МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял. Айч. вайны.
М.А.Ткачоў.
т. 10, с. 541
МСЦІСЛА́Ў ДАВЫ́ДАВІЧ (у хрышчэнні Фёдар; 1193—1230),
вялікі князь смаленскі ў 1219—30. Сын Давыда Расціславіча. Атрымаў Смаленскае княства пасля таго, як яго пакінуў кн. Уладзімір Рурыкавіч. В.М.Тацішчаў згадвае М.Д. пад 1217 і 1221 як князя полацкага. Паводле Наўгародскага 1-га летапісу малодшага зводу, захапіў Полацк 17.1.1222. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага ўпамінаецца як удзельнік заключэння гандл. дагавору 1222 з Рыгай ад імя Полацка і Віцебска. Верагодна, у той час М.Д. трымаў гэтыя гарады або яны знаходзіліся ў залежнасці ад яго. Заключыў дагавор 1229 з Рыгаю і Гоцкім берагам ад імя Смаленска, Віцебска і Полацка.
А.В.Іоў.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (?—1069),
полацкі князь, сын кіеўскага вял. кн. Ізяслава Яраславіча, адзін з кіраўнікоў задушэння Кіеўскага паўстання 1068—69. На чале сваёй дружыны ўварваўся ў горад, загадаў пакараць смерцю найб. актыўных паўстанцаў, а некат. асляпіць. У 1069, пасля перамогі над кн. Усяславам Брачыславічам, атрымаў ад бацькі княжацкі прастол у Полацку, дзе неўзабаве і памёр.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў РАМА́НАВІЧ (у хрышчэнні Барыс, мянушка Стары; ? — 1223),
князь. Сын вял. князя кіеўскага Рамана Расціславіча (? — 1180), які, паводле В.М.Тацішчава, «пакінуў пасля сябе сына Мсціслава, якому збудаваў горад Мсціслаў у вобласці Смаленскай і там загадаў яму пад уладаю стрыя яго быць». У 1197 Давыд Расціславаіч завяшчаў яму Смаленск, у якім М.Р. княжыў да 1212—14. У 1210 заключыў гандл. дагавор з Рыгай. Паміж 1212—14 захапіў Кіеў, у 1219 перайшоў на княжанне ў Галіч, а кіеўскі пасад перадаў Уладзіміру Рурыкавічу. Пазней вярнуўся княжыць у Кіеў. Загінуў у бітве з мангола-татарамі на р. Калка.
А.А.Мяцельскі.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў СВЯТАПО́ЛЧЫЧ (? — 12.6.1099),
князь уладзіміра-валынскі. Сын вял. кн. кіеўскага Святаполка Ізяславіча. У «Аповесці мінулых гадоў» яго гібель датавана 1097 і 12.6.1099, калі кн. Давыд Ігаравіч аблажыў Уладзімір-Валынскі і М.С. быў смяротна паранены стралою на сценах горада (паводле В.М.Тацішчава, гэта падзея адбылася 12.7.1099). М.С., верагодна, валодаў Брэстам, Пінскам і Вышгарадам, бо дружыны з гэтых гарадоў таксама ўдзельнічалі ў абароне Уладзіміра-Валынскага.
А.В.Іоў.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Храбры
(? — 1036),
старажытнарускі князь тмутараканскі (з 988) і чарнігаўскі (з 1023). Сын вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. У 1016 змагаўся з хазарамі, у 1022 заваяваў касогаў. У 1024 нанёс паражэнне брату — кн. Яраславу Мудраму і стаў незалежным уладаром усх. ч. Кіеўскай Русі да р.Дняпро, што пацверджана дагаворам 1026 паміж братамі. У 1031 разам з Яраславам зрабіў ваен. паход на Польшчу. Пасля смерці М.У. яго ўладанні адышлі да Яраслава Мудрага.
т. 10, с. 537
МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,
князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.
т. 10, с. 537