КЛАТРА́ТЫ, злучэнні ўключэння,
злучэнні, якія ўтвараюцца ўключэннем малекул ці іонаў малых памераў у поласці крышт. рашоткі (рашэцістыя) ці ў поласць адной вял. малекулы. К. называюць злучэннямі тыпу «гаспадар-госць».
Рашэцістыя К., ці інтэркалаты, існуюць толькі ў крышт. стане. Паводле формы поласці адрозніваюць К. клетачныя і слаістыя. Напр., клетачныя К. — газавыя гідраты, у якіх «гасцямі» з’яўляюцца малекулы газаў — аргон, крыптон, хлор, метал і інш., а «гаспадарамі» — малекулы вады, што ўтвараюць крышт. каркас. Знешне яны нагадваюць снег, але могуць існаваць пры дадатнай т-ры. Слаістыя К. ўтвараюцца пры ўкараненні малекул ці іонаў паміж слаямі крышталёў са слаістай рашоткай (напр., злучэнне ўключэння графіту з сернай к-той C+24HSO−4∙H2SO4). Утварэнне К. выкарыстоўваюць пры сінтэзе стэрэарэгулярных палімераў, апрасненні марской вады, захоўванні газаў і высокатаксічных рэчываў, у храматаграфіі.
В.В.Свірыдаў.
т. 8, с. 326
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)