылады), якая вызначаецца значэннямі допускаў. Устанаўліваецца на асобныя геам. памеры вырабу (напр., лінейныя памеры, вуглы) і на выраб у цэлым, або т.зв. зборачную адзінку (напр., на падшыпнікі качэння, сілавыя вузлы металарэзных станкоў). К.д. геам. параметраў — састаўная частка стандартных сістэм допускаў і пасадак. Заменены на квалітэты, у вымяральнай тэхніцы захаваліся (гл.Класы дакладнасці сродкаў вымярэння).
усталяваны ў дыпламат. практыцы і замацаваны ў міжнар. праве падзел дыпламат. прадстаўнікоў. Устанаўліваецца заканадаўствам асобных дзяржаў у адпаведнасці з нормамі міжнар. права. Паводле Венскай канвенцыі аб дыпламат. зносінах 1961, кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў (пасольстваў, місій) падзяляюцца на 3 класы: паслы і нунцыі (паслы Ватыкана), пасланнікі і інтэрнунцыі (пасланнікі Ватыкана), павераныя ў справах. У адпаведнасці з канвенцыяй клас, да якога павінны належаць кіраўнікі прадстаўніцтваў, вызначаецца пагадненнем паміж дзяржавамі. Парадак, якога прытрымліваюцца ў кожнай дзяржаве ў час прыёму кіраўнікоў прадстаўніцтваў, павінен быць аднолькавы ў адносінах да кожнага класа. Звычайна дзяржавы абменьваюцца дыпламат. прадстаўнікамі аднаго і таго ж класа.
характарыстыка якасці (чысціні) апрацаванай паверхні. У СССР існавала 14 К.ч., класы 6—14-ы дадаткова разбіваліся на 3 разрады кожны (а, б, в). К.ч. абазначаліся роўнастароннім трохвугольнікам, напр., ∇ 14 в азначае 14-ы К.Ч., разрад в. У 1980 дзярж. стандартам К.ч. заменены інш. параметрамі шурпатасці паверхні.
злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».
Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C+24HSO−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.
цыркавы жанр, заснаваны на прыёмах эксцэнтрыкі, буфанады, гратэску, пародыі, якімі карыстаюцца ў сваіх выступленнях артысты-клоуны.
Вытокі К. ў ант. пантамімах, нар. фарсах. Традыц. маска «белага клоуна» запазычана з італьян. камедыі дэль артэ, франц. і англ. плошчавых т-раў, «рыжага клоуна» (Аўгуста ў Еўропе) — ад нар. блазнаў. На канфлікце паміж «белым» і «рыжым» клоунамі будуюцца т.зв.антрэ. У стараж. Русі элементы К. прысутнічалі ў выступленнях скамарохаў. Клоуны з 17—18 ст. удзельнічалі ў прадстаўленнях коннікаў, канатаходцаў, дрэсіраваных жывёл і інш. З часам набылі сатырычнае і публіцыст. гучанне.
Клоунаў падзяляюць на сола-клоунаў, «дывановых», клоунаў-буф. У развіццё К. значны ўклад зрабілі клоуны Б.Саўндэрс, Ж.Б.Арыёль, Дж.Грымальдзі, К.Ф.Ларан, Кватліц, Т. і Дж. Джэксан, Грок, Карандаш, А.Папоў, Ю.Нікулін, Ю.Куклачоў, А.Варанецкі, Ф.Гулевіч, дынастыі Фратэліні, Дуравых і інш.
КЛА́ЎДЗІЙ, Тыберый Клаўдзій Нерон Германік (Tiberius Claudius Nero Germanicus; 1.8.10 да н.э., Лугдунум, цяпер г. Ліён, Францыя — 13.10.54 н.э.),
старажытнарымскі імператар [41—54 н.э.]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Абвешчаны імператарам пасля забойства яго пляменніка Калігулы. За час праўлення К. ўмацавана ваен. дыктатура і імператарская ўлада, у т. л. за кошт выцяснення і замены сената, закладзены асновы імперскай бюракратыі, палепшана фін. становішча дзяржавы, упарадкавана падаткаабкладанне, правінцыялы надзелены правамі рым. грамадзян, пашыраны межы дзяржавы, у т. л. далучаны Паўд. Брытанія, Маўрэтанія. Пры ім пабудаваны гавань у Остыі, 72 км водаправода і інш. Атручаны жонкай Агрыпінай.
Літ.:
Крист К. История времен римских императоров от Августа до Константина. Т. 1. Ростов н/Д, 1997;
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 128—134.
КЛА́ЎЗЕВІЦ ((Clausewitz) Карл фон) (1.6.1780, Бург, каля г. Магдэбург, Германія — 16.11.1831),
нямецкі ваен. дзеяч, тэарэтык і гісторык. Ген.-м. прускай арміі (1818). На вайск. службе з 1792. Удзельнік войнаў з Францыяй 1793—94, 1806—07, 1812—15 (у 1812—14 на рас. службе; у вайну 1812 удзельнічаў у баях на тэр. Беларусі, у т. л. пад Астроўнам). У 1818—30 дырэктар ваен. вучылішча ў Берліне. Гал. праца — гіст. даследаванне «Аб вайне» (т. 1—3, выдадзена пасмяротна ў 1832—34, бел.пер. 1933—34). Устанавіў сувязь вайны з палітыкай («вайна ёсць працяг палітыкі іншымі сродкамі»), шэраг стратэг. прынцыпаў, неабходных для дасягнення перамогі, вырашаў праблемы суадносін наступлення і абароны, падкрэсліваў значэнне маральнага духу арміі і інш.
КЛА́ЎЗІУС ((Clausius) Рудольф Юліус Эмануэль) (2.1.1822, г. Кашалін, Польшча — 24.8.1888),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл.-кар. Берлінскай АН (1876), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Берлінскі ун-т (1848). Праф. Цюрыхскага (з 1857), Вюрцбургскага (з 1867) і Бонскага (з 1869) ун-таў. Навук. працы ў галіне малекулярнай фізікі, тэорыі цеплавых машын, тэарэт. механікі і матэм. фізікі. Адначасова з У.Томсанам даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1850), увёў паняцце энтрапіі, тэарэтычна абгрунтаваў сувязь паміж зменай т-ры плаўлення (кіпення) і зменай ціску (гл.Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне). Распрацаваў тэорыю палярызацыі дыэлектрыкаў, сфармуляваў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 159—202;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 235—238.
КЛА́ЎЗУЛА (ад лац. clausula заключэнне, канцоўка),
у вершаскладанні — заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада, у прозе — рытмічнае заканчэнне фразы. Адзін з асн. рытмастваральных кампанентаў сілабічнага вершаскладання, сілабатанічнага вершаскладання і танічнага вершаскладання. Па колькасці складоў пасля націску адрозніваюцца К. мужчынскія (пасля націску складоў няма), жаночыя (адзін склад), дактылічныя (2 склады) і гіпердактылічныя (3 і больш складоў). Сугучныя К. ўтвараюць рыфму. У белым вершы чаргаванне К. памагае спалучэнню вершаваных радкоў у строфы. У рыторыцы — заключная ч. выступлення прамоўцы, дакладна апрацаваная ў стылістычных адносінах.