КЛА́ЎЗІУС ((Clausius) Рудольф Юліус Эмануэль) (2.1.1822, г. Кашалін, Польшча — 24.8.1888),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл.-кар. Берлінскай АН (1876), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Берлінскі ун-т (1848). Праф. Цюрыхскага (з 1857), Вюрцбургскага (з 1867) і Бонскага (з 1869) ун-таў. Навук. працы ў галіне малекулярнай фізікі, тэорыі цеплавых машын, тэарэт. механікі і матэм. фізікі. Адначасова з У.Томсанам даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1850), увёў паняцце энтрапіі, тэарэтычна абгрунтаваў сувязь паміж зменай т-ры плаўлення (кіпення) і зменай ціску (гл.Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне). Распрацаваў тэорыю палярызацыі дыэлектрыкаў, сфармуляваў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 159—202;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 235—238.