Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАВЕ́РАНЫ, давераны,

асоба, якая афіцыйна ўпаўнаважана дзейнічаць ад чыйго-н. імя; у цывільным праве — адзін з дагаворных бакоў у дагаворы даручэння. У абавязкі П. ўваходзіць ажыццяўленне ад імя і за кошт другога боку (даверніка) пэўных юрыд. дзеянняў (напр., купля-продаж, кіраванне маёмасцю). П. можа быць дзеяздольны грамадзянін або юрыд. асоба. Дзеянні, што выконвае П., спараджаюць, змяняюць або спыняюць правы і абавязкі непасрэдна для даверніка.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РАНЫ У́ СПРА́ВАХ,

кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва малодшага ў пратакольных адносінах узроўню (місіі); малодшы клас кіраўніка дыпламат. прадстаўніцтва (адпаведна пасля пасла і пасланніка). Вызначаецца ў пагадненнях дзяржаў, што абменьваюцца дыпламат. прадстаўніцтвамі, шляхам выбару сярод класаў кіраўнікоў дыпламат. прадстаўніцтваў, якія прызнаны міжнар. звычаем і пацверджаны Венскай канвенцыяй аб дыпламат. зносінах 1961. П.ў с. акрэдытуецца пры кіраўніку ведамства замежных спраў (у адрозненне ад пасла і пасланніка, якія акрэдытуюцца пры кіраўніку дзяржавы). Адрозніваецца ад часовага паверанага ў справах, які выконвае абавязкі кіраўніка прадстаўніцтва на час яго адсутнасці.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РКА,

1) пераклічка, якая робіцца для праверкі наяўнасці людзей. Пашырана ва ўзбр. сілах (напр., вячэрняя П.).

2) Праверка сродкаў вымярэння — вызначэнне дзярж. або ведамасным метралагічным органам хібнасцей сродкаў вымярэння і ўстанаўлення іх прыдатнасці.

Адрозніваюць П.: па часе — першасную, перыядычную, пазачарговую, інспекцыйную; па шырыні ахопу — паэлементную, камплектную і незалежную (П. сродкаў вымярэння адносных велічынь). Метады П.: непасрэднае параўнанне рабочых сродкаў вымярэнняў з узорнымі сродкамі вымярэнняў і эталонамі, параўнанне з дапамогай кампаратара, па ўзорнай вымяральнай прыладзе і ўскосным вымярэнні.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ,

сіла, якая дзейнічае ў плоскасці, датычнай да паверхні падзелу 2 фаз (напр., вадкасці і яе насычанай пары) і імкнецца скараціць паверхню да мінімуму пры зададзеных аб’ёмах фаз; важнейшая тэрмадынамічная характарыстыка такіх паверхняў. Залежыць ад прыроды датычных фаз і т-ры.

Абумоўлена нескампенсаванасцю сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў паверхневым (міжфазным) слоі. Стан паверхні на мяжы 2 фаз характарызуецца каэфіцыентам П.н. σ, які роўны адносінам П.н. да даўжыні контура, што абмяжоўвае паверхню, і лікава роўны рабоце абарачальнага працэсу ўтварэння адзінкі плошчы паверхні падзелу фаз (або цел). Адзінка σ у СІньютан на метр. Напр., пры 20 °C для вады σ = 0,0728 Н/м, для ртуці σ = 0,484 Н/м. Пры павелічэнні т-ры П.н. змяншаецца і поўнасцю знікае пры крытычнай т-ры (гл. Крытычны стан).

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РХНЕВАЕ НАЦЯЖЭ́ННЕ клеткі,

адзін з фактараў, які вызначае форму клеткі і яе частак. Мае значэнне для клетак (жывёльных, некат. прасцейшых), пазбаўленых трывалай надмембраннай структуры, як, напр., у клетак раслін. Такія клеткі ў вадкім асяроддзі ў завіслым стане маюць сферычную канфігурацыю. Форма клеткі, якая прымацавана да субстрату або да інш. клетак, залежыць пераважна ад інш. фактараў (напр., ад мікратрубачак, кантактных структур). Лакальныя змены П.н. маюць значэнне ў гаструляцыі, пінацытозе, фагацытозе.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РХНЕВАЯ ІАНІЗА́ЦЫЯ, тэрмаіонная эмісія,

тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) дадатных (дадатная іанізацыя) ці адмоўных (адмоўная) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Узнікае пры награванні цел да пэўнай т-ры (тэмпературнага парога П.і.), а таксама пры ўласна выпарэнні, напр., тугаплаўкіх металаў. Выкарыстоўваецца ў крыніцах іонных пучкоў, для кампенсацыі аб’ёмнага зараду электронаў у тэрмаэлектронных пераўтваральніках і інш., закладзена ў аснову многіх метадаў вывучэння фіз.-хім. характарыстык паверхняў цвёрдых цел і ўзаемадзеяння з імі часціц.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РХНЕВАЯ СІ́ЛА ў механіцы,

сіла, прыкладзеная да пунктаў паверхні цела. Напр., атмасферны ціск на паверхню Зямлі і на ўсе целы ў атмасферы, сілы супраціўлення асяроддзя, што дзейнічаюць на рухомае цела, рэакцыі апор.

т. 11, с. 465

ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць).

Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл. Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.

Літ.:

Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;

Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.

Х.М.Александровіч.

т. 11, с. 464

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ пругкія хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з інш. асяроддзем і затухаюць пры аддаленні ад мяжы.

П.а.х. бываюць з верт. палярызацыяй — вектар вагальнага зрушэння часцінак асяроддзя ляжыць у плоскасці, перпендыкулярнай да мяжы падзелу, і з гарызантальнай — вектар зрушэння паралельны мяжы падзелу і перпендыкулярны да напрамку распаўсюджвання хвалі. Прыкладам першых служаць хвалі Рэлея, маюць 2 кампаненты мех. зрушэння часцінак: адну ўздоўж напрамку распаўсюджвання хвалі, другую перпендыкулярна да мяжы так, што часцінкі рухаюцца па эліпсе; распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з вакуумам, разрэджаным газам ці вадкасцю. Уздоўж мяжы 2 цвёрдых цел могуць распаўсюджвацца хвалі Стоўнлі, якія складаюцца як бы з 2 рэлееўскіх хваль (па адной у кожным асяроддзі). П.а.х. з гарыз. палярызацыяй, — зрухавыя хвалі Гуляева—Блюштэйна (на мяжы з п’езаэлектрычнымі матэрыяламі), хвалі Лява (на мяжы цвёрдай паўпрасторы з цвёрдым слоем).

П.а.х. выкарыстоўваюцца ў прыладах апрацоўкі радыёсігналаў, для неразбуральнага кантролю паверхні цвёрдых цел і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Звуковые поверхностные волны в твердых телах. М., 1981;

Поверхностные акустические волны: Пер. с англ. М., 1981.

В.М.Дашанкоў.

Паверхневыя акустычныя хвалі: 1 — хваля Рэлея на свабоднай мяжы цвёрдага цела; 2 — хваля Лява на мяжы цвёрдая паўпрастора — цвёрды слой; x — напрамак распаўсюджвання хвалі; w, u, v — кампаненты зрушэння часцінак асяроддзя; крывыя паказваюць змену амплітуды зрушэння з аддаленнем ад мяжы падзелу.

т. 11, с. 465

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ ВО́ДЫ,

воды сушы, якія пастаянна ці часова знаходзяцца на зямной паверхні ў вадкім (рэкі, ручаі, каналы, часовыя вадацёкі, азёры, вадасховішчы, сажалкі, балоты) або цвёрдым (ледавікі і снегавое покрыва) стане. Разам з падземнымі водамі і вільгаццю ў атмасферы складаюць водныя рэсурсы тэрыторыі.

т. 11, с. 465