Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУГАПА́РК,

парк, які арганізуецца ў поймах рэк ці на берагах азёр для кароткачасовага адпачынку ва ўмовах, блізкіх да натуральнага асяроддзя. Для Л. характэрна перавага адкрытых прастораў з раскрыццём панарам на далёкія адлегласці.

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКІ́ (Сяргей Іванавіч) (н. 29.6.1912, г. Жытомір, Украіна),

бел. вучоны ў галіне горнай справы і прамысл. экалогіі. Д-р тэхн.н., праф. (1956). Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1937). З 1972 у Полацкім ун-це. Навук. працы па аэрадынаміцы вентыляцыі грамадз. прамысл. будынкаў і спецзбудаванняў, рудніковай вентыляцыі, ачыстцы прамысл. паветраных выкідаў.

Тв.:

Проветривание глубоких рудников. М., 1962;

Совершенствование разработки и вентиляции рудников. М., 1968 (у сааўт);

Совершенствование систем промышленной вентиляции. М., 1991 (разам з Г.К.Дымчуком).

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКО́Й (Дзмітрый Іванавіч) (17.11. 1918, г. Віцебск — 2.5.1989),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1938), Чкалаўскую школу пілотаў (1941). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Каўказскім, Паўн.-Каўказскім, 2-м Прыбалт. франтах. Камандзір эскадрыллі штурмавікоў капітан Л. зрабіў 130 баявых вылетаў, знішчыў 10 танкаў, 26 артыл. гармат і бронемашын, 80 аўтамашын з жывой сілай і грузам, нанёс значныя страты камунікацыям ворага. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 357

ЛУГАЎСКО́Й (Уладзімір Аляксандравіч) (1.7.1901, Масква — 5.6.1957),

расійскі паэт. Скончыў Ваенна-пед. ін-т (1921). Друкаваўся з 1924. Да 1930 удзельнік Ліг. цэнтра канструктывістаў (гл. ў арт. Канструктывізм), што паўплывала на рацыянальны пафас ранняй паэзіі (зб-кі «Бліскавіцы», 1926; «Мускул», 1929). Аўтар зб-каў вершаў «Пакуты маіх сяброў» (1930), «Еўропа» (1932), кн. паэм «Жыццё» (1933), паэт. эпапеі «...Бальшавікам пустыні і вясны» (кн. 1—3, 1931—48), зб. артыкулаў «Роздум пра паэзію» (1960) і інш. У творах апошніх гадоў (зб-кі «Сонцаварот», 1956; «Сіняя вясна», апубл. 1958, і інш.) філас. асэнсаванне гісторыі. Кн. філас. паэм на аўтабіягр. аснове «Сярэдзіна стагоддзя» (апубл. 1958) ахоплівае найб. важныя падзеі сярэдзіны 20 ст. У зб. «Новыя вершы» (1941) цыкл вершаў «Ноч пад Маладзечна» пра вызваленне Зах. Беларусі ў 1939. На бел. мову асобныя вершы Л. пераклалі С.Дзяргай, Х.Жычка, А.Звонак.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1988—89;

Ответственность перед эпохой: Лит.-критич. статьи и выступления. М., 1988.

Літ.:

Страницы воспоминаний о Луговском. 2 изд. М., 1981.

Дз.І.Лугаўской.

т. 9, с. 357

ЛУ́ГВЕН, Лугвень, Лінгвен,

Лангвен (у праваслаўі Сямён; каля 1355—1431),

князь, сын Альгерда. Разам з інш. князямі падпісаў Крэўскую унію 1385. У 1389—92 і 1407—12 князь у Вял. Ноўгарадзе, з 1392 валодаў Мсціслаўскім княствам. Удзельнічаў у войнах ВКЛ з рус. княствамі, у Мсціслаўскай бітве 1386 з вял. князем смаленскім Святаславам, захапіў Вязьму, Смаленск, Варатынск. На чале мсціслаўскай, аршанскай і смаленскай харугваў вызначыўся ў Грунвальдскай бітве 1410. У 1430—31 у барацьбе Свідрыгайлы з Жыгімонтам Кейстутавічам за трон падтрымліваў першага. Заснаваў каля Мсціслава Ануфрыеўскі манастыр. Родапачынальнік князёў Мсціслаўскіх.

А.В.Белы.

т. 9, с. 357

ЛУГО́ЎСКІ (Мікалай Пятровіч) (14.12. 1911, в. Равуча Талачынскага р-на Віцебскай вобл. —25.6.1944),

Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. батальёна капітан Л. вызначыўся ў 1944 пры вызваленні Віцебскай вобл.: 23 чэрв. батальён на чале з ім прарваў абарону ворага, заняў в. Гуркі і Ермакі, выйшаў у тыл праціўніка, адбіў 9 контратак, вызваліў в. Крупчына і Засіннікі. 24 чэрв. фарсіраваў Зах. Дзвіну, захапіў плацдарм, выйшаў на шашу Віцебск—Бешанковічы, дзе злучыўся з падраздзяленнямі войск 3-га Бел. фронту. Л. загінуў у баі.

М.П.Лугоўскі.

т. 9, с. 357

ЛУД (Мікалай Рыгоравіч) (3.1.1947, в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі і анкалогіі. Д-р мед. н., праф. (1992). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1971), працуе ў ім (з 1993 заг. кафедры). Навук. працы па анкалогіі, хірургіі страўніка і кішэчніка.

Тв.:

Клиника и лечение синдрома укороченного кишечника. Мн., 1988 (разам з І.М.Сіпаравым), Ультразвуковая диагностика в медицине. Витебск, 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 357

ЛУДЖЭ́ННЕ,

пакрыццё волавам металічных (пераважна стальных і медных) вырабаў і паўфабрыкатаў (стужкі, ліста, дроту) для аховы іх ад карозіі або каб аблегчыць працэс паяння. Робіцца апусканнем прадмета ў расплаўленае волава, у раствор, у якім ёсць волава, або ў электраліт (пры Л. электролізам) з наступным аплаўленнем у масляных ваннах, пячах ці індуктарах. Перад Л. выраб ачышчаюць, а паверхню, якая апрацоўваецца, пратраўліваюць кіслатой.

т. 9, с. 358

ЛУДЗІ́ТЫ (англ. Luddites),

удзельнікі стыхійных рабочых выступленняў у Англіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. супраць укаранення ў прамысловасць машын, якія яны лічылі прычынай свайго гаротнага становішча. Назва ад імя легендарнага рабочага Н.Луда, які нібыта першы зламаў свой станок. Рух Л. пачаўся каля 1760 у гарадах Шэфілдзе і Нотынгеме і ў пач. 19 ст. ахапіў амаль усю Англію. Яны нападалі на фабрыкі і знішчалі машыны, асабліва ткацкія. Нягледзячы на ўвядзенне ўрадам у 1769 і ў 1812 смяротнага пакарання для Л., іх рух працягваўся да 1830-х г.

т. 9, с. 358

ЛУДХІЯ́НА,

горад у Паўн. Індыі, у штаце Пенджаб, на р. Сатледж. Засн. ў 1480. Каля 700 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Трансп. вузел і гандл.-прамысл. цэнтр штата Пенджаб. Прам-сць: тэкст., металаапр., машынабудаўнічая. Ручное ткацтва. С.-г. ун-т.

т. 9, с. 358