Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУКІ́Н (Павел Пятровіч) (14.1.1769—22.11.1826),

расійскі архітэктар. Да 1788 вучыўся ў Пецярбургскай АМ. У 1786 працаваў у Ч.Камерона. У 1803—05 Гродзенскі губернскі архітэктар. Аўтар праектаў мураванага моста цераз Нёман і ратушы (пабудавана ў 1807), фіксацыйных чарцяжоў стараж. пабудоў у Гродне.

т. 9, с. 364

ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах. ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс. г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.

В.Ф.Вінакураў.

т. 9, с. 364

ЛУКІ́РСКІ (Пётр Іванавіч) (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),

расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АН СССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).

Літ.:

П.И.Лукирский. М., 1959;

Физики о себе. Л., 1990. С. 192—199.

П.І.Лукірскі.

т. 9, с. 364

ЛУКІЯ́Н (Lukianōs; каля 125, г. Самсат, Турцыя — 180-я г.),

старажытнагрэчаскі пісьменнік-сатырык. Захаваліся 84 яго творы (аўтарства некаторых спрэчнае), што адлюстроўваюць крызіс ідэалогіі ант. грамадства. Развіваючы традыцыі ант. камедыі і меніпавай сатыры, стварыў жанр сатыр. дыялогу. Пісаў пародыі на сафістычную дэкламацыю («Пахвала мусе», «Настаўнік красамоўства»), высмейваў алімп. багоў («Размовы багоў», «Праметэй, ці Каўказ»), паказваў мізэрнасць жыццёвых даброт, марнасць усяго на свеце («Размовы ў царстве мёртвых», «Харон», «Меніп»), рабіў выпады супраць сац. несправядлівасці («Нігрын»), крытыкаваў ранняе хрысціянства, развенчваў веру ў забабоны, містычныя пераўтварэнні («Аляксавдр, ці Лжэпрарок», «Пра смерць Перэгрына», «Аматар хлусні, ці Нявер»). Аўтар сатыр на тагачасныя гістарыяграфію «Як трэба пісаць гісторыю», на фантастыку папулярных раманаў «Праўдзівая гісторыя» і інш. Яго творчасць паўплывала на асветніцкую л-ру Еўропы.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1962;

Избр. проза. М., 1991.

С.Дз.Малюковіч.

т. 9, с. 364

ЛУКНО́,

старажытная мера (адзінка) масы мёду. Упамінаецца ў бел. пісьмовых помніках да 17 ст. У розных крыніцах прыводзяцца розныя лікавыя значэнні Л.: 10 пудоў або 50 фунтаў, якія адрозніваюцца прыкладна ў 10 разоў. Л. было таксама адзінкай штогадовай мядовай даніны.

т. 9, с. 364

ЛУКО́МКА, Лукамка, Уюнок,

рака ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., правы прыток р. Ула (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 53 км. Пл. вадазбору 831 км2. Выцякае з Лукомскага возера каля г. Новалукомль, цячэ ўздоўж усх. ускраіны Лукомскага ўзв. па Чашніцкай раўніне. Асн. прыток — р. Югна (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 400—600 м, у ніжнім цячэнні да 5 км. Пойма перарывістая, у вярхоўі і вусцевай ч. забалочаная, шыр. да 1,6 км. Рэчышча моцназвілістае. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,4 м³/с. Каля в. Рудніца Лукомскае вадасховішча.

т. 9, с. 364

ЛУКО́МЛЬ, Лукамля,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля р. Лукомка, на аўтадарозе Чашнікі—Навалукомль. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 20 км на Пд ад горада і 17 км ад чыг. ст. Чашнікі, 115 км ад Віцебска. 545 ж., 215 двароў (1999).

Узнік у 9 ст. як крэпасць крывічоў. Упершыню ўпамінаецца ў 1078 у «Павучанні» Уладзіміра Манамаха пры апісанні паходу на Усяслава Брачыславіча. З 12 ст., магчыма, цэнтр удзельнага Лукомскага княства. З 14 ст. ў складзе ВКЛ. У 14—16 ст. належаў князям роду Лукомскіх, у гэты перыяд існаваў Лукомскі замак. У 1386 пасля доўгай асады ўзяты Андрэем Альгердавічам. У 1397 выхадцы з Вільні заснавалі тут Мікалаеўскі манастыр. У Лівонскую вайну 1558—83 замак у Л. разбураны Іванам IV Грозным (1563). У 17—18 ст. мястэчка ў Аршанскім, з 1793 — у Сенненскім пав. Магілёўскай губ. У 1886—536 ж., 87 двароў, царква, касцёл, яўр. малітоўны дом, школа, 7 крам, кірмаш. З 20.8.1924 у Чарэйскім р-не Барысаўскай акругі, з 9.6.1927 у Аршанскай акрузе, з 8.7.1931 у Чашніцкім р-не, з 20.2.1938 у Віцебскай вобл.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Л. комплекс археал. помнікаў — гарадзішча, селішчы, курганны могільнік.

Знаходкі з гарадзішча Лукомль: 1 — касцяны шахматны ферзь, 2 — залатая ажурная пацерка.

т. 9, с. 364

ЛУКО́МСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., каля в. Рудніца. Створана на р. Лукомка ў 1951. Пл. 0,38 км2, даўж. 3 км, найб. шыр. 120 м, найб. глыб. 6,2 м, аб’ём вады 1,1 млн. м³. Берагі ў вярхоўі спадзістыя, у нізоўі абрывістыя, выш. 10—15 м. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт (Лукомская ГЭС).

Ф.М.Ашэраў.

т. 9, с. 364

ЛУКО́МСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лукамль. У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, за 18 км на Пд ад г. Чашнікі, каля зах. ускраіны г. Новалукомль.

Пл. 36,7 км2, даўж. 10,4 км, найб. шыр. 6,5 км, найб. глыб. 11,5 м, даўж. берагавой лініі 36,4 км. Пл. вадазбору 179 км2. Схілы катлавіны выш. 4—5 м (на Пн і ПнЗ да 15 м), разараныя, на Пд і 3 параслі лесам, месцамі хмызняком. У паўн. ч. возера 2 вял. залівы. Берагі нізкія, месцамі пад хмызняком, на 3 і ПдЗ абразійныя, выш. 1—2 м. На Пн 5 астравоў агульнай пл. 0,7 км2. Дно са шматлікімі мелямі, да глыб. 5—6 м выслана пясчанымі адкладамі, ніжэй — сапрапелем.

З 1969 возера выкарыстоўваецца як ахаладжальнік Лукомскай ДРЭС. Вада вяртаецца падагрэтай на 8—12 °C, што значна ўплывае на прыродныя працэсы; бязлёдавы перыяд павялічыўся на 2 месяцы. Ледастаў з 2-й пал. снеж. да сярэдзіны сак.. да 30% паўн.-ўсх. ч. возера не замярзае. Скідванне вады і ветравое яе перамешванне ў возеры павялічваюць аэрацыю. Багаты раслінны і жывёльны свет. На зах. беразе дзіцячы аздараўленчы лагер і прафілакторый.

Лукомскае возера.

т. 9, с. 364

ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.В.Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял. кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.

Літ.:

Насевіч В.Л. Лукомль і Лукомльская воласць // Гіст.-археал. зб. Мн., 1994. № 4.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 365